Лінкі ўнівэрсальнага доступу

300 бязьвізавых турыстаў штодня. Лічбы і факты пра турызм Беларусі


Замак у Міры

Хто і адкуль прыяжджае адпачываць у Беларусь, куды езьдзяць на адпачынак беларусы.

Да міжнароднага Дня турызму і адкрыцьця ў Менску спэцыялізаванай выставы Белстат апублікаваў новую статыстыку пра разьвіцьцё турыстычнай галіны ў краіне. Параўноўваем яе з ранейшымі лічбамі.

79% турыстаў прыяжджаюць у Беларусь з Расеі

Паводле Белстату, у мінулым годзе ў Беларусь арганізавана прыехала 217 400 турыстаў. Больш за 79% ад гэтага ліку — з Расеі (171 тысяча). На другім месцы зь вялікім адрывам Польшча — 7992 асобы (3,7%), на трэцім Літва — 5846 (2,7%). За імі Ўкраіна, Латвія, Нямеччына, Кітай, Эстонія, Ізраіль і Вялікая Брытанія.

Былі і экзатычныя турысты, якія купілі тур у Беларусь. Па адным з Андоры, Калюмбіі і Пэру. Па два — з Аргентыны і Ганы. Зь Емэну, Чылі і Эквадору ў Беларусь у мінулым годзе прыехалі па пяць турыстаў.

Музэй Сула, Стаўпецкі раён
Музэй Сула, Стаўпецкі раён

Большасьць беларускіх арганізаваных турыстаў адпачываюць у Беларусі

На першым месцы ў сьпісе краін, якія беларусы выбіраюць для арганізаванага адпачынку, аказалася сама Беларусь. У 2016 годзе 83 600 чалавек для гэтай мэты абралі Радзіму — гэта 17% ад агульнай колькасьці беларускіх турыстаў, якая ў 2016 годзе склала амаль 496 тысяч чалавек. У Расею ў адпачынак зьезьдзілі 71 503 асобы, на другім і трэцім месцах Баўгарыя з Турэччынай (58 745 і 57 735 турыстаў адпаведна), затым Украіна і Эгіпет. У Польшчу на адпачынак у 2016 годзе зьезьдзілі больш за 40 тысяч беларусаў (у пяць разоў больш, чым палякаў у Беларусь), у Літву — 16 тысяч (у два з паловай разы больш). Сярод самых рэдкіх краін — Багамы і Ямайка (па адным турысьце зь беларусі), Пэру (2) і Манголія (6).

Колькасьць турыстаў-расіян зьніжаецца, гасьцей з Польшчы і Літвы — расьце

Турыстаў-расіян у мінулым годзе стала менш адразу на 73 тысячы чалавек. У 2015-м турыстаў з Расеі было амаль 244 тысячы. Пры гэтым палякаў у 2016 годзе прыехала на дзьве тысячы больш, чым за год да таго (8 тысяч супраць 6), літоўцаў — адразу на чатыры тысячы (5846 супраць 1722). Зь цікавостак можна назваць стабільную колькасьць грамадзян ЗША (каля тысячы турыстаў штогод, амаль нязьменна з 2010-га), рост колькасьці турыстаў з Кітаю (1579 чалавек — утрая за шэсьць гадоў). А найрадзей з арганізаваных турыстаў у Беларусь стабільна прыяжджаюць чэхі — каля 300 чалавек штогод.

Штодня ў Беларусь прыяжджае каля 300 бязьвізавых турыстаў

Указ аб увядзеньні бязьвізавага рэжыму кіраўнік краіны падпісаў у студзені 2017 году, у сілу ён уступіў зь лютага. 25 верасьня намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партны паведаміў, што за шэсьць месяцаў пяцідзённым бязьвізавым рэжымам зь Беларусьсю скарысталіся 52 тысячы замежных турыстаў. І дадаў, што міністэрства працуе над павелічэньнем працягласьці бязьвізавага рэжыму з 5 да 10 дзён. І над пашырэньнем яго на іншыя міжнародныя пункты пропуску (цяпер «бязьвіз» дзейнічае толькі пры ўезьдзе ў Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт). Павялічыць працягласьць бязьвізавага знаходжаньня для замежнікаў у Беларусі хочуць да Эўрапейскіх гульняў 2019 году. Пры гэтым у Мінспорту і турызму пакуль ня кажуць, якім чынам увядзеньне 5-дзённага бязьвізавага рэжыму паўплывала на агульную колькасьць замежных турыстаў. І прызнаюцца, што ў апублікаваную статыстыку не ўваходзяць так званыя індывідуальныя турысты, якія прыяжджаюць паглядзець Беларусь самастойна.

Стары замак у Гародні
Стары замак у Гародні

Замежнікі трацяць у Беларусі 60 эўра ў суткі

У Гародні і ваколіцах бязьвізавы рэжым дзейнічае роўна год, адпаведны ўказ быў падпісаны ў жніўні 2016-га. Пакуль бязь візы можна прыехаць толькі арганізавана на аўтобусе, альбо на ўласным аўто, папярэдне замовіўшы шэраг паслуг. Гарадзенскія ўлады адзначаюць, што каля 70% «бязьвізавых» турыстаў прыяжджаюць у складзе арганізаваных груп, 30% прыпадае на індывідуальных падарожнікаў. Замежнікі застаюцца ў Гародні на 3–4 дні і ў сярэднім на паслугі турфірмаў трацяць каля 60 эўра ў дзень. Яшчэ 110 эўра замежныя турысты пакідаюць у гарадзенскіх крамах. Такім чынам, кожны зь іх траціць за час паездкі ў Гародню каля 350 эўра. «У параўнаньні з тым, што было раней, колькасьць турыстаў з Польшчы і Літвы ў Гародні павялічылася ў разы, калі не ў дзясяткі разоў, — кажа Свабодзе гарадзенскі краязнаўца і экскурсавод Ян Лялевіч. — Сярэдні ўзрост турыстаў — прыкладна 40–50 гадоў. Пры гэтым распытваюць ня толькі пра супольную гісторыю, Гродна польскіх часоў. Вельмі цікавяцца тым, як беларусы цяпер жывуць, у часы Лукашэнкі. Яны ж толькі пра трактары ведаюць, пра дыктатуру».

XS
SM
MD
LG