Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дастаткова сілаў і сродкаў». Міліцыя абяцае змагацца з парушальнікамі «грамадзкага парадку»


Пікеты для збору подпісаў у Віцебску

У Беларусі сур’ёзна абвастрылася сытуацыя перад выбарамі прэзыдэнта, заявіў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

«Мы канстатуем, што сытуацыя напярэдадні выбараў сур’ёзна напальваецца», — цытуе «Інтэрфакс» міліцэйскага чыноўніка.

Ён адзначыў, што гаворка «не пра нейкія разавыя парушэньні грамадзкага парадку або выбарчага заканадаўства».

«Часта мы бачым сплянаваныя падрыхтаваныя акцыі. Больш за тое, сталі паступаць пагрозы ў дачыненьні да старшыняў выбарчых камісій, якія праводзілі выбары ў парлямэнт. Камісіі на цяперашнія выбары яшчэ не сфармаваныя, а пагрозы гэтым людзям і чальцам іх сем’яў ужо паступаюць», — адзначыў прадстаўнік МУС.

«У сувязі з гэтым хачу заявіць, што МУС мае дастатковую колькасьць сілаў і сродкаў для таго, каб максымальна эфэктыўна нэўтралізаваць падобныя пагрозы», — дадаў ён.

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня. Цяпер ініцыятыўныя групы 14 прэтэндэнтаў працягваюць зьбіраць подпісы ў падтрымку вылучэньня іх кандыдатамі ў прэзыдэнты.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG