Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» заступілася за дзьмухаўцы, якія ў Менску хочуць зьнішчаць гербіцыдам


Дзьмухаўцы.
Дзьмухаўцы.

У Менску вырашылі пачаць барацьбу зь дзьмухаўцамі, чысьціць газоны ад пустазельля будуць пры дапамозе новага гербіцыду. Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» мяркуе, што татальна ўжываць такі гербіцыд нельга.

«Менскзелянбуд» сьцьвярджае, што гербіцыд бясьпечны для навакольнага асяродзьдзя, але «Ахова птушак Бацькаўшчыны» адзначае: часткай гэтага асяродзьдзя ёсьць і птушкі, для многіх зь якіх дзьмухаўцы — асноўны корм.

Дзеяньні «Зелянбуду» актывісты называюць «прыцэльным ударам па гарадзкой біяразнастайнасьці»:

«Дзьмухавец ня толькі прыгожая кветка, якая ўпрыгожвае гарадзкія газоны, але і самы масавы корм, напрыклад для юрковых птушак, — адзначае «Ахова птушак Бацькаўшчыны». — Насеньнем дзьмухаўцоў сілкуюцца берасьцянкі, шчыглы, зелянушкі, канаплянкі, вераб’і ды іншыя віды. Гэтая крыніца ежы важная і для птушанят. Акрамя таго, дзьмухавец — нэктараносная расьліна, якая падтрымлівае многіх насякомых-апыляльнікаў. Але гербіцыд ударыць ня толькі па адным відзе: на газонах ён павінен пакінуць толькі злакавыя расьліны».

Гербіцыд распрацавалі ў Інстытуце экспэрымэнтальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі — ён ужо даўно ўжываецца на пасевах некаторых сельскагаспадарчых культураў і для барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. 22 траўня ім апрацавалі менскую плошчу Незалежнасьці, зьбіраюцца апрацаваць газоны ўздоўж праспэкту Незалежнасьці.

Доктар біялягічных навук Валер Прохараў, які распрацоўваў гербіцыд, сьцьвярджае, што «дзьмухавец застанецца жывы», бо апрацоўка ідзе толькі ў цэнтральных частках гораду, а птушкам «можа, нават больш корму будзе, бо, калі дзьмухавец гіне, ягоная каранёвая маса прыцягвае велізарную колькасьць чарвякоў».

На думку Прохарава, гербіцыд «спрыяе больш высокай кусьцістасьці газону, памяншае вышыню прыростаў над газоннай травой, а значыць, і частату скошваньня», а дзьмухаўцы ён называе «адным з самых моцных алергенаў».

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» адказвае на гэта: дажджавыя чарвякі ня выратуюць юрковых птушак, бо тыя імі не харчуюцца, ды й чарвякі змогуць выкарыстаць карані адмерлай расьліны толькі адзін раз.

«Травы нецікавыя для насякомых-апыляльнікаў, а ў горадзе ім не даюць завязаць насеньне — рэгулярна скошваюць, — тлумачыць дырэктар «АПБ» Аляксандар Вінчэўскі. — Такі газон зялёны, але мёртвы. Ён добры для футбольнага поля. Але не для гораду.

На мільёнах дзьмухаўцоў і іншых двухдольных кормяцца мільёны матылькоў і пчол, жукоў і птушак. У горадзе ёсьць алергікі на пылок, а ёсьць людзі, якія задыхаюцца ад паху свежаскошанай травы. Трэба шукаць балянс. Нельга татальна ўжываць гэты гербіцыд. Трэба вызначыць і ўзгадніць з энтамолягамі, арнітолягамі, грамадзкасьцю тэрыторыі пад апрацоўку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG