Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выказалася наконт затрыманьняў у Горадні


Сьвятлана Ціханоўская, здымак 20 траўня
Сьвятлана Ціханоўская, здымак 20 траўня

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская ўначы 30 траўня зрабіла афіцыйную заяву з нагоды затрыманьняў 29 траўня на пікеце ў яе падтрымку.

Інцэдэнт на пікеце ў Горадні з удзелам чалавека ў міліцэйскай форме Ціханоўская назвала правакацыяй. Яна заклікала вызваліць кіраўніка яе перадвыбарчага штаба Сяргей Ціханоўскага. У адмоўным выпадку Ціханоўская паабяцала разглядаць затрыманьне мужа як «ціск на прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнта» Беларусі. Пра ціск Ціханоўская паабяцала заявіць у Цэнтральную выбарчую камісію і Міністэрства ўнутраных спраў.

Што здарылася?

А 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спэцназу падчас перадвыбарчага пікету ў Горадні. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.

Гэта адбылося пасьля таго, як невядомыя жанчыны, якіх сьведкі называлі правакатаркамі, кідаліся на блогера і спрабавалі трымаць яго за вопратку. Яны патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сыйсьці ад жанчын, які хапалі яго за вопратку. Пасьля гэтага зьявілася міліцыя.

У Твітар-акаўнце «Краіны для жыцьця» Сяргея Ціханоўскага зьявілася відэа, на якім бачна, як невядомы мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю маладому мужчыну ў міліцэйскай форме.

Літаральна праз 30 сэкундаў прыбеглі АМАПаўцы і пачалі хапаць Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру.

Паводле інфармацыі УУС Горадзенскага аблвыканкама, усяго затрымалі 10 чалавек.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG