Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта адкрылі выбарчыя рахункі


Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала абноўлены сьпіс выбарчых рахункаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Па стане на 27 траўня ў сьпісе шэсьць рахункаў.

Рахункі маюць:

  • Андрэй Дзьмітрыеў;
  • Віктар Бабарыка;
  • Алесь Таболіч;
  • Ганна Канапацкая;
  • Сьвятлана Ціханоўская;
  • Валер Цапкала.

Рахункаў яшчэ ня маюць:

  • Юры Ганцэвіч;
  • Юрась Губарэвіч;
  • Вольга Кавалькова;
  • Мікалай Казлоў;
  • Натальля Кісель;
  • Аляксандар Лукашэнка;
  • Уладзімер Няпомняшчых;
  • Сяргей Чэрачань.

Памер фонду абмежаваны 9 тысячамі базавых велічынь — сёлета гэта 243 тысячы рублёў, або каля 101 тысячы даляраў. Грошы ў фонд можа ўносіць любы грамадзянін Беларусі (да 20 базавых — 540 рублёў), прымаюцца грошы і ад юрыдычных асобаў (да 50 базавых — 1350 рублёў), і з кішэні самога патэнцыйнага кандыдата.

На выбарах 2015 году ніхто з кандыдатаў не набраў максымальнай сумы фонду ў 1,62 млрд рублёў (недэнамінаваных; на цяперашнія грошы гэта 162 тысячы). На рахунак Аляксандра Лукашэнкі налічылі 1 541 935 рублёў, на рахунак Сяргея Гайдукевіча — 42 млн, Мікалая Ўлаховіча — 33,3 млн, Тацяны Караткевіч — 25 млн.

Як расказвала «Эўрарадыё» старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, Лукашэнка тады патраціў гэтыя грошы найперш на выраб агітацыйнай прадукцыі — звыш 1,276 млрд. Яшчэ 15,355 млн пайшлі на публікацыі ў СМІ, 34 млн — на арэнду памяшканьняў для штабу, 216 млн — на «іншыя выдаткі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG