Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідзкі фэльчар выйшаў на волю. Фота


Свабода сустрэла Паўла Палейчыка ля лідзкага ІЧУ і даведалася пра ўражаньні ад першай у жыцьці адседкі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Фэльчар Павал Палейчык быў затрыманы ўвечары 7 траўня, калі, пасьля працоўнай зьмены на хуткай дапамозе, прыйшоў у лідзкі РУУС на тэлефонны выклік. Супрацоўнік міліцыі паказаў Паўлу пратакол аб удзеле ў недазволенай масавай акцыі 22 красавіка, калі ў Ліду прыяжджаў блогер Ціханоўскі. А пасьля паведаміў, што дадому фэльчар сёньня ўжо ня трапіць.

«Мне пазванілі, сказалі прыбыць у Лідзкі РУУС для дачы тлумачэньняў наконт сходу (22 красавіка падчас сустрэчы з блогерам Ціханоўскім. — РС), — расказвае Павал. — Усё, я пайшоў. І адтуль я ўжо ня выйшаў. Той супрацоўнік, які складаў пратакол на мяне, сам жа і паведаміў — начальнік загадаў пакідаць мяне «на суткі».

Павал выходзіць з ізалятара
Павал выходзіць з ізалятара

Паводле Паўла, у пратаколе аб правапарушэньні было напісана, што ён удзельнічаў у масавым сходзе, арганізаваным без дазволу райвыканкаму.

«Я ня тое каб зьдзівіўся, — кажа фэльчар. — Але калі загадалі здымаць матузкі, разгубіўся крыху. Вось гэтага я не чакаў. Кажу ім, вы мяне хоць на працу адвядзіце, каб я пераапрануўся. Я ж у форме хуткай быў. Не пасьпеў пераапрануцца пасьля працы. Мяне адвялі на падстанцыю нашу. Я адтуль ужо пасьпеў жонцы пазваніць, што на суткі забіраюць».

Абдымкі з жонкай Юліяй
Абдымкі з жонкай Юліяй

Суд над Паўлам адбыўся на наступны дзень — 8 траўня

«Я спадзяваўся, што штраф заплачу, і ўсё, — кажа Павал. — Калі абвясьцілі, што сем сутак арышту, разгубіўся. Я першы раз у такой сытуацыі. Упершыню ў жыцьці. Раней толькі як сьведка быў. Штрафы меў за курэньне ў пад’езьдзе, за перавышэньне хуткасьці. Але каб так... Мяне трэсла. Першыя тры дні ўвогуле цяжка было».

Павал Палейчык расказвае, што частку тэрміну адседзеў з сукамэрнікам — іх трымалі па двое ў адной камэры. Усіх «палітычных», асуджаных у Лідзе (5 чалавек. — РС), трымалі асобна.

«Калі цябе абмяжоўваюць ва ўсім, гэта рэальна страшна, — расказвае пра свае ўражаньні ад „сутак“ фэльчар. — Там няма ніякіх умоваў, усё дрэнна. Дзе ясі, там і гадзіш. Спачатку я з адным чалавекам сядзеў, потым чатыры дні адзін быў у камэры. У апошні дзень мяне перавялі ў іншую камэру, дзе быў асуджаны таксама. У камэрах ужо ведалі, што мы „палітзьняволеныя“. Паўлу Анціпкіну далі 15 сутак (яшчэ адзін затрыманы за ўдзел у стрыме Ціханоўскага. — РС), у яго чацьвёра дзяцей, як ён будзе? Я б ня ведаю, як вытрымаў, калі б не мая жонка».

Пасьля арышту Паўла і іншых удзельнікаў лідзкай сустрэчы Ціханоўскага ў інтэрнэце для арыштаваных літаральна за суткі сабралі некалькі тысяч рублёў. Праваабаронцы накіравалі інфармацыю аб затрыманьні лідзкага фэльчара ў СААЗ.

«Вельмі ўдзячны за падтрымку, за лісты, — кажа Павал. — Чатыры лісты атрымаў. Усе дзякуюць за праўду. За тое, што не баяўся расказаць. Зь Менску, са Смаргоні, два зь Ліды. Я зусім ня ведаю, што адбывалася гэтыя сем дзён. Там поўная ізаляцыя, на вуліцу ня выйсьці нават. Гэта вельмі няправільна. Сем дзён у камэры — гэта вельмі жорстка. Хаця б хвіліну ў дзень далі дзецям пазваніць. Што са мной зараз будзе, я ня ведаю. Хачу пабыць зь сям’ёй, са сваімі дзецьмі».

Заўтра ў Паўла Палейчыка працоўны дзень, ён павінен зьявіцца на працы ў ранішнюю зьмену. Фэльчар кажа, што пакуль ня ведае, ці чакаюць яго на хуткай.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG