Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кажанчыкі – мі-мі-мішныя». Беларускі навуковец тлумачыць сувязь паміж вірусамі і дзікай прыродай


Кажаны ў заказьніку "Стары Жадзін".
Кажаны ў заказьніку "Стары Жадзін".

Пакуль людзі ў сьвеце жахаюцца, што менавіта кажаны разносяць новы каранавірус, Аляксей Шпак рыхтуецца трэці год запар прымаць іх у «Кажанаполісе» – адмысловым зімовым гатэлі. Без кажаноў з намі будзе бяда, кажа біёляг.

Аляксей працуе старэйшым навуковым супрацоўнікам у лябараторыі малекулярнай заалёгіі Акадэміі навук. Ён адзін з стваральнікаў рэабілітацыйнага цэнтру «Кажанаполіс», дзе могуць перазімаваць кажаны ў «цяжкой жыцьцёвай сытуацыі».

У інтэрвію Свабодзе Аляксей Шпак расказаў, чаму шмат хто незаслужана падазрае кажаноў у пашырэньні хваробаў, патлумачыў, чаму трэба дбаць пра іх добрае самапачуцьцё, і засьцярог людзей ад умяшаньня ў дзікую прыроду.

Адкуль узяўся новы каранавірус? Ён прыйшоў да чалавека зь дзікай прыроды — гэта ўсё, што можна сказаць дакладна, кажа Аляксей. І пакуль ён ішоў адтуль да чалавека, то зазнаў мутацыю. Яго пашырэньне менавіта ў Азіі — таксама невыпадковае.

«Да 1950-х гадоў у палескіх вёсках ня ведалі пра грып. Ніхто не хварэў, бо не было каму гэты грып туды прывезьці, — кажа навуковец. — Шчыльнасьць насельніцтва там была невялікая, вёскі ж раскіданыя на выспах. А хвароба распаўсюджваецца там, дзе большая шчыльнасьць патэнцыйных носьбітаў. Найбольшая шчыльнасьць насельніцтва на плянэце — у Азіі. Там добры асяродак для ўзьнікненьня хваробы».

Аляксей Шпак
Аляксей Шпак

«Сярод кажаноў цыркулюе вірус, на 96% генэтычна падобны да COVID-19»

Пасьля выяўленьня новага каранавірусу ў кітайскім Ухані шмат якія СМІ пісалі, што вінаваўцамі эпідэміі сталі кажаны, якія спачатку перадалі яго яшчаркам, а тыя чалавеку. Навуковец кажа, што кажаны і сапраўды ёсьць носьбітамі шмат якіх вірусаў, але супакойвае, што гэтыя вірусы звычайна не перадаюцца іншым жывёлам.

«Імунная сыстэма кажаноў вельмі цікава рэагуе на гэтыя вірусы. Ва Ўхані, дзе пачалася эпідэмія, ёсьць нават цэлы інстытут, які займаўся вывучэньнем кажановых вірусаў і рэакцыяй іх імуннай сыстэмы. Але гэта стэрэатып, быццам вірус і атыповая пнэўманія, той самы COVID-19, пайшоў ад кажаноў. І няма ніякіх навуковых доказаў, што гэты вірус нейкім чынам перадаўся чалавеку».

Цяперашні COVID-19, які цыркулюе ў папуляцыі чалавека, — гэта не зусім той вірус, які ёсьць у кажаноў, хаця яны і вельмі падобныя. Імавернасьць, што вірус трапіў ад кажана да іншай жывёлы, а ад яе да чалавека, або што гэта непасрэдны мутаваны вірус ад кажана, навуковец называе ўсяго гіпотэзамі.

«У эўрапейскай культуры кажан — нейкая незвычайная жывёліна, нешта бруднае, павязанае зь нячыстай сілай. Улетку ці ўзімку да мяне тэлефануюць людзі наконт кажаноў. Першае, што яны кажуць: „У кажана ж шмат заразаў“. Адкуль гэта пайшло — невядома, але гэта стэрэатып. Кажаны і сапраўды могуць быць носьбітамі шмат якіх вірусаў. Але імавернасьць перадачы гэтага вірусу чалавеку вельмі малая».

Паводле біёляга, у Беларусі і Эўропе існуе толькі адзін вірус, які можна выявіць у кажаноў і які мае небясьпеку для чалавека — гэта вірус шаленства. Але перадацца ён можа, толькі калі кажан вас укусіць. А кажан, дадае Аляксей, можа ўкусіць чалавека толькі тады, калі той возьме яго голымі рукамі. Больш небясьпечны кажан для іншых жывёлаў, бо ў ягоным арганізьме можа жыць вельмі шмат небясьпечных вірусаў, якія наўпрост забіваюць іх. Напрыклад, згаданы ўжо вірус шаленства.

«Звычайна сысуны паміраюць ад шаленства. А кажаны — не. Цягам эвалюцыі, мільёнаў гадоў, імунная сыстэма кажаноў працуе так, што кажаны і вірусы суіснуюць адзін з адным, вірусы не прыносяць ім ніякай шкоды. У папуляцыях кажаноў цыркулюе вельмі генэтычна падобны да COVID-19 вірус — на 96%. Але ён проста фізычна ня можа прымацавацца да сьлізістых абалонак чалавека. Яго перадача ад кажана чалавеку зусім немагчымая».

«Ня будзе кажаноў — ня будзе лясоў, садоў, паркаў і палёў»

Тым ня менш час ад часу гучыць ідэя пазбавіцца папуляцыі кажаноў на ўзор адстрэлу дзікоў, каб спыніць пашырэньне афрыканскай чумы сьвіней. Аляксей Шпак называе такія ідэі ня проста бессэнсоўнымі, але і вельмі небясьпечнымі.

«У Беларусі таксама шмат дзікоў забілі. Але цяпер зьявіліся дасьледаваньні, у тым ліку і ў Польшчы, якія паказалі, што фізычнае зьнішчэньне дзікоў прывяло да большага пашырэньня вірусу чумы сьвіней. Гэта робяць паляўнічыя. Яны зьяжджаюцца з усё Польшчы, каб прыняць удзел у зьнішчэньні сьвіней, а потым гэты вірус разносяць па хатах, па ўсёй краіне. Можа яшчэ ўсіх птушак забіць праз птушыны грып? Сабакі і каты таксама носьбіты розных каранавірусаў. Дык што, усіх зьнішчаць?»

Калі ня будзе кажаноў, то шкоднікі могуць зьесьці лясы, сады, паркі і палі, кажа навуковец. Рэч у тым, што кажаны ў Беларусі харчуюцца выключна начнымі кузуркамі і ядуць іх вельмі шмат, прыкладна палову ад масы ўласнага цела за ноч — а гэта ажно 15 грамаў жамяры. Шмат начных кузурак — шкоднікі. З чалавечага гледзішча, кажаны — рэгулятары колькасьці шкоднікаў, тлумачыць Шпак.

«Мусім разумець, што калі мы зьнішчаем групу жывёлаў, то можам незваротна парушыць экалягічны балянс. Калі ён парушаны, то можа стацца, што нам ня будзе чаго есьці і піць. Немагчыма зьнішчыць усе вірусы, нават калі мы зьнішчым усю дзікую прыроду. Бо ў людзях таксама жыве вельмі шмат вірусаў і яны таксама могуць мутаваць».

«Я 20 гадоў працую з кажанамі і дагэтуль жывы»

Два гады таму, каб дапамагчы кажанам, Аляксей разам з арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Рэспубліканскім цэнтрам экалёгіі і краязнаўства сварылі рэабілітацыйны цэнтар «Кажанаполіс». Грошы зьбіралі праз краўдфандынг. Мэта цэнтру — даць кажанам шанец перажыць зіму. Там сёлета зімавала 68 жывёлаў. Нядаўна іх выпусьцілі, а ў другой палове лістападу пачнецца новае засяленьне.

«Мы прымаем жывёлаў, якія апынуліся ў складаных жыцьцёвых умовах. Бо ўзімку яны не будуюць сабе гнёздаў. Яны могуць жыць у дуплах, у пячорах або чалавечых будынках. Вельмі часта людзі знаходзяць узімку кажаноў у сябе на гаўбцах, у пад’ездах, нават на сьнезе ці на зямлі. Жывёлаў проста негуманна пакідаць на вуліцы, таму што яны загінуць. Яны ўпадаюць у сьпячку, бо ўзімку няма чаго есьці».

Гэта не дзівацтва аматараў кажаноў. Такія цэнтры працуюць ужо ў шэрагу эўрапейскіх краін, а перад Беларусьсю адкрыліся ў суседзяў — ва Ўкраіне і Расеі. Усе эўрапейскія віды кажаноў знаходзяцца ў рознага кшталту чырвоных сьпісах і абароненыя канвэнцыямі. У Беларусі 8 з 19 відаў кажаноў у Чырвонай кнізе.

«Кажанчыкі — мі-мі-мішныя. Гэта вельмі ўразьлівая група сысуноў. Яны знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Кажаны — важны фактар захаваньня біяразнастайнасьці». Вядома, ён можа ўкусіць і заразіць шаленствам. Але толькі тады, валі вы возьмеце яго голай рукой. Сам ён ня ўкусіць. Нават у хворага кажана няма агрэсіўнай стадыі шаленства. Трэба проста надзяваць пальчаткі. Я 20 гадоў працую з кажанамі і дагэтуль жывы».

Кажан у заказьніку "Стары Жадзін".
Кажан у заказьніку "Стары Жадзін".

У ДОМ ЗАЛЯЦЕЎ КАЖАН — ШТО РАБІЦЬ?

  • Не панікуй — кажан баіцца больш за цябе.
  • Не спрабуй яго злавіць: можаш траўмаваць!
  • Не дапускай кантактаў кажана з свойскімі жывёламі.
  • Калі кажан заляцеў у цёплую пару году, дачакайся вечара, адчыні вокны — пасьля захаду сонца кажан зьляціць сам.
  • Калі кажан знойдзены ўзімку, неадкладна звані ў «Кажанаполіс» (+375 29 213 92 57), там жывёліне дапамогуць перажыць зіму.
  • Калі ўсё ж трэба ўзяць кажана ў рукі (напрыклад, жывёліна ляжыць на падлозе), рабі гэта толькі ў шчыльных пальчатках. Няма пальчатак? Акуратна накрый кажана скрыняй, падсунь пад яе шчыльны аркуш паперы ці кардону і вынесі жывёліну на двор. Асьцярожна пасадзі кажана на ствол дрэва ці іншую вэртыкальную паверхню і пасьля гэтага ўпэўніся, што жывёліна адляцела.
  • Ні ў якім выпадку ня скідвай кажана з акна ці з гаўбца — ён можа ўпасьці на зямлю і стаць здабычай драпежнікаў.
  • Памятай: кажанам пагражае зьнікненьне. 8 відаў кажаноў занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.

«Вірус — наступства агрэсіўнага кантакту чалавека зь дзікай прыродай»

Больш небясьпечнымі для чалавека навуковец называе бадзяжных сабак і катоў, якія жывуць побач зь людзьмі ў гарадах. Гэта вельмі вялікі рэзэрвуар паразытарных і вірусных захворваньняў, кажа Аляксей.

«Побач зь людзьмі, у горадзе, такіх жывёлаў увогуле не павінна быць. Усе мы ведаем выпадкі, калі напаўдзікія сабакі накідваюцца на людзей. Нават у Менску. Я не прыхільнік забойстваў. Ёсьць эўрапейскі прыклад, які паказвае, што гэтае пытаньне можна разьвязаць стэрылізацыяй. І такім чынам іх папуляцыя не расьце. У некаторых эўрапейскіх краінах ёсьць сур’ёзная адміністрацыйная адказнасьць, калі вы завялі сабачку, ён вам абрыдзеў і вы яго выкінулі на вуліцу. У Італіі за гэта некалькі тысяч эўра штрафу ці нават турэмны тэрмін».

Ужо дакладна вядома, што на COVID-19 могуць хварэць прадстаўнікі сямейства каціных. У Нью-Ёрку на COVID-19 захварэла тыгрыца. Могуць захварэць і каты. Але няма доказаў, што яны перадаюць захворваньне чалавеку. У Конга на COVID-19 захварэлі таксама гарылы. Там гэта вельмі вялікая праблема, поколькі гэтых жывёлаў там засталіся дзясяткі. Вірус ня ўзьнік сам па сабе. Гэта наступства ўмяшаньня чалавека ў дзікую прыроду, перакананы навуковец, вельмі агрэсіўнага кантакту зь дзікай прыродай.

Стары Жадзен - гэта лесабалотны комплекс.
Стары Жадзен - гэта лесабалотны комплекс.

«Ва Ўхані ёсьць вялікі кірмаш, дзе прадаюць шмат жывёлаў. Уявіце сабе, што там там сядзяць побач жывёлы, якія ў дзікай прыродзе ніколі не сустракаюцца. У кожнай жывёліны свае спэцыфічныя вірусы, уявіце, якая гэта „зямля абяцаная“, каб вірусы там мутавалі. Кітай ужо пачаў прымаць захады, каб забараніць гандаль дзікімі жывёламі. Уявіце сабе, што там адбывалася, калі любы чалавек пайшоў у лес, набіў, каго захацеў, прыцягнуў на ўханьскі рынак і пачынае прадаваць».

У дзікай прыроды павіны быць свае куточкі, дзе яна будзе існаваць безь перашкодаў, кажа Аляксей. Запаведнікаў і нацыянальных паркаў павінна быць як мага больш.

«Нехта кажа, што людзям цалкам трэба адмовіцца ад мяса. Але калі гэта ня дзікая жывёла, то небясьпекі заразіцца вірусам няма. Пагатоў для мясных прадуктаў харчаваньня выкарыстоўваюць такую шалёную дозу антыбіётыкаў і іншых прэпаратаў, што я б зусім такога не баяўся. Вірусы суправаджаюць усе жывыя арганізмы ўжо мільёны гадоў. Ня будуць гэтыя, дык будуць іншыя. І насамрэч эпідэміялягічная сытуацыя будзе рабіцца ўсё горшай і горшай. Бо насельніцтва Зямлі расьце, шчыльнасьць павялічваецца, а людзі могуць працягваць умешвацца ў дзікую прыроду. Таму важна памятаць, што кажан вас ня ўкусіць, пакуль вы ня возьмеце яго голым рукамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG