Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе ўсталявалі помнік і мэмарыяльную дошку ўласаўцам


На ўскраіне Прагі, у раёне Ржэпарыі, 30 красавіка муніцыпальныя ўлады ўсталявалі мэмарыяльную дошку і помнік салдатам Рускай вызваленчай арміі (РОА). У траўні 1945 году яны аказалі дапамогу Праскаму паўстаньню.

На таблічцы разьмешчаны тэкст аб тым, што ў раёне Ржэпарыі кіраўніцтва першай дывізіі РОА пад камандаваньнем Сяргея Буняченкі прыняло рашэньне прыйсьці на дапамогу жыхарам Прагі, якія паўсталі супроць нямецкай акупацыі. У тэксьце ёсьць згадка пра неадназначнае ўспрыманьне гістарычнай ролі салдат РОА (якіх таксама называюць уласаўцамі паводле прозьвішча камандуючага арміяй Андрэя Ўласава). У дадатак прыводзіцца цытата з кнігі «Архіпэляг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына з пытаньнем, ці ведалі чэхі, якія менавіта рускія ратавалі горад.

«300 вайскоўцаў Рускай вызваленчай арміі загінулі за вызваленьне Прагі», — напісана на памятнай пліце.

Акрамя мэмарыяльнай дошкі, усталяваны таксама памятны знак у выглядзе трохмэтровага мэталічнага слупа, на вяршыні якога знаходзіцца мініятурная фігурка танка, накрытага нямецкай ваеннай каскай.

Усталяваньне мэмарыяльнай дошкі каштавала 153 тысячы чэскіх крон (крыху больш за шэсьць тысяч даляраў). Стараста раёну Павэл Новатны таксама заявіў, што набыў камэры відэаназіраньня. Яны ўжо падключаныя.

Паводле Новатнага, артэфакт ў выглядзе слупа з фігуркай танка — гэта падарунак вядомага мастака, які, аднак, не захацеў, каб яго імя называлася. (выданьне IDnes.cz пісала, што ім мог быць чэскі скульптар Давід Чэрны).

Раней Новатны пісаў, што цырымонія можа прайсьці 5 траўня. Аднак у Чэхіі ў рамках барацьбы з каранавірусам дзейнічае забарона на правядзеньне публічных захадаў.

Рада праскага раёну ўхваліла ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі ў сьнежні летась. Усталяваньне памятнага знаку байцам РОА выклікала рэзкую крытыку з боку расейскага МЗС. Міністэрства тады заявіла, што РОА была калябарацыянісцкім узброеным фармаваньнем, створаным нацысцкім кіраўніцтвам Трэцяга рэйху. Помнік уласаўцам, на думку амбасады, будзе парушэньнем вынікаў Нюрнбэрскага трыбуналу, згодна з якімі ваенныя злачынствы ня маюць тэрміну даўнасьці.

Новатны у адказ заявіў, што манумэнт ня ўвекавечыць салдат РОА як калябарацыяністаў, а адзначыць іх канкрэтныя баі з вэрмахтам за Прагу ў 1945 годзе. Пры гэтым стараста адзначыў, што ніколі не паставіў бы помнік генэралу Ўласаву.

Некаторыя чэскія гісторыкі лічаць, што Новатны і яго раён вядуць кампанію самарэклямы, якая мае няшмат агульнага з падзеямі 1945 году. У прыватнасьці, яны адзначаюць, што загад дапамагчы Праскаму паўстаньню быў аддадзены ня 6 ў Ржэпарыі, а 5 траўня і ў зусім іншым месцы — паселішчы Сухамасты.

  • Фармаваньне падразьдзяленьняў РОА з палонных салдат Чырвонай арміі пачалося падчас Другой сусьветнай вайны ў 1943 годзе. Фактычна баяздольныя злучэньні пачалі стварацца ў 1944 годзе пасьля стварэньня Камітэту вызваленьня народаў Расеі. Узначаліў яго Андрэй Уласаў, савецкі военачальнік, кавалер ордэну Леніна, які перайшоў на бок Нямеччыны.
  • У баях з Чырвонай арміяй на Усходнім фронце ўдзельнічалі нешматлікія падразьдзяленьні РОА. Незадоўга да паразы Нямеччыны кіраўніцтва РОА прыняло рашэньне выйсьці з падпарадкаваньня нямецкаму камандаваньню і прабівацца на Захад, каб здацца ў палон заходнім саюзьнікам. 1-я дывізія ўласаўцаў пад камандаваньнем Буняченкі прыняла ўдзел у Праскім паўстаньні, аднак кіраўніцтва паўстанцаў 7 мая прадпісала ім пакінуць горад.
  • Адносна ролі РОА ў вызваленьні Прагі і гістарычнай ацэнкі іх дзейнасьці ў чэскім грамадзтве вядуцца спрэчкі. Шэраг гісторыкаў паказваюць на тое, што частка байцоў 1-й дывізіі РОА раней належала да падразьдзяленьняў, якія ўзялі ўдзел у падаўленьні Варшаўскага паўстаньня.
  • Генэрал Уласаў і яго набліжаныя былі пакараныя ў Маскве паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе, прысуд да гэтага часу застаецца ў сіле.
  • 3 красавіка ў Празе дэмантажавалі помнік савецкаму маршалу Івану Коневу. Рада раёну Прага-6 прыняла рашэньне аб зносе статуі летась. Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу аб рэабілітацыі нацызму. У самой Чэхіі дзеяньні раённых уладаў асудзіў прэзыдэнт Мілаш Зэман.
  • 23 красавіка стала вядома, што мэр Прагі Здэнэк Гржыб, стараста раёну Ржэпарыі Павэл Новатны і стараста раёну Прага 6 Ондржэй Коларж знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай. У першых двух выпадках ахова носіць прэвэнтыўны характар, піша Respekt. Коларжу пагражалі забойствам. Ці зьвязана гэта са зносам помніка і устанаўленьнем мэмарыяльнай дошкі ўласаўцам, не паведамляецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG