Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Звар’яцелы электарат». Чыноўнікі і «сэнатары» крытыкуюць пікет за Сьвятлану Ціханоўскую


Пікет па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, Горадня, 29 траўня
Пікет па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, Горадня, 29 траўня

«Ніякія праплачаныя палітычныя праекты і амбіцыі не павінны ставіць пад пагрозу мірнае жыццё людзей»

«Сэнатарка» ад Менску Марына Ільіна апублікавала ў фэйсбуку допіс, у якім абураецца пікетам з удзелам Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.

«Калі чалавек імкнецца ў вялікую палітыку, то ён павінен перш за ўсё думаць пра бясьпеку тых акцый, якія ён праводзіць. Я думала, што пікеты можна выкарыстоўваць не толькі для збору подпісаў, але і для зносін ініцыятывай групы з патэнцыяльнымі выбаршчыкамі. Чаму некаторыя ініцыятыўныя групы так выбарачна маюць зносіны з народам. Я не хачу паўтарэньня сцэнарыяў масавых беспарадкаў як ва Украіне падчас перадвыбарнай кампаніі. Я хачу спакойна хадзіць па горадзе і адпускаць сваіх дзяцей бяз боязі».

Ільіна атрымала больш за тысячу камэнтароў — пераважна крытычных.

Кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Дзьмітры Варанюк на сваёй старонцы «ЎКантакце» выказаўся ў падтрымку словаў Ільіной.

«Не магу прайсьці міма дзясятка ботаў, якія спрабуюць ачарніць уладу і маю калегу з Савета Рэспублікі. Што робіцца са зварʼяцелым электаратам сумнеўнага кандыдата? — напісаў ён. — Іншых слоў падабраць пра кампанію Ціханоўскага не магу. Калі ён прывозіць на пікеты па 20-50 чалавек і выстройвае іх у чаргу, калі не можа адказаць ні на адно нязручнае пытаньне, называючы гэта правакацыяй? Дазваляе сабе абражаць людзей?»

Пад гэтым допісам Варанюка камэнтары не дазволеныя.

Іншы член Савету Рэспублікі, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц заявіў у інтэрвію БелТА, што «арганізатары незаконных палітычных акцый парушаюць правы мірных грамадзян».

«Акцыі, якія праходзяць у гэты час, незаконныя. Іх арганізатары парушаюць правы мірных людзей. Збор подпісаў павінен строга адпавядаць заканадаўству. І ня толькі выбарчаму», — сказаў ён.

«Калі чалавек парушае закон, правы іншых асоб, то праваахоўныя органы павінны гэта спыняць», — дадаў Чайчыц.

А старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак у інтэрвію АНТ заявіў, што збор подпісаў не павінны ператварацца ў масавыя мерапрыемствы.

«Ніякія праплачаныя палітычныя праекты і амбіцыі не павінны ставіць пад пагрозу мірнае жыццё людзей», — сказаў ён.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG