Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто палову кабана, хто паўтоны капусты». Як гаспадар аграсядзібы згуртаваў беларусаў для дапамогі мэдыкам


Васіль Грынь з валянтэрамі
Васіль Грынь з валянтэрамі

На пачатку красавіка Васіль Грынь, гаспадар адной з аграсядзібаў на Валожыншчыне, напісаў пост у Facebook пра ідэю дапамагаць мэдыкам гарачымі абедамі. «Думаў — дзень ці два неяк дам рады. А яно як панеслася ўсё! Хто палову кабана, хто паўтоны капусты прывёз», — кажа гаспадар сядзібы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Ягоная гаспадарка ўжо згатавала 680 абедаў для мэдыкаў інфэкцыйнага аддзяленьня Валожынскага шпіталя. Мэдыкаў кормяць тры разы на тыдзень. «Я расказваю гэта не таму, каб пахваліцца, а каб людзі абуджаліся. Некаторыя кажуць: „Гвалт, гвалт!“, ды нічога ня робяць. А маўчуны — бах! — і прывезьлі паўтоны капусты», — кажа Васіль.

Ідэю гатаваць для мэдыкаў яму падкінуў калега Анатоль Ганец зь іншай аграсядзібы з-пад Ракава. Ён жа дапамог з вайсковымі бакамі для гарачых абедаў. Пасьля посту ў Facebook знайшліся кухары і памочнікі. Людзі пачалі актыўна дапамагаць грашамі, прадуктамі. «Мясам, рыбай, бульбай, буракамі — хто чым мог», — дзівіцца гаспадар сядзібы.

Ён зазначае, што адзін ня даў бы рады.

«Але калі адчуў такую падтрымку з боку людзей, проста плячо ў плячо — то ўсё зашавялілася. Знайшлі паразуменьне з галоўным лекарам шпіталя. Натуральна, людзей там кормяць. Але вы разумееце, што такое тая дыетычная шпітальная ежа. Тут жа — гарачае, смачнае, сваё! Лекары там працуюць па вахтах, па 15 сутак. У тых супрацьчумных касьцюмах пацеюць, страчваюць ваду, ім трэба добра харчавацца. Яны ж нас ратуюць», — кажа Васіль.

Ён зазначае, што дзейнічае дзякуючы грамадзкаму руху і падтрымцы.

«Я не чакаў, што буду такім займацца. Дзясяткі гадоў турызмам займаўся. Відаць, нейкія арганізацыйныя здольнасьці засталіся. Дзіўлюся, што пост у Facebook — а больш я нідзе не пісаў — так спрацаваў на сардэчнасьць людзей, якія мяне атачаюць. Усе штурхаюць: „Давай, давай!“ — і ніхто прычым ня хоча піяру нейкага. Гэта проста крута!» — захапляецца Васіль.

Ён цешыцца, што лекары ўдзячныя за абеды. «Адзін малады лекар учора сказаў: „Мы вас чакаем, як дзедаў-марозаў“. Я думаю, што ўсё мы робім правільна», — дадаў гаспадар сядзібы.

Ягоная сядзіба не адзіная, якая забясьпечвае мэдыкаў абедамі, далучыліся і іншыя. «І аграсядзібы, і фэрмэрскія гаспадаркі, і звычайныя людзі. Вакол нашага „праекту“ згуртаваліся трыццаць чалавек. Пакуль даём рады», — кажа Васіль Грынь.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG