Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыцын, маршал Конеў і трэція сілы. Чаму ў Чэхіі лічаць, што «расейскі агент» мог рыхтаваць атручваньне праскіх чыноўнікаў


Дэмантаж помніка маршалу Коневу

Чэскія СМІ, спасылаючыся на неназваныя крыніцы ў спэцслужбах, назвалі імя чалавека, які нібыта прывёз у Прагу з Расеі атруту рыцын. На думку крыніц СМІ ў спэцслужбах, гэтым рэчывам нібыта меліся атруціць мэра сталіцы і кіраўніка раёну Прага-6 з прычыны некалькіх буйных дыпляматычных скандалаў. Расея называе заявы чэскіх журналістаў «бяздоказнай правакацыяй». «Настоящее время» расказвае, як разьвівалася «рыцынавая справа»

Маршал Конеў, уласаўцы, Нямцоў

За мінулыя паўгода паміж уладамі Расеі і Прагай адбылося некалькі буйных дыпляматычных скандалаў. Усе яны прычыніліся да пагаршэньня адносін паміж дзьвюма краінамі.

У сьнежні 2019-га рада раёну Прага-Ржэпарые на паўднёвым захадзе сталіцы аднагалосна ўхваліла ўсталяваньне памятнага знака салдатам РОА (Расейскай вызвольнай арміі) генэрала Андрэя Ўласава, якія дапамаглі ў вызваленьні Чэхаславаччыны падчас Другой усясьветнай вайны. Паводле гістарычных дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў праскіх архівах, за некалькі дзён да капітуляцыі Нямеччыны атрад уласаўцаў падтрымаў паўстаньне жыхароў Прагі супраць нацыстаў і вызваліў вёску, якая на той момант была асобным населеным пунктам і не ўваходзіла ў склад гораду.

Гэтае рашэньне стала прычынай буйнога дыпляматычнага канфлікту паміж Расеяй і Чэхіяй. Расейскі МЗС заявіў, што ўсталяваньне памятнага знака — «блюзьнерства», і абвінаваціў Чэхію ва ўвекавечваньні памяці «нацыстаў», а прэзыдэнт Уладзімір Пуцін назваў уласаўцаў калябарантамі. Расея лічыць адзінымі вызваліцелямі Прагі ад нацыстаў у 1945 годзе байцоў Чырвонай арміі на чале з маршалам Іванам Коневым, такую ж вэрсію выказвалі ўлады ў сацыялістычнай Чэхаславаччыне. Але цяпер у Чэхіі лічаць, што ў вызваленьні Прагі, акрамя савецкіх войскаў, бралі ўдзел таксама байцы РОА і амэрыканскія вайскоўцы.

Плошча Нямцова

У пятую гадавіну забойства расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова, 27 лютага 2020 году, у Празе ў гонар яго перайменавалі плошчу насупраць расейскай амбасады. Раней яна называлася Пад Каштанамі. Адкрыцьця плошчы дамагалася дачка забітага палітыка Жанна Нямцова. Расея на перайменаваньне афіцыйна ніяк не адрэагавала, але ў сярэдзіне красавіка расейская амбасада зьмяніла свой юрыдычны адрас на адрас консульскага аддзелу, які фактычна месьціцца ў вартоўні на суседняй вуліцы.

Маршал Конеў

Раніцай 3 красавіка 2020-га ўлады раёну Прага-6 зьнялі з пастамэнту помнік маршалу Чырвонай Арміі Івану Коневу, які стаяў там з 1980 году, і перанесьлі яго ў музэй. Конеў у 1945 годзе камандаваў часткамі Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў вызваленьні Чэхаславаччыны ад нацысцкай Нямеччыны. На месцы статуі маюць паставіць мэмарыял у гонар вызваленьня Прагі ў Другой усясьветнай вайне.

Мясцовыя ўлады заяўлялі, што прынялі рашэньне аб зносе помніка з прычыны частых выпадкаў вандалізму. У апошнія гады на ім то пакідалі графіці «Не крываваму маршалу», то аблівалі яго ружовай фарбай. У асноўным гэта зьвязана зь неадназначным стаўленьнем пражанаў да дзеяньняў Чырвонай Арміі ў Чэхаславаччыне: з аднаго боку, краіна была вызвалена ад нямецкай акупацыі ў гады Другой усясьветнай, з другога — у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе быў усталяваны камуністычны рэжым.

Рашэньне аб зносе было прынята яшчэ ўвосень 2019-га, але, па словах прадстаўніка Прагі-6, дэмантаж помніка адбыўся напярэдадні 75-годзьдзя вызваленьня Прагі, таму што «нарэшце былі вырашаныя працэдурныя пытаньні». У пасольстве назвалі гэта вандалізмам і накіравалі пратэст Міністэрству замежных спраў Чэскай Рэспублікі. Пазьней Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў сувязі са зносам помніка.

Чалавек з чамаданам

У канцы красавіка адзін з галоўных чэскіх палітычных часопісаў Respekt паведаміў, што празь некалькі дзён пасьля зносу помніка Коневу ў Прагу з Расеі прыляцеў мужчына з расейскім дыпляматычным пашпартам. З прычыны эпідэміі каранавірусу ў краіне ўжо некалькі тыдняў дзейнічаў карантын, і межы для пасажырскіх пералётаў былі закрытыя. Як сьцьвярджае выданьне са спасылкай на неназваныя крыніцы ў спэцслужбах, мужчыну сустрэў аўтамабіль расейскага дыппрадстаўніцтва і адвёз у амбасаду, а ў партфэлі пасажыра магла знаходзіцца сьмяротная атрута рыцын. Як сьцьвярджаюць у выданьні, чэскія спэцслужбы лічаць гэтага чалавека дзейным супрацоўнікам расейскіх спэцслужбаў, які мог рыхтаваць замах на мэра Прагі Здэнека Гржыба і кіраўніка раёну Прага-6 Ондржэя Коларжа.

Неўзабаве пасьля таго, як у чэскіх спэцслужбах западозрылі магчымы замах на палітыкаў, абодвух узялі пад 24-гадзінную ахову. Мэр Гржыб пацьвердзіў гэтую інфармацыю ў інтэрвію «Настоящему времени». Ён сказаў, што за ім і яго сям’ёй з канца сакавіка сачылі, але адмовіўся падаць якія-небудзь дэталі. Коларж таксама пацьвердзіў, што да яго прыстаўленая ахова, і заявіў, што не баіцца магчымых наступстваў, бо выконвае волю жыхароў свайго раёну.

10 траўня ў эфіры тэлевізійнай праграмы «168 гадзін» на Чэскім тэлебачаньні, таксама са спасылкай на неназваныя крыніцы ў сілавых структурах, паведамілі, што ў замаху падазраюць в.а. кіраўніка прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Чэхіі Андрэя Канчакова. Але, па дадзеных журналістаў «168 гадзін», ён прыляцеў у Прагу не пасьля зносу помніка Коневу, як раней сьцьвярджаў Respekt, а 14 сакавіка. Расейскае выданьне The Insider праз свае крыніцы пацьвердзіла, што Канчакоў прыбыў у Прагу 14 сакавіка і знаходзіцца там да гэтага часу, але не змагло ўсталяваць яго сувязь са спэцслужбамі Расеі. Спасылаючыся на свае крыніцы, чэскае выданьне Seznam Zpravy сьцьвярджае, што розьніца ў днях тлумачыцца тым, што ахову да мэра і кіраўніка раёну прыставілі менавіта пасьля зносу помніка, 6 красавіка.

У камэнтары «Настоящему времени» суаўтарка расьсьледаваньня праграмы «168 гадзін» Крыстына Цыракава расказала, што на пытаньні, якія яны адправілі Канчакову, адказаў ня ён сам, а расейская амбасада.

«Ніхто з нас, вядома, не чакае, што Канчакоў прызнаецца ў тым, што зьяўляецца тайным агентам. Расея ад самага пачатку адмаўляе ўсю гэтую гісторыю, гэтаксама як і расейская амбасада ў Празе. Уласна, калі мы яго прасілі даць нам інтэрвію, ён папрасіў даслаць яму пытаньні па электроннай пошце, мы так і зрабілі, а на нашыя пытаньні ўжо адказвала амбасада, а ня ён. І яны адказалі агульнымі фразамі, што ўся гэтая гісторыя не зьяўляецца праўдзівай», — сказала Цыракава.

"Бяздоказныя правакацыі"

Кіраўнік Рассупрацоўніцтва Элеанора Мітрафанава ў камэнтары РИА Новости назвала публікацыі чэскіх СМІ пра тое, што Канчакоў мог прывезьці атруту ў краіну, «бяздоказнай правакацыяй».

«Гэтая гісторыя доўжыцца даўно. Гэта, вядома, у чыстым выглядзе правакацыя, рэакцыя на сытуацыю са зносам помніка на дадатак. Ёсьць сілы, якія хочуць узмацніць гэтую адмоўную рэакцыю, але ў Чэхіі далёка ня ўсе такія. Наш прадстаўнік у Чэхіі — малады чалавек з чэскай мовай, які добра ставіцца да гэтай краіны і любіць яе», — сказала Мітрафанава.

Сам Канчакоў у інтэрвію чэскаму выданьню Seznam Zpravy назваў абвінавачаньні непаразуменьнем. Паводле ягоных слоў, у чамадане ён вёз «дэзынфэкцыйны сродак і цукеркі». Іншыя камэнтары Канчак даваць адмовіўся, спаслаўшыся на дыпляматычны пратакол, і папрасіў даслаць яму сьпіс пытаньняў. На момант публікацыі гэтага матэрыялу адказы на пытаньні журналістаў дыплямат не даслаў.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава назвала публікацыі ў чэскіх СМІ пра атручваньне, якое, магчыма, рыхтавалася, фэйкам і ўкідам і заявіла, што адносіны Чэхіі і Расеі спрабуюць разбурыць «трэція сілы». Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў назваў публікацыі ў чэскіх СМІ «газэтнай качкай».

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман, якога ў краіне часта абвінавачваюць у прарасейскіх поглядах, неаднаразова абвінавачваў мэра Прагі (прадстаўніка Пірацкай партыі) у спробе прапіярыцца за кошт Расеі. Зэман заяўляў, што сумняецца ў праўдзівасьці інфармацыі пра магчымасьць падрыхтоўкі атручваньня Гржыба і Коларжа.

«Пакуль не прыедуць у Расею, нічога зь імі ня здарыцца. Мне здаецца, [гэтая гісторыя] — залішне перабольшаная рэакцыя, але рэакцыя на глупства, якое стварылі нашы палітыкі, якія больш нічым ня могуць пахваліцца. [Кіраўнікоў] Прагі-6, Прагі і Ржэпарые павінны турбаваць толькі справы іхніх акругаў, а дзяржаўную палітыку хай пакінуць палітыкам, — сказаў Зэман, дадаўшы, што яго расьсьмяшыла, што меркаваны расейскі агент нібыта прыехаў з рыцынам. — Мае сьціплыя веды ў галіне хіміі кажуць пра тое, што рыцын — гэта нейкае слабіцельнае».

Пазьней прадстаўнік Зэмана сказаў, што прэзыдэнт зблытаў атруту рыцын з рыцынай, або касторавым алеем. У чэскай мове назвы гэтых рэчываў таксама гучаць падобна — ricin і ricinovy olej.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG