Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі амбасадар заявіў, што Захад хоча адарваць Беларусь ад Расеі 


Расейскі амбасадар Дзьмітрый Мезенцаў
Расейскі амбасадар Дзьмітрый Мезенцаў

Заява дыпмісій ЗША, Вялікай Брытаніі і Эўразьвязу з нагоды выбараў беларускага прэзыдэнта зьяўляецца элемэнтам палітыкі, накіраванай на аддаленьне Беларусі ад Расеі, заявіў расейскі амбасадар у Менску Дзьмітрый Мезенцаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Зварот у такой форме да сувэрэннай незалежнай дзяржавы, актыўнай і пасьпяховай удзельніцы значнай колькасьці міжнародных арганізацый, выглядае дзіўна», — цытуе дыплямата Інтэрфакс.

Ад імя ЗША, Вялікай Брытаніі і дзяржаў – чальцоў Эўразьвязу была абнародаваная сумесная заява, у якой адзначаецца, што беларускія ўлады павінны прыняць меры для правядзеньня мірных і адкрытых выбараў.

«У сувязі з тым, што Беларусь пачынае працэс абраньня свайго прэзыдэнта, мы заклікаем прыняць неабходныя меры для правядзеньня бясьпечных, мірных, свабодных і справядлівых выбараў з гарантаваньнем фундамэнтальных свабодаў», — гаварылася ў заяве, апублікаванай на сайце амбасады ЗША.

У сваю чаргу, амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў тлумачыць, што, на яго думку, азначае заклік забясьпечыць свабодныя выбары, не дапускаючы ўмяшаньня звонку:

«Вельмі нескладана прачытаць, на якое ўмяшаньне разьлічваюць нашыя эўрапейскія, амэрыканскія і брытанскія калегі. І цалкам зразумела, што гэта элемэнт вялікай гульні, якая шмат у чым пішацца паводле калькі Зьбігнева Бжэзінскага, які яшчэ ў сярэдзіне 1990-х казаў, што спачатку трэба адарваць Украіну ад Расеі, а потым і Беларусь», — дадаў расейскі амбасадар.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG