Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страціўшы працу, беларуская гід у Гішпаніі вырашыла працаваць на вінаградніках


Вольга Ўлевіч, архіўнае фота.
Вольга Ўлевіч, архіўнае фота.

Беларуская журналістка Вольга Ўлевіч, якая апошнія 8 гадоў працавала гідам у Каталёніі, вырашыла з прычыны пандэміі зьмяніць сфэру дзейнасьці — працаваць на зямлі ў сельскай гаспадарцы. Паводле Вольгі, гэта цяпер вельмі запатрабаваная праца, бо з прычыны COVID-19 у Гішпанію ня змогуць прыехаць сэзонныя работнікі. Пандэмія падштурхнула Вольгу інакш паглядзець на многія рэчы і пераасэнсаваць, што для яе насамрэч важна ў жыцьці.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Межы закрытыя, ніхто не прыедзе, а патрабуецца на гэтыя працы каля 300 тысяч чалавек»

Вольга Ўлевіч тлумачыць, што праз пандэмію сёлета ў Гішпанію не прыедуць работнікі з Марока, Румыніі, Баўгарыі, Украіны ды іншых краінаў, якія традыцыйна працавалі па сэзонных кантрактах у сельскай гаспадарцы.

Вольга Ўлевіч на карантыне
Вольга Ўлевіч на карантыне

— У фэрмэрскіх гаспадарках ня трэба круглы год трымаць шмат работнікаў. Звычайна ў Гішпаніі фэрму трымае сям’я, і дадатковыя рукі патрэбныя толькі тады, калі прыходзіць сэзон збору трускалак, вінаграду, алівак, пэрсікаў. Сёлета межы закрытыя, ніхто не прыедзе, а патрабуецца на гэтыя працы каля 300 тысяч чалавек. Гэтая абвестка мяне вельмі натхніла. І пытаньне нават ня ў грошах. Так надакучыла сядзець дома на гэтым карантыне! Сапраўды, гэты каранавірус так «чысьціць», што вяртае цябе да самых простых і чыстых рэчаў. А што ёсьць больш простае, чым сама прырода, чым зямля?

Вольга Ўлевіч жыве ў невялікім гарадку ля Жыроны, навокал у радыюсе 100 кілямэтраў вельмі шмат вінаграднікаў, аліўкавых гаёў, садоў, дзе вырошчваюць яблыкі, грушы, сьлівы, пэрсікі і абрыкосы.

— Улады ўжо кінулі кліч і ўсім нелегалам, хто не пасьпеў выехаць з Гішпаніі. Ім аформяць дазвол на працу, і яны змогуць там працаваць, і да таго ж атрымліваць разам з заробкам дапамогу ў сувязі з пандэміяй.

Вольга Ўлевіч, архіўнае фота.
Вольга Ўлевіч, архіўнае фота.

Я ведаю многіх вінаробаў і сыраробаў. Я з гэтымі людзьмі працавала як гід, я да іх прывозіла турыстаў, мы рабілі дэгустацыі і пікнікі сярод вінаграднікаў. І мне заўсёды хацелася пагрузіцца ў гэта глыбей. Я ведаю маіх аднагодкаў Марту і Хасэ, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў аграрнай галіне, купілі вінаграднікі, і іх жыцьцё праходзіць у тым, што яны гадуюць дзяцей і вырошчваюць вінаград. У іх 19 гатункаў вінаграду, зь якога яны робяць 10 гатункаў віна. Будуюць сыраварню. Гэта вельмі станоўчае і плённае жыцьцё. Любая іх бутэлька віна — шэдэўр, і каштуе даступна — 7, 8, 11, 12 эўра. Я заўсёды зайздросьціла гэтым людзям.

«Для мяне экскурсіі ў Барсэлёну былі пеклам, а любы візыт на вінаграднікі — рэляксацыяй»

Вольга Ўлевіч запоўніла тры анкеты для ўладкаваньня на працу ў сельскай гаспадарцы. У Гішпаніі сельскагаспадарчая асацыяцыя кантралюе прыежджых работнікаў.

— Усе яны навучаныя, як абразаць, як зьбіраць вінаград. У іх ёсьць усе патрэбныя даведкі. І гэтыя месцы вызваліліся. У анкетах я пазначала, што хацела б працаваць у Каталёніі, непадалёк ад Жыроны. Хоць, калі шчыра, мне ўсё роўна, дзе працаваць. Ёсьць розныя вакансіі. Можна кіраваць загрузкай, разгрузкай, лягістыкай, весьці адміністрацыйныя справы. Але я хацела б працаваць на зямлі.

Вольга цяпер пачала інакш глядзець на сваю працу гідам.

Вольга Ўлевіч у даліне Рыоха. Архіўнае фота.
Вольга Ўлевіч у даліне Рыоха. Архіўнае фота.

— Для мяне экскурсіі ў Барсэлёну былі пеклам — заторы, трафік, паркоўкі, штрафы, паліцыя, натоўпы іншых турыстаў, у тым ліку кітайцаў, якія заўсёды былі ў масках. Гэта цяпер увесь сьвет у масках, а кітайцы ў іх былі заўсёды. А любы візыт на вінаграднікі — гэта рэляксацыя. Я адпачывала падчас працы з экскурсіямі па вінаградніках. Мяне туды заўсёды цягнула.

Наша даліна Эмпорда, дзе я хачу працаваць, гэта як Таскана. Там цудоўныя віны, сыры, аліўкі, мёд, мармэляд. Гэта рай. Я і жыць там хачу. Я жыву ў невялікім гарадку, і ўсё ж пэйзаж вакол мяне гарадзкі, хоць гэта і не Барсэлёна. А мне хацелася б жыць, як на хутары, як каталёнцы жывуць у аграмадных вясковых каменных дамах, якія будаваліся стагодзьдзямі.

«Калі толькі пачалася пандэмія, мне стала вельмі цікава жыць»

Вольга Ўлевіч кажа, што будзе зарабляць там ня больш за 500–600 эўра, што для Гішпаніі вельмі мала.

— Але я спадзяюся, што гэта нешта зьменіць і я напоўнюся іншай энэргіяй. Усе гэтыя гады я сябе бязьмежна і бяздумна аддавала. Многія турысты з постсавецкай прасторы, прычым ня самыя багатыя людзі — як я іх называю, няўпэўненыя топ-мэнэджары — падчас экскурсій «высмоктваюць» так, што я часам тыднямі аднаўлялася пасьля складаных кліентаў. І мяне гэтая таксычнасьць стаміла.

Як ні дзіўна, калі толькі пачалася пандэмія, мне стала вельмі цікава жыць. Я зноў уключыла тэлевізар, і мне ўсё цікава. Я жыву як у нейкім кіно. Ранейшае жыцьцё — гэта былі бясконцыя паўторы. На нейкім этапе зноў інфляцыя, ізноў выбары прэзыдэнта, ізноў палітвязьні. Мяне гэта стамляе, я губляю інтарэс, і нішто не прымушае мяне гэтым цікавіцца.

Я яшчэ не да канца ўсьвядоміла, што я страчу абсалютна ўсю працу, таму што самалёты не паляцяць, турызм будзе толькі мясцовы. Напэўна, каб падстрахавацца, я зраблю сайт экскурсіі на гішпанскай мове. Але гішпанцы ня так прагнуць гэтага, у іх па-іншаму будуецца турызм. Яны прыяжджаюць у невялікі гарадок, селяцца ў малым гатэлі, прыгожа апранаюцца, ідуць на добрую вячэру, выпіваюць келіх віна. І ўсё.

Экскурсіі патрэбныя нашым, бо мы зь іншай культурнай прасторы і эпохі. У нас не было перакрыжаваньня з Гішпаніяй гістарычна. Калі нашы прыляталі ў Міжземнаморʼе, то тут было ўсё па-іншаму, і патрабаваўся праваднік, які можа даць адказы на многія пытаньні. Гішпанцам гэтыя адказы не патрэбныя. Яны адсюль.

Ня думаю, што я змагу зарабіць на жыцьцё на экскурсіях для гішпанцаў, але паспрабую, прынамсі. Гішпанія — цудоўная краіна для вялікага падарожжа на адзін, два і тры тыдні. Калі ўнутраны турызм тут будзе дазволены, я пастараюся арганізаваць туры па Гішпаніі. А цяпер я буду працаваць на зямлі, сілкавацца энэргіяй зямлі і людзей, якія ўмеюць жыць на ёй.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG