Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускамоўнай старонцы ЦВК Беларусі галоўная навіна — пра выбары ў Таджыкістане


Скрыншот тытульнай старонкі беларускамоўнай вэрсіі сайта ЦВК па стане на 13.00 20 траўня 2020 году. Заканчваецца другі тыдзень прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Скрыншот тытульнай старонкі беларускамоўнай вэрсіі сайта ЦВК па стане на 13.00 20 траўня 2020 году. Заканчваецца другі тыдзень прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Горадзенскія праваабаронцы паскардзіліся ў ЦВК на ЦВК з прычыны дыскрымінацыі беларускай мовы, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Горадзенскія назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Сьвятлана Рудкоўская і журналіст Уладзімер Хільмановіч даслалі ў Цэнтральную выбарчую камісію ліст, у якім адзначылі недапушчальнасьць дыскрымінацыі беларускай мовы, а таксама беларускамоўных выбарнікаў па моўнай прыкмеце на сайце ЦВК.

У чым справа?

У беларускамоўнай вэрсіі сайта ЦВК няма разьдзелу «Выбары і рэфэрэндумы» — менавіта ў гэтым разьдзеле на расейскамоўнай вэрсіі сайта знаходзіцца ўся інфармацыя пра выбарчыя кампаніі ў Беларусі: заканадаўчыя акты, пастановы, каляндарныя пляны, асноўныя навіны кампаніі і шмат што іншае.

Фактычна карыстальнікі беларускамоўнай вэрсіі сайта ня могуць даведацца пра ход цяперашняй выбарчай кампаніі. Сярод «галоўных падзей» на беларускамоўнай старонцы сайта — выбары дэпутатаў ніжняй палаты Рэспублікі Таджыкістан, выбары ў Мілі Мэджліс Азэрбайджанскай Рэспублікі і г. д.

У лісьце ў ЦВК назіральнікі зьвяртаюць увагу на гэты факт і адзначаюць, што «мова тытульнай нацыі ня можа быць дыскрымінаваная ні ў якім разе, тым больш што яна зьяўляецца дзяржаўнай і гістарычна першай атрымала такі статус», і дыскрымінацыя беларускамоўных выбарнікаў па моўнай ці нацыянальнай прыкмеце недапушчальная.

Праваабаронцы прапанавалі стварыць у беларускамоўнай вэрсіі сайта банэр «Выбары 2020» па-беларуску і напаўняць яго інфармацыяй на беларускай мове.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG