Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пакаралі яшчэ адну ўдзельніцу сустрэчы з камандай Ціханоўскага


Вольга Лобан

Кастрычніцкі раённы суд Магілёва пакараў штрафам у памеры 20 базавых велічыняў Вольгу Лобан маці дваіх дзяцей і інваліда 3 групы па зроку за ўдзел у несанкцыянаваным мітыгну і шэсьці, якія паводле міліцыянтаў, адбыліся 5 траўня.

Вольга сваёй віны не прызнала. Яна даводзіла ў судзе, што людзі сабраліся на Віцебскім праспэкце, калі чалавек у цывільным пырснуў кіроўцу ў твар пярцовым газам. Паводле яе слоў, людзі былі абураныя тым, што міліцыя не прадухіліла супрацьпраўных дзеяньняў невядомага чалавека. Вольга не хавала, што была сярод тых, хто патрабаваў ад міліцыі адказаць чаму тая бязьдзейнічала.

Паводле яе пасьля таго як міліцыя зьехала, людзі засталіся на праспэкце, каб абмеркаваць сытуацыю ў краіне.

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні склалі ў Кастрычніцкім аддзеле міліцыі Магілёва. Паказаньні ў судзе давалі супрацоўнік абласной міліцыі падпалкоўнік Уладзімер Пугачоў, а таксама супрацоўнік ДАІ Артур Цярэшчанка. Яны настойвалі што Лобан была сярод актыўных удзельнікаў мітынгу і шэсьця.

У судзе
У судзе

Судзьдзя Натальля Крашкіна безь перапынку ў працэсе абвясьціла вырак. Паводле яе выраку, віна Вольгі Лобан даказаная.
5 траўня ў Магілёў прыяжджала каманда блогераў каналу «Страна для жизни» на сустрэчу са сваімі прыхільнікамі. На Віцебскім праспэкце іхную калёну спыніла міліцыя, як пазьней высьветліла, каб затрымаць Сяргея Ціханоўскага, які ў Магілёў не прыехаў.

Пасьля інцыдэнту зь міліцыянтамі блогеры правялі сустрэчу з прыхільнікамі. Пазьней за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве былі затрыманыя і асуджаныя больш за дзясятак чалавек.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
  • Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG