Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Помнікаў Караткевічу і Быкаву няма, але ёсьць Пушкін» — аштрафаваны актывіст патлумачыў, за што ня любіць помнік Пушкіну


Піліп Шаўроў пасьля працэсу ў Цэнтральным раённым судзе

Актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова аштрафавалі за тое, што афарбаваў рукі помніка Пушкіну, ды яшчэ за два палітычныя графіці. Штраф, па мерках апошняга часу, невялікі — 50 базавых велічынь, гэта 1350 рублёў. Па столькі ж днямі атрымалі тры актывісты «Маладога фронту», якія сфатаграфаваліся ў Менску зь бел-чырвона-белым сьцягам на Дзень Волі ды выклалі здымак у інтэрнэт.

Да суду Шаўроў 3 месяцы правёў у СІЗА.

«Мне гэты помнік нагадвае часы Расейскай імпэрыі»

Чаму яму прысудзілі такое пакараньне і ці ня стане яно прычынай спыніць палітычную актыўнасьць? Пра гэта Свабода спытала ў Піліпа Шаўрова на ганку суду пасьля заканчэньня працэсу.

«Не сказаў бы, што 50 базавых — гэта малы штраф. Гэта параўнальна з прысудамі па іншых крымінальных справах за палітычныя графіці. Трэба ўлічваць, што да суду я адседзеў за кратамі 100 дзён, больш за тры месяцы, і гэта сапраўднае пакараньне, якога не агучыў суд. Канечне, я хутчэй задаволены, чым не задаволены выракам, але ўсё роўна буду яго абскарджваць, бо не павінны палітычныя графіці лічыцца крымінальным злачынствам. Гэта адміністрацыйнае правапарушэньне, ня больш за тое», — лічыць Піліп Шаўроў.

Актывіст падрабязна расказаў пра сэнс кожнага графіці, за якія яго прыцягнулі да суду. Пачаў ён з помніка Пушкіну — найбольш рэзананснага інцыдэнту. Тое, што такі помнік стаіць у цэнтры Менску, Піліп Шаўроў лічыць прыкметай каляніяльнай палітыкі Расеі адносна Беларусі, якая, на ягоную думку, ня скончылася са здабыцьцём незалежнасьці ў 1991 годзе.

«Мне гэты помнік нагадвае часы Расейскай імпэрыі, калі ля ратушы стаяў помнік Аляксандру II — Вызваліцелю. Дарэчы, неўзабаве пасьля ўсталяваньня таго помніка менчукі аблілі яго валяр’янкай, і таму там зьбіраліся ўсе гарадзкія каты — такую гісторыю я чуў падчас экскурсіі па Верхнім горадзе. Цяпер гісторыя з прыкметай каляніялізму паўтарылася ў выглядзе помніка Пушкіну.

У Менску няма помніка Караткевічу, няма помніка Быкаву, але ёсьць Пушкін, які сядзіць на фоне гатэля з назвай „Беларусь“ і задуменна глядзіць на зьніклае менскае замчышча. Але Пушкін быў у Беларусі толькі праездам, ён мае да яе толькі тое дачыненьне, што падтрымліваў здушэньне паўстаньня 1830 году. Нагадаю, тое было паўстаньне супраць прыгнёту Расейскай імпэрыі. Вось адкуль у маім уяўленьні ў Пушкіна чырвоныя, крывавыя рукі. І, на маю думку, людзям, якія падтрымлівалі забойствы беларусаў, літоўцаў, палякаў, што змагаліся за свабоду, не павінны стаяць помнікі на беларускай зямлі», — патлумачыў Піліп Шаўроў.

Актывіст мяркуе, што як калісьці ў Беларусі былі зьнесеныя помнікі Сталіну, гэтак дойдзе чарга і да помнікаў Леніну, Дзяржынскаму, Калініну ды іншым «прыкметам каляніялізму».

«Будзем маўчаць, зноў прыйдзе 1937 год»

Чаму Піліп Шаўроў супраць шчыльнай інтэграцыі з Расеяй? Ён кажа, што гэтая інтэграцыя небясьпечная «новым Сібірам», новымі рэпрэсіямі для беларусаў, і таму трэба трымацца ад Расеі як мага далей ды быць гатовымі бараніць незалежнасьць краіны. Гэтую думку, паводле Піліпа Шаўрова, ён і паспрабаваў выказаць у выяве «бел-чырвона-белага сьцяга» на мэмарыяльным знаку загінулым міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў, што на пачатку вуліцы Камуністычнай.

«Выява атрымалася невялікая, 40 на 60 сантымэтраў», і яна ніяк не сапсавала выгляд мэмарыяльнага знаку«, — мяркуе актывіст.

«Тое, чым заканчваецца інтэграцыя з Расеяй, мы цяпер бачым на прыкладзе рэпрэсій супраць крымскататарскіх актывістаў, якіх нішчаць у захопленым Крыме. Калі мы ня хочам, каб гэтак жа было і ў Беларусі, трэба ўжо выказваць сваю пазыцыю: не — інтэграцыі з Расеяй. Будзем маўчаць, зноў будуць рэпрэсіі, зноў прыйдзе 1937 год», — лічыць Піліп Шаўроў.

Да суду актывіст правеў больш за 3 месяцы ў СІЗА на Валадарскага. Свае ўражаньні ад знаходжаньня працяглы час за кратамі Піліп Шаўроў падсумаваў гэтак:

«Турмы ня трэба баяцца. У параўнаньні са службай у войску, дык у войску было горш». Пра сукамэрнікаў на «Валадарцы» Піліп Шаўроў расказваць адмовіўся.

Напрыканцы размовы Піліп Шаўроў сказаў, што не зьбіраецца спыняць сваю грамадзкую актыўнасьць, але мусіць зьмяніць яе формы, бо цягам двух гадоў на ім яшчэ будзе «вісець» непагашаная судзімасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG