Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праскаму старасту, які крытыкаваў Пуціна, прыслалі поштаю белы парашок


Павэл Новатны, архіўнае фота

У Чэхіі стараста праскага раёну Ржэпарые Павэл Новатны, ініцыятар устаноўкі памятнага знака ў гонар байцоў Расейскай вызвольнай арміі («уласаўцаў», РОА), атрымаў 28 траўня на свой працоўны адрас канвэрт, у якім знаходзіўся невядомы белы парашок, паведамляе Праскае радыё.

На месца прыбыла паліцыя і спэцыяльнае падразьдзяленьне пажарнай аховы, якое займаецца хімічнымі пагрозамі (пажарныя ў Чэхіі адыгрываюць ролю МНС). Пасьля агляду канвэрта і праверкі яго рэнтген-апаратам пажарныя адвезьлі канвэрт для далейшага вывучэньня. Што гэта было за рэчыва, пакуль незразумела. Таксама не паведамляецца, хто быў адпраўнікам.

Новатны не камэнтаваў знаходкі. Самога яго не эвакуявалі, ён застаўся ў будынку раённай управы.

Імя Паўла Новатнага стала вядома ў пасьля таго, як ён выступіў з ініцыятывай устаноўкі мэмарыяльнай дошкі байцам РОА, якія ў траўні 1945 гады аказалі дапамогу Праскаму паўстаньню. Дошка і памятны знак у гонар уласаўцаў былі ўстаноўлены ў канцы красавіка сёлета.

Прадстаўнікі расейскіх уладаў рэзка крытыкавалі чэскага палітыка, абвінавачваючы ў апраўданьні нацызму і ў русафобіі. Новатны, у сваю чаргу, крытыкаваў расейскія ўлады і асабіста Уладзіміра Пуціна.

Нядаўна стала вядома, што Паўлу Новатнаму і яшчэ двум чэскім палітыкам — старасту раёну Прага-6 і мэру Прагі — была дадзеная паліцэйская ахова.

Чэскія СМІ апублікавалі са спасылкай на спэцслужбы інфармацыю аб тым, што ў Прагу прыбыў супрацоўнік расейскай дыпмісіі з атрутным рэчывам рыцынам, як мяркуецца, для арганізацыі замаху на палітыкаў.

СМІ высьветлілі, што гаворка ідзе пра выканаўцу абавязкаў кіраўніка праскага аддзяленьня «Россотрудничества» Андрэя Канчакова. Сам ён катэгарычна адмаўляе, што завёз у Прагу рыцын. На патрабаваньне амбасады Расеі яму таксама далі ахову. Афіцыйна ўлады Чэхіі не выступалі з абвінавачваньнямі ў адрас Канчакова, а саму вэрсію пра рыцын не пацьвярджалі і не зьняпраўджвалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG