Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская газэта назвала супрацоўнікам ФСБ дыплямата, падазраванага ў перавозе рыцыну


Расейскі дыплямат, западозраны ўладамі Чэхіі ва ўвозе ў краіну небяспечнай атруты рыцыну, быў супрацоўнікам ФСБ. Пра яго прыезд чэскія спэцслужбы папярэдзіла ананімнае паведамленьне. У ім сьцьвярджалася, што расеец мог везьці з сабой дзьве атруты, а не адну. Пра гэта піша чэская газэта «Lidové noviny».

У канцы красавіка тыднёвік «Respekt» паведаміў аб прыбыцці ў Прагу расейскага дыплямата з рыцынам у багажы. Крыніцы выданьня паведамілі, што ён мог быць агентам расейскіх спэцслужбаў. Чэская контравыведка падазравала, што Масква можа планаваць напад на муніцыпальных чэскіх палітыкаў. Пад ахову былі ўзятыя мэры двух праскіх раёнаў і самой Прагі.

Паводле дадзеных «Lidové noviny», дыплямат, пра якога папярэдзілі спэцслужбы, быў супрацоўнікам ФСБ пад прыкрыцьцём. Ён прыбыў у горад 14 сакавіка. У аэрапорце яго сустрэў супрацоўнік службы бясьпекі расейскай амбасады. У ананімным паведамленьні сьцьвярджалася, што ён мог везьці з сабой дзьве атруты, а не адну. Разам з рыцынам ён мог перавозіць і таксічны саксітаксін.

Аднак ці сапраўды ён даставіў гэтыя атруты — невядома. Паводле сьцьвярджэньня газэты, расеец дагэтуль можа знаходзіцца на тэрыторыі Чэхіі, бо яго няма за што абвясьціць пэрсонай нон грата. А публікацыі ў СМІ пра яго зьяўленне ў краіне паставілі ўлады Чэхіі ў няёмкую сытуацыю, бо яны не могуць даказаць, што ён сапраўды ўяўляў для каго-небудзь небясьпеку.

Расейскія ўлады гісторыю з рыцынам абвяргаюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG