Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка асуджанага фэльчара зь Ліды: «Свабода слова павінна быць»


Павал Палейчык, фэльчар з «хуткай» зь Ліды
Павал Палейчык, фэльчар з «хуткай» зь Ліды

Юлія, жонка асуджанага фэльчара зь Ліды Паўла Палейчыка, расказала Свабодзе, што думае пра прысуд мужу, які атрымаў 7 сутак за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Юлія прызнаецца, што іх сям’я трапіла ў такую сытуацыю ўпершыню. Яна працуе на паўстаўкі лекаркай у рэанімацыі лідзкага шпіталя.

Рашэньне суду стала для яе нечаканым. Яна думала, што дадуць штраф, і муж вернецца дадому.

«Канечне, я ня згодная. Па-першае, столькі часу прайшло. Толькі калі Ціханоўскага затрымалі, вырашылі раптам, што трэба ўсіх затрымаць і пакараць. Усё ж такі свабода слова павінна нейкая быць. Тым больш, ніякіх лёзунгаў не гучала. Гэта ж ня мітынг. Увогуле гэта ўсё дзіўна і няправільна», — кажа яна.

Юлія мяркуе, што затрыманьне можа быць зьвязанае з агульнай актыўнасьцю Паўла, тым, што ён даваў інтэрвію незалежным мэдыя.

«Вырашылі стварыць цішыню», — мяркуе жонка.

Юлія падтрымлівае мужа.

У сям’і двое малых дзяцей. Звычайна пара так плянавала працоўны графік, каб падчас Юліных дзяжурстваў Павал заставаўся зь дзецьмі. Цяпер, верагодна, малых давядзецца адвезьці да дзядулі і бабулі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі і да якіх стараліся ня езьдзіць апошнім часам.

Па словах жонкі, Павал Палейчык заўжды быў актыўны, змагаўся за справядлівасьць, удзельнічаў у спартовых мерапрыемствах.

Юлія выйшла на працу летась у верасьні, калі яшчэ не было вядома пра каранавірус. Цяпер не плянуе сыходзіць з працы, каб не падводзіць калектыў. Спадзяецца, што сродкі засьцярогі абароняць яе ад заражэньня. Яна кажа, што цяпер у шпіталі зь імі стала лепш. Сярод іншага, у шпіталь трапіла валянтэрская дапамога.

«Мы амаль заўсёды працуем у зоне рызыкі. Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Атрымліваецца, трэба было зусім гэтую спэцыяльнасьць не абіраць», — кажа яна.

Яна дадае, што і Павал любіць сваю працу і ня хоча шукаць іншай.

«Гэта ж не суадносіцца паміж сабой: як ён выражае сваю асабістую думку і як выконвае працоўныя абавязкі», — мяркуе суразмоўніца.

На плятформе MolaMola пачалі збор сродкаў у дапамогу затрыманым лідзянам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG