Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне вельмі крыўдна». Звальняюць фэльчара «хуткай» зь Ліды, які адседзеў за стрым Ціханоўскага


Фэльчар зь Ліды Павал Палейчык
Фэльчар зь Ліды Павал Палейчык

Павал Палейчык лічыць, што прычынай гэтага стала ягоная палітычная актыўнасьць.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Фэльчара Паўла Палейчыка затрымалі ўвечары 7 траўня. 22 красавіка ён выступіў у стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага, за што яго абвінавацілі ва ўдзеле ў недазволенай масавай акцыі. Палейчык адбыў 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Пасьля вызваленьня з «сутак» Павал вярнуўся на працу і некалькі тыдняў ня меў ніякіх праблем. Аднак на пачатку чэрвеня яго выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі паведамленьне аб непрацягненьні кантракту. Апошнім працоўным днём Паўла на лідзкай «хуткай» стане 9 ліпеня.

«Паведамленьне аб непрацягненьні кантракту мне выдалі некалькі дзён таму, — расказвае Свабодзе Павал. — Я яго адразу не выкладваў у інтэрнэт, хацеў спачатку пагутарыць з галоўным доктарам асабіста. У яго акурат памёр бацька, не хацеў турбаваць у гэтыя дні. Мы ж усе людзі.

А сёньня я пад’ехаў да яго на размову. Спытаў, ці асабіста яго гэта меркаваньне. Ён адказаў, што гэта ня толькі яго рашэньне, што гэта думка ўсіх. Сказаў, што я не спрацоўваюся з загадчыцай станцыі хуткай дапамогі. Але яе ён ня будзе звальняць. Таму я пасяджу дома, падумаю. Увесь адказ».

Фармальна парушэньня заканадаўства няма. Пяцігадовы працоўны кантракт Паўла Палейчыка заканчваецца акурат на пачатку ліпеня. Сам фэльчар, аднак, зьвязвае звальненьне са сваёй палітычнай актыўнасьцю.

«Я сам зьвязваю непрацягненьне кантракту з тым, што выказаўся на стрыме ў Ціханоўскага, — перакананы Павал. — Улез у палітыку. Раней кантракты заўсёды працягваліся аўтаматам. Мэдыкаў у нас у Лідзе не хапае. І ўрачоў, і фэльчараў. У мяне толькі адна вымова была за ўвесь час працы, за шэсьць гадоў. Гэта калі я свайго бацьку вазіў у шпіталь на абсьледаваньне. Мне не працягнулі кантракту, бо хацелі чымсьці зачапіць. У мяне шмат калег, у якіх пастаянна парушэньні, усё можа быць. Але ім кантракты працягваюць».

Па словах Паўла, лідзкая станцыя хуткай мэдычнай дапамогі мае патрэбу ў супрацоўніках. Эпідэмія каранавірусу нікуды не падзелася, некаторыя супрацоўнікі ў адпачынках, ёсьць і вакансіі.

«Мне вельмі крыўдна было, што прафсаюз за мяне не заступіўся, — гаворыць Павал. — Я быў актыўным супрацоўнікам, выступаў за лякарню на спартовых спаборніцтвах. А ў прафсаюзе мне сказалі, што калі юрыдычная дапамога трэба, то мы дапаможам. А пра гэта ідзіце да наймальніка вашага і зь ім размаўляйце. Калегі падтрымліваюць. Яны ведалі, што мяне звольняць. Але ўсе баяцца страціць працу, баяцца напісаць калектыўную заяву аб звальненьні. Прапанавалі выйсьці з прафсаюзу. Зараз чалавек 15 зьбіраюцца напісаць заяву».

Фэльчар ня ведае, што будзе рабіць далей. Гэты месяц Павал будзе дапрацоўваць на «хуткай». Пасьля зоймецца пошукамі новай працы альбо пойдзе ў дэкрэтны водпуск.

«Што я зараз буду рабіць, ня ведаю, — прызнаецца фэльчар. — Да 9 ліпеня папрацую. Ёсьць магчымасьць пайсьці ў „дэкрэт“. Жонка таксама ў лякарні працуе, баюся, каб ня мела празь мяне праблем і яна. Але яна мяне цалкам падтрымлівае. Пайду ў „дэкрэт“ у крайнім выпадку».

Палейчык распачаў збор сродкаў для дапамогі яму і яго сямʼі на сайце Molamola.by.

Атрымаць апэратыўны камэнтар галоўнага доктара лідзкай раённай лякарні Вадзіма Трубчыка не атрымалася. У прыёмнай паведамілі, што спэцыяліст ня можа размаўляць. Радыё Свабода будзе намагацца атрымаць камэнтар кіраўніцтва Паўла Палейчыка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG