Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія энэргетыкі вырашылі, што рабіць з бусьлянкамі на слупах


Энэргетыкі спынілі зьнішчэньне бусьліных гнёздаў на лініях электраперадач і ўзяліся за канструяваньне спэцыяльных апор, паведамляе грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Канструктарская дакумэнтацыя будзе гатовая ў другім квартале 2020 году — яе распрацоўкай займаюцца «Белэнэрга» і «Белсельэлектрасеткабуд». Ужо правялі першыя выпрабаваньні на здольнасьць апор вытрымліваць працяглую статычную і дынамічную нагрузку.

Праблему разбурэньня бусьлянак на слупах ліній электраперадач апошнім часам актыўна ўздымалі і мясцовыя жыхары, і СМІ, адзначае АПБ. Усё больш буслоў пачынаюць будаваць гнёзды на апорах ЛЭП, таму што асобных прыдатных дрэваў застаецца ўсё менш, а на сучасных дахах умацаваць гняздо наогул немагчыма. Але гнёзды на слупах ЛЭП небясьпечныя: можа здарыцца кароткае замыканьне, і вёска застанецца без электрычнасьці. Акрамя таго, старое гняздо звычайна важыць некалькі цэнтнэраў, і штогод буслы паднаўляюць яго, дадаючы 60-100 кг, а слупы не разьлічаныя на такую нагрузку, ды і саму птушку можа забіць токам.

У канцы жніўня 2019 году Міністэрства прыроды арганізавала нараду, на якой прадстаўнікі Мінэнэрга, «Белэнэрга», ААТ «Белсельэлектрасетбуд», Навукова-практычнага цэнтру біярэсурсаў НАН Беларусі і АПБ знайшлі шляхі яе вырашэньня.

Цяпер спэцыялісты «Белсельэлектрасетбуду» ужо заканчваюць працу над стандартам слупоў з бусьлянкамі, якімі будуць замяняцца звычайныя слупы, якія падабаліся буслам. У красавіку канчатковы варыянт накіруюць у «Белэнэрга», і там сваім загадам увядуць яго ў дзеяньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG