Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пазьбегнуць памылак і стрэсу падчас адпачынку. Раяць прафэсіяналы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як правільна арганізаваць падарожжа і якіх памылак можна пазьбегнуць падчас адпачынку? Парадамі дзеляцца Лілія Кобзік, рэдактар сайту Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый TOURSOYUZ.BY, Галіна Навумчык, гід-экскурсавод па Эўропе, выкладчыца гісторыі Чэхіі і гісторыі Заходняй Эўропы, і Вольга Ўлевіч, кіраўніца турыстычнай фірмы Carmen tour, якая арганізуе падарожжы па Каталёніі і Гішпаніі.

Што важна ведаць?

Галіна Навумчык: Плянуйце адпачынак камфортным, не перанасычайце праграму. Не купляйце ў Чэхіі прадукты з марыхуанай і абсэнт як сувэніры. Пазьбягайце канфліктаў і рукапрыкладзтва, асьцерагацца кішэнных крадзяжоў.

Вольга Ўлевіч: Не плянуйце адпачынак у Эўропе ў жніўні, не злоўжывайце віном, сонцам і морам, не напружвайцеся, пазьбягайце рэстарацый у турыстычных месцах.

Лілія Кобзік: Загадзя аформіце візу ці рэзэрвуйце аграсядзібу. Праверце надзейнасьць турфірмы, пазьбягайце рызыкоўных пералётаў праз Кіеў, зьвярніце ўвагу на вылеты з рэгіянальных беларускіх аэрапортаў.

«Звычайная памылка турыстаў у Чэхіі — перанасычанасьць праграмы»

Ганна Соўсь: Як найлепей арганізаваць падарожжа і адпачынак? Што трэба ўлічыць, вывучыць, падлічыць і заплянаваць? Галіна, давайце засяродзімся на падарожжах у рэгіёне, дзе працуеце вы — Чэхія і Цэнтральная Эўропа.

Галіна Навумчык.
Галіна Навумчык.

Галіна Навумчык: Лета ў Чэхіі надзвычай гарачае. Лічыцца, што ў нас тут спакойны клімат, але тут вельмі горача, таму пры падарожжы ў Чэхію сёлета вельмі раю з сабой браць крэм для загару. Зараз вельмі шмат падпаленых людзей на вуліцах Прагі, бо людзі не разьлічылі гэта, што будзе так горача. А хадзіць па вуліцах вы будзеце шмат.

Трэба плянаваць паездкі так, каб было камфортна. Звычайная памылка турыстаў, якія прыяжджаюць у Чэхію, гэта перанасычанасьць праграмы. Заплянуюць сабе вельмі-вельмі шмат, стамляюцца, і гарачае надвор’е спрыяе гэтаму. А пасьля халоднага піва можна і захварэць. Маё пажаданьне наступнае — разьлічвайце на тое, што тут горача, і плянуйце свой адпачынак камфортным, каб гэта быў сапраўды адпачынак, нягледзячы на экскурсійную праграму, якую, канешне, таксама ўсім раю.

«Індывідуальныя перасоўваньні па Эўропе не плянуйце на жнівень»

Вольга Ўлевіч.
Вольга Ўлевіч.

Вольга Ўлевіч: Усе ведаюць, што калі едзеш на мора, трэба ўзяць панамку. Мне здаецца, галоўная памылка — прыяжджаць у жніўні. У жніўні ўсё вельмі дорага і натоўпы народу, перанасычаныя пляжы, чэргі ў крамах, коркі на дарогах.

Ёсьць два віды адпачынку — арганізаваны тур-апэратарам адпачынак, дзе ў пакеце ёсьць пералёт, трансфер, гатэль і харчаваньне. Тут апэратар вырашыць за вас усе праблемы. Гэта нармальны від адпачынку і самы танны на самай справе, але вы будзеце адчуваць сябе на кожным этапе крыху ізаляванымі. Вы жыцьцё краіны не пабачыце. Ваш тур-апэратар прывязе вас літаральна як груз, дзесьці паселіць, дзесьці пакорміць, але ў вас ня будзе кантакту з краінай.

Ваш тур-апэратар прывязе вас літаральна як груз, дзесьці паселіць, дзесьці пакорміць, але ў вас ня будзе кантакту з краінай

Другі тып падарожжа — самастойны. Так, тур-апэратар вас у жніўні гэтак жа прывязе, вы магчыма гэтага і не заўважыце. Але калі вы самастойна зьбіраецеся ехаць у Гішпанію, у Італію, у Францыю, у Нямеччыну, то амаль ва ўсіх краінах Эўропы ў жніўні людзі пачынаюць сыходзіць у татальныя адпачынкі, ажно да таго (я гэта бачу кожнае лета), што на трасе чэргі. Людзі едуць на мора, у рэгіёны, дзе віннае сьвята, дзе нейкі маскарад, і стаяць па сьпёцы чэргі з машын. Дасьведчаныя падарожнікі ўжо з гэтым сутыкаліся.

Зачыняюцца фабрыкі ў Гішпаніі, Італіі, Францыі, зачыняюцца офісы, дзеці ня ходзяць у школу, усе людзі адпачываюць. Не плянуйце на жнівень свае індывідуальныя перасоўваньні па Эўропе. Пачынаецца вучоба ў верасьні ў эўрапейскіх школьнікаў, у кагосьці з 1, у кагосьці з 15 верасьня. Каб пабачыць жыцьцё краіны, а ня шалёнае жыцьцё адпачываючай краіны, я б наогул па Гішпаніі падарожнічала зімой. Тут зімнія тэмпэратуры таксама камфортныя. Яшчэ ў кастрычніку і ў лістападзе можна акунуцца ў моры. А калі чыста пляжны адпачынак, тады, канешне лета. А дзеля азнаямляльнага адпачынку, і каб крыху захапіць купаньне ў дзікай бухце, і ня трэба ехаць у Гішпанію ў жніўні, гэта магчыма зрабіць у любы час году.

Трэба падыходзіць да плянаваньня, асабліва экскурсійнай праграмы, з большым рэлаксам

Трэба выразна ведаць, што вы хочаце ад адпачынку. Галіна слушна сказала, што часам перанасычаная праграма і людзі плянуюць сабе вельмі шмат. Трэба выразна разумець таймінг у падарожжы. Часам мне турысты гавораць: «Мы хочам сёньня пабачыць Барсэлёну, Жырону, наведаць вінаграднікі і можа быць нешта яшчэ». Не! Нешта адно. Па-ранейшаму на адпачынку 24 гадзіны на суткі, па-ранейшаму ёсьць сьвятлафоры, праблемы з паркоўкай, чалавек ходзіць з такой жа хуткасьцю, як і ў той час, калі ён працуе.

Трэба падыходзіць да плянаваньня, асабліва экскурсійнай праграмы, з большым рэлаксам. Пакінуць час на форс-мажор, пакінуць час на перакус. А ня тое, што «мы хочам пабачыць усё». Немагчыма. Я разумею, што нашы людзі прыяжджаюць галоднымі да ўражаньняў, хочуць пабачыць усё, часу мала, два тыдні гэта наогул вельмі кароткі пэрыяд, каб пабачыць такую краіну як Гішпанія.

«Паток турыстаў, якія выяжджаюць зь Беларусі на мора, за мяжу, скараціўся»

Ганна Соўсь: Лілія, вы шмат гадоў працуеце ў турыстычнай сфэры, і добра ведаеце, як гэты, як вобразна сказала Вольга, «груз» адпраўляецца на адпачынак. Ці маглі б вы даць парады, як найлепш заплянаваць адпачынак і ў самой Беларусі, і па найбольш папулярных маршрутах для жыхароў Беларусі?

Лілія Кобзік.
Лілія Кобзік.

Лілія Кобзік: Чамусьці сёлета я ня бачу так многа загарэлых людзей, як гэта было ў мінулыя гады. З чаго, напэўна, можна зрабіць выснову, што паток турыстаў, якія выяжджаюць зь Беларусі на мора, за мяжу, скараціўся. У нас звычайна ў траўні пачыналі масава хадзіць па вуліцах вельмі прыгожыя шакалядныя дамы. Вось гэтага чамусьці няма.

Ганна Соўсь: А, можа быць, зараз такія тэндэнцыі, што людзі больш клапоцяцца пра здароўе, добра мажуцца крэмам, не загараюць спэцыяльна, а сядзяць пад парасонамі?

У нас добрае надвор’е, а дзе нам адпачываць?

Лілія Кобзік: Не, мне здаецца, у нас проста стала менш грошай. Такая тэндэнцыя ёсьць. Галоўная парада — усё-такі клапаціцца пра візу. Можа быць яна крыху запаздалая, таму што гэта трэба было крыху раней рабіць, вясной. Але каб вы ведалі, што ў нас робіцца ў візавых цэнтрах... У нас жа зараз візы адкрываюць у асноўным у візавых цэнтрах, менш у амбасадах. У польскай — не прабіцца. Людзі з Менску едуць у Баранавічы ў візавы цэнтар, яшчэ іншыя шляхі шукаюць. У італьянскім таксама нейкія праблемы. Грэцкай амбасады ў нас няма, значыць у іншых візавых цэнтрах адкрываюць альбо ў Маскве. Праблема візы ў нас застаецца. Многія кажуць, што ўжо палова краіны абзавялася вось гэтымі «мульцікамі», насамрэч гэта ня так. Калі наступае сэзон, гэта заўсёды праблема — выехаць за мяжу, атрымаць візу своечасова.

А для тых, хто застаецца ў Беларусі, праблемай будзе забраніраваць аграсядзібу. У нас добрае надвор’е, а дзе нам адпачываць? Гатэльны бізнэс у нас дагэтуль так і не разьвіўся. Застаюцца аграсядзібы і санаторыі, якія ўсё-такі прызначаныя для таго, каб там лячыцца. Калі вы хочаце, як раіць Вольга, у жніўні не зьяжджаць у перанасычаную Гішпанію, а напрыклад адпачыць дзе-небудзь на Браслаўшчыне, а акрамя як у аграсядзібах вы нідзе не адпачняце, то трэба паклапаціцца, каб яе забраніраваць. Гэтых аграсядзібаў проста на выходныя не хапае. У нас у турыстычных зонах проста бяда з гатэлямі — на Нарачы адзін, які абанкруціўся, на Браславе адзін гатэль, і ўсё — застаюцца толькі аграсядзібы.

«Не купляйце прадукты з марыхуанай»

Ганна Соўсь: Якіх памылак падарожніка варта пазьбегнуць? Што павінна быць табу? Як прадухіліць небясьпекі?

Галіна Навумчык: Першае табу — не купляць прадукты з марыхуанай. У Чэхіі такія прадукты дазволеныя, гэта можа быць гарбата ці які-небудзь напой. І паколькі гэта на кожным кроку тут прадаецца, ёсьць уражаньне, што гэта можна прывезьці і ў якасьці падарунку. А такія падарункі на ўезьдзе ў Беларусь будуць для вас вельмі небясьпечныя.

Турысты ў Празе
Турысты ў Празе

Чэхія — краіна абсэнту. Вы можаце пакаштаваць гэты алькагольны напой тут у абсэнтэрыях, яны тут на кожным кроку, вас тут навучаць, як гэта правільна зрабіць, але купіць бутэльку абсэнту і ўвезьці ў іншую краіну таксама можа быць пагрозай на мяжы, там, дзе такія прадукты забароненыя.

Чаго тут трэба пазьбягаць? Найперш канфліктаў, рукапрыкладзтва. Нашы людзі вельмі часта разьбіраюцца такім спосабам. Гэта можа быць проста для турыста зь Беларусі і Расеі, а для Эўропы гэты канфлікт можа скончыцца арыштам і вялікімі непрыемнасьцямі. Гэта можа каштаваць пазбаўленьня візы, уезду ў Эўразьвяз на наступныя 10 гадоў.

Чаго тут трэба пазьбягаць? Найперш канфліктаў, рукапрыкладзтва

У Празе таксама трэба пазьбягаць наведваньня адмысловых месцаў, якія зьвязаныя, мякка скажу, з абслугоўваньнем прыгожымі жанчынамі. Звычайна гэта суправаджаецца алькагольнымі напоямі, і часам у гэтых алькагольных напоях аказваецца клафелін, пасьля чалавек дзяўчыну да сябе прыводзіць у нумар, і раніцай у гэтым нумары можна нічога не знайсьці. Гэта крымінальныя рэчы, якія адбываюцца, паліцыя гэта кантралюе.

Вельмі часта кішэнныя крадзяжы бываюць у вялікім натоўпе, пра гэта заўсёды папярэджваюць і ў гатэлях. Я, напрыклад, калі працую са сваімі турыстамі, абавязкова пра гэта нагадваю. Яшчэ ў Празе ёсьць адна небясьпечная рэч апошнім часам — гэта трамваі. Вельмі шмат адбываецца здарэньняў, аварыяў, інваліднасьцяў, асабліва ў турыстаў. Трамваі тут езьдзяць хутка, і іх трэба прапускаць. Шмат-шмат яшчэ можа быць такіх бытавых папярэджаньняў.

«Спалучэньне сонца і віна дастаткова небясьпечнае»

Вольга Ўлевіч: Самае, напэўна, небясьпечнае, што заўсёды ў навінах — амаль кожнае лета нехта гіне, не разьлічыўшы свае сілы, адплыўшы далёка ад берагу, трапіўшы ў нейкую плынь. Я часта бачу верталёты «Чырвонага крыжа». Вельмі небясьпечнае мора і сонца асабліва для нас, людзей, якія жывуць у іншым клімаце.

Кожны гішпанец, калі замаўляе бутэльку віна за абедам, пакідае яе недапітай

Калі вы ідзяце на пляж, не рэлаксуйце да апошняга, ня трэба выпіваць тры бутэлькі віна, таму што потым вы не кантралюеце сябе ў моры. Мае туры ў наступным годзе будуць мець накіраванасьць больш аздараўленчую, са схудненьнем, з дэтаксам. Вось такі аздараўленчы і касьмэталягічны від адпачынку я разам са славутасьцямі буду прапаноўваць.

Так, Гішпанія, так віно. Вы ведаеце, як гішпанцы пьюць? Ніколі ня бачыла пьянага гішпанца. Келіх. Кожны гішпанец, калі замаўляе бутэльку віна за абедам, пакідае яе недапітай. Мы не, мы крыху злоўжываем. Мы прыехалі, у нас эмоцыі, мы ня бачылі гэтага віна, цэлы год мы ня бачым гэтага сонца. Спалучэньне сонца і віна дастаткова небясьпечнае.

У Барсэлёне (у Жыроне і больш дробных гарадках не) у аэрапорце і ў порце — махляры з усяго сьвету (гэта не барсэлёнцы, не каталёнцы, не гішпанцы, гэта румыны і альбанцы), якія вылоўліваюць у вялікім турыстычным патоку разявак. Калі вы трымаеце торбу пры сабе, ніхто ў вас яе ня вырве і руку вам не адрэжа. Але калі вы адначасова фатаграфуеце Саграда-Фамілія, у вас ззаду боўтаецца заплечнік, на другой руцэ вісіць дзіця, то вы — патэнцыйная ахвяра для такіх махляроў. Трэба заўсёды зважаць.

Вы — патэнцыйная ахвяра для такіх махляроў. Трэба заўсёды зважаць.

Калі горача, ежа псуецца хутка. І наогул асабліва ў Барсэлёне ешце толькі па рэкамэндацыях, ніколі ў турыстычных раёнах, тыпа на вуліцы Рамбла. Гэта крыху небясьпечна. Вялізарны паток людзей ідзе праз Барсэлёну, і часам ёсьць нядобрасумленныя рэстарацыі. Таму зь ежай у сьпёку таксама трэба быць вельмі асьцярожным.

Гішпанія — краіна, у якой людзі жывуць расслаблена. Чым менш лінія нацяжэньня, тым менш ірвецца — ня трэба напружвацца. Калі мы з нашымі напружанымі тварамі спрабуем нешта даведацца, урваць, дабегчы, мы выходзім з рытму ўсёй краіны. Таму трэба расслабляцца на адпачынку.

«У нас шмат дзіўных прапаноў зьявілася з вылетам зь Кіеву»

Кіеўскі аэрапорт «Барыспаль»
Кіеўскі аэрапорт «Барыспаль»

Лілія Кобзік: Мне таксама ўсьлед за калегамі хочацца паўтарыць заклік не злоўжываць на адпачынку, тым больш, што ў гэтым сэзоне два хітавых накірункі — гэта Егіпет і Турэччына. Гэта вельмі гарачыя накірункі. Там залішнія ўзьліяньні могуць прывесьці да вельмі сумных вынікаў. Што да нашых турыстаў, якія арганізавана падарожнічаюць з дапамогай турфірмы, то і тут трэба быць вельмі асьцярожнымі.

У нас жа людзі падыходзяць, дзе таньней, хто больш дасьць зьніжку.

Трэба зьвяртаць увагу, у каго вы купляеце. Як ня дзіўна, у нас жа дзяржава такая сацыяльна арыентаваная, і здаецца ўсё такое рэглямэнтаванае, але турызм некалькі год таму пазбавіўся ліцэнзаваньня, і гэты рынак абсалютна вольны. Толькі ў мінулым сэзоне былі два ці тры выпадкі махлярства. Такога раней не было. Фірмы адкрываюцца ў нейкіх паўпадвальных памяшканьнях, зараз гэта зрабіць лёгка, дамова з апэратарам, і наперад, прадавай. І гэта адкрыла дарогу для рознакалібэрных махляроў. Таму трэба глядзець і вельмі-вельмі акуратна падыходзіць да выбару турфірмы.

У нас жа людзі падыходзяць, дзе таньней, хто больш дасьць зьніжку. Гэта бяда, проста біч турбізнэсу, турбізнэс рыдае, лічыць, што гэта прывядзе да банкруцтва, бо ўсе бегаюць у пошуках зьніжкі, душаць турфірмы, таньней, таньней, таньней. З аднаго боку гэта можна зразумець, бо такая эканамічная сытуацыя — любы чалавек хоча зэканоміць. Але ёсьць пэўныя межы рэнтабэльнасьці бізнэсу. І вы ня можаце стопрацэнтна быць упэўненымі, калі вы купляеце ў падвале ў кагосьці, што ўсё скончыцца добра. Нават калі вы думаеце, што гэта тур вядомага апэратара, а ці не зачыняцца заўтра дзьверы гэтай фірмы, ці не пабачыце вы заўтра аб’яву і запячатаныя дзьверы? Таму я раю вельмі акуратна выбіраць фірму і сьвядома рабіць выбар, адкуль вы ляціце, зь кім вы ляціце.

У нас шмат дзіўных прапаноў зьявілася ў тым ліку з вылетам зь Кіеву. Я не хачу ганіць украінскіх калегаў, але ёсьць іншы бок мэдалю. У іх рынак адкрыты, там вельмі многа прыватных авіякампаній, апэратараў, агентаў, і цэны, натуральна, будуць кідкія. Далёка не заўсёды, але рэдка гэта прыводзіць да таго, што ваш адпачынак там зусім не адбыўся ці адбыўся зь нейкім скандалам.

Хочаце танны сыр? Можа, ён не заўсёды ў мышалоўцы, але трэба вельмі сьвядома падыходзіць да выбару

Як правіла, гэта затрымкі вылетаў, пераносы, людзі едуць зь дзецьмі ў Кіеў, у Маскву на аўтобусах, потым чакаюць рэйсу, потым тры затрымкі запар — гэта стала нормай. Як ні круці, хоць мы крытыкуем нашы дарагія пералёты зь Менску, але тут хоць нейкая гарантыя, што ваш адпачынак пройдзе па нармальным варыянце. Вы заплацілі, напэўна пераплацілі, як мы падазраём, але тым ня менш вы прыехалі ў аэрапорт, вы своечасова вылецелі, вы адпачылі, прыляцелі, вас забралі — у вас паўнавартасны адпачынак. Там гарантыі няма.

Хочаце танны сыр? Можа, ён не заўсёды ў мышалоўцы, але трэба вельмі сьвядома падыходзіць да выбару, глядзець, разьлічваць сілы, можа быць не ляцець зь маленькім дзіцяці зь не беларускага аэрапорту. У нас зьявілася, дарэчы, добрая прапанова рэгіянальных вылетаў — з Гомеля, з Магілёва, зь Берасьця, з Горадні — зараз усюды лётаюць самалёты ў Грэцыю, Турэччыну, Баўгарыю, Чарнагорыю.

«Беларусь застаецца краінай рызыкоўнага альбо экстрэмальнага турызму»

Ганна Соўсь: Чэхія і Гішпанія — турыстычная краіны, вялікую частку бюджэту складаюць паступленьні ад турызму. Вольга і Галіна, вы абедзьве жылі ў Беларусі, уяўляеце цяперашнюю сытуацыю ў краіне. Якія парады вы бы далі, абапіраючыся на чэскі і гішпанскі досьвед, не прафэсіяналам у турызьме, а ўладам, якія хочуць зрабіць краіну прывабнай для турыстаў?

Галіна Навумчык: Канешне, мы з вамі вельмі любім нашу краіну. Што трэба зьмяніць уладам? Трэба зьмяніць уладу. Канешне, проста гэта казаць, жывучы ў Чэхіі, але, можа, па той самай прычыне мы і ў Чэхіі, а мая калега — у Гішпаніі. Пакуль не зьмяняецца ў краіне ўладная палітыка, можам колькі заўгодна гаварыць, што турызм — нэўтральная сфэра, але патокі ўязнога турызму, tourism incoming, вельмі цяжка зьмяніць. А Беларусь на сёньняшні дзень (гэта проста факт у турыстычнай сфэры), а застаецца краінай рызыкоўнага турызму, альбо экстрэмальнага турызму, краінай, у якой непрадказальная бясьпека любога замежнага турыста.

Інфармацыйны стэнд у Горадні для турыстаў па-ангельску
Інфармацыйны стэнд у Горадні для турыстаў па-ангельску

25 сакавіка, калі вы паглядзіце турыстычныя форумы, застаецца самым небясьпечным днём, у які не рэкамэндуецца замежным турыстам бываць у сталіцы Беларусі. Таксама ў рэкамэндацыях і на форумах пішуць турысты, што калі вы бачыце шмат людзей, якія ідуць пад бел-чырвона-белым сьцягам, а гэта палотнішча з чырвонай паласой, старайцеся ад гэтага месца трымацца найдалей, бо вас могуць арыштаваць, пасадзіць у пастарунак і пасьля вы будзеце мець вельмі вялікія праблемы. Гэта факт у турыстычных форумах.

Краіна мусіць навучыцца прымаць гасьцей

Таксама мы там знойдзем інфармацыю пра тое, як крадуць у беларускіх гатэлях пакаёўкі. Гэта так званы легальныя крадзяжы, калі вашу дарагую рэч схаваюць пад нейкі часопіс, і вы проста на яе забудзецеся, і тады яе можна будзе спакойна забраць, а калі вы яе будзеце шукаць, то спакойна той часопіс падыме для вас тая прыбіральшчыца і пакажа, ой прабачце, я проста выпадкова накрыла часопісам падчас таго, як прыбірала. Гэта таксама факт, які ёсьць на форумах.

Беларусь застаецца ў зоне экстрэмальнага турызму

Краіна мусіць навучыцца прымаць гасьцей. Вялікі мінус, які пазначаецца і ў рэкамэндацыях Міністэрства замежных спраў, і ў турыстычных форумах у дачыненьні да Беларусі, усе гэта ведаюць — не валоданьне насельніцтвам асабліва ў сфэры сэрвісу ангельскай мовай. Вельмі цяжка дамовіцца. Вельмі вялікі плюс, што ў мэтро абвяшчаецца ўсё па-ангельску, гэта камплімэнт беларускай сталіцы, але ангельская мова вельмі слабая ў Беларусі, гэта таксама дыскамфорт.

Я яшчэ раз скажу, што Беларусь застаецца ў зоне экстрэмальнага турызму. А як гэта зьвязана з уладамі? Пакуль, на маю думку, прэзыдэнт краіны не паедзе ў афіцыйныя і дзяржаўныя візыты ў Злучаныя Штаты Амэрыкі, у Лёндан, у іншыя сталіцы Эўропы, пакуль з прэзыдэнтам Беларусі ня будуць вітацца астатнія прэзыдэнты, вельмі цяжка сказаць, што ўлада можа зрабіць для таго, каб краіна стала на інкамінгавым турызьме ў першыя шэрагі.

«Гатэлі ў Менску — не для турыстаў, а для бізнэсмэнаў, там ноч каштуе столькі, колькі людзі гатовыя патраціць на адпачынак наогул»

Нацыянальны аэрапорт «Менск». Фота: ©Shutterstock
Нацыянальны аэрапорт «Менск». Фота: ©Shutterstock

Вольга Ўлевіч: У мяне ўсё проста: уся Эўропа лётае на лоў-костах, пералёт з Барсэлёны на Мальёрку каштуе 30 эўра, з Барсэлёны ў Партугалію — 30 эўра, на Мальту — 15 эўра. Ладна, часам ты заплаціш 100 эўра за пералёт. У Беларусі няма такіх рэйсаў. Эўропа ад нас далёка. Палякі і немцы да нас едуць, калі ім трэба. Калі мы хочам, каб да нас паехала Данія, Галяндыя, Францыя, Італія, Гішпанія, патрэбныя танныя пералёты. Хаця б 2-3 рэйсы на тыдзень, а іх няма. Калі ў кожнай краіны будзе свой лоў-кост з аэрапортам у Менску, будуць турысты.

300 бязьвізавых турыстаў штодня. Лічбы і факты пра турызм Беларусі

Бязьвізавы рэжым ужо практычна ёсьць, ён нават працуе. Другая праблема, што няма гатэляў. Гатэлі ў Менску, вы мяне прабачце, ну гэта не гатэлі для турыстаў, гэта гатэлі для бізнэсмэнаў, там ноч каштуе столькі, колькі людзі гатовыя патраціць на адпачынак наогул. Нейкія фэшэнэбэльныя гатэлі. А патрэбныя 2, 3 зоркі, іх павінна быць многа, і ноч там павінна каштаваць 50-60 эўра на дваіх. А не так, як гэта зараз у нашых гатэлях «Эўропа», «Мінск», і ўсё такое. Няма для турызму базы, няма на чым лётаць, няма дзе жыць! З мовай ужо разьбяруцца. Ёсьць такія турысты, якія і бяз мовы падарожнічаюць, нічога страшнага. Экстрым пэўны таксама патрэбны. Гэта падарожжа, гэта авантура!

«Мары — гэта пляны». Тры гіды пра мастацтва падарожжаў

«На сёньняшні дзень мы — ніякія. Пра нас і ня ведаюць»

Ганна Соўсь: Лілія, вы былі галоўнай рэдактаркай газэты «Турызм і адпачынак». Што трэба неадкладна зрабіць, каб болей турыстаў ехала ў Беларусь? Вельмі моцны ўдар па турыстычным іміджу Беларусі быў нанесены нядаўнімі гучнымі турэмнымі справамі, калі француз сеў у турму за патрон, японец за антыкварную зброю.

Менск, Прывакзальная плошча, Фота: ©Shutterstock
Менск, Прывакзальная плошча, Фота: ©Shutterstock

Лілія Кобзік: Бачым, калегі, што tourism incoming у Беларусі больш гарачая тэма, чым выпіўка на пляжах у Турэччыне. Сапраўды актуальнае пытаньне. Я згодная, што ёсьць у нас праблема і з палітычным іміджам, але хачу нагадаць, што ёсьць краіны, у якіх імідж таксама ня самы лепшы —- Куба, Вэнэсуэла, але туды едуць тым ня менш. Чаму? Таму што там многа турыстычных магнітаў, там ёсьць эфэкт «Ўаў».

На сёньняшні дзень мы — ніякія. Тут можна і лоў-косты ўспамінаць, і ўсё што заўгодна. Але пра нас ня ведаюць. Усе, хто сюды прыяжджае, уключаючы маіх калег, калі ўяжджаюць, бачаць, што прывабнасьці насамрэч ёсьць. Можа быць яны ціхія. Дзесьці штосьці ўжо зьяўляецца, нейкая хіпстарская Кастрычніцкая, глямурная Зыбіцкая, на вуліцах ёсьць народ, там ёсьць музыка, там ёсьць мерапрыемствы. Але трэба адкрыцца! Павінен быць пэўны эфэкт «Ўаў».

Павінен быць пэўны эфэкт «Ўаў»

Гатэлі зьявяцца, гэтыя дзьвюхзорачныя гатэлі для актыўных турыстаў, калі зьявіцца вось гэты прадукт. А ён у комплексе толькі можа быць. Гэта нейкая сумесная творчасьць, якая нараджаецца як атмасфэрнасьць у краіне. Гэта і як людзі адчуваюць сябе на вуліцах, ці сядзіць моладзь на прыступках, ці адчувае яна сябе свабодна... Зразумела, што тыя выпадкі, пра якія вы згадалі, не спрыяюць прытоку турыстаў. Але можа быць не настолькі яны і ўразаюцца ў сьвядомасьць у параўнаньні з тым, як працуе сарафаннае радыё.

Калі адсюль вяртаюцца людзі і кажуць: «Божа, якая клясная атмасфэра». Ці яны кажуць, ну насамрэч горад такі бедненькі, там рабіць няма чаго. Так, у нас няма такіх архітэктурных вартасьцяў, як у Барсэлёне і Празе, ну што нам, закрыцца і тут капаць бульбу толькі, нічога не рабіць? Канешне ж не! Мы можам стварыць сэрвіс. Мы можам стварыць танны сэрвіс, мы можа стварыць клясны сэрвіс, мы можам стварыць крэатыўныя рэчы, якія адкрыюць краіну, вось гэты эфэкт «Ўаў».

Мірскі замак.
Мірскі замак.

Калісьці гэтыя чары над Беларусьсю, па многіх прычынах узьніклыя, разьвеюцца, і вось гэтыя эфэкт «Ўаў» зьявіцца, як ён калісьці ўжо зьяўляўся. Я памятаю 1993 год, Зьезд беларусаў сьвету, калі прыехала 50 тысяч чалавек, і ўвесь Менск, увесь цэнтар гораду быў проста поўны людзей, разнамоўнага натоўпу. Я думаю, што такія часы будуць, трэба будзе скарыстацца момантам і проста ствараць прадукт. Ня проста казаць, што ў нас усё блага, што ў нас няма такіх помнікаў даўніны, а проста ствараць яго. Яго можна зрабіць, гэты прадукт называецца атмасфэра, прыемная, гасьцінная.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG