Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН заклікаў улады Беларусі спыніць ціск на грамадзянскую супольнасьць


Затрыманьні ў Гомлі ў траўні

Экспэрты ААН выказалі занепакоенасьць арыштамі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі падчас прэзыдэнцкай кампаніі і заклікалі ўлады спыніць перасьлед, перадае Інтэрфакс.

У траўні ня менш за 195 чалавек — праваабаронцы, журналісты, блогеры, мэдыкі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці — былі арыштаваныя за тое, што выказалі сваю думку, за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і пікетах для збору подпісаў і вылучэньня кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары, гаворыцца ў паведамленьні на сайце галоўнага вярхоўнага камісара па правах чалавека ў ААН.

Спэцдакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн выказала заклапочанасьць тым, што гэтыя арышты нэгатыўна паўплываюць на грамадзянскую супольнасьць, незалежныя мэдыя і выказваньне сваёй думкі без перашкодаў.

Як адзначаецца ў паведамленьні, большасьць інцыдэнтаў адбылося пасьля арышту блогера Сяргея Ціханоўскага 6 траўня.

«На сёньня прынамсі 72 чалавек аштрафавалі і 69 чалавек арыштавалі на тэрмін да 15 сутак», — заявілі ва ўпраўленьні вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.

Марэн заклікала беларускі ўрад спыніць ціск на грамадзянскую супольнасьць.

Афіцыйны Менск не прызнае мандат спэцдакладчыка ААН у правах чалавека ў Беларусі, які пачаў дзейнічаць зь 1 лістапада 2012 году.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG