Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я пратэставаў супраць аб’яднаньня Беларусі і Расеі». Як судзяць актывіста Шаўрова, які пафарбаваў помнік Пушкіну


Піліп Шаўроў на працэсе ў Цэнтральным раённым судзе Менску

У Цэнтральным раённым судзе Менску пачаўся судовы працэс над актывістам Піліпам Шаўровым, які ў студзені пафарбаваў чырвоным рукі помніку Пушкіну. А таксама нанёс выяву бел-чырвона-белага сьцяга на помнік супрацоўнікам МУС і напісаў лічбы «1937» на інжынэрнай пабудове непадалёк ад Курапатаў.

Піліпа Шаўрова вінавацяць паводле 1 і 2 частак 339 артыкулу Крымінальнага кодэксу — хуліганства з пашкоджаньнем помнікаў, зробленае паўторна. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Але падсудны ня згодны з такой кваліфікацыяй.

«Усе мае дзеяньні насілі палітычны характар, хуліганскіх матываў у мяне не было», — заявіў Піліп Шаўроў і папрасіў прабачэньня ў тых людзей, хто быў пакрыўджаны ягонымі ўчынкамі.

Нанясеньне фарбы на помнік Пушкіна Шаўроў патлумачыў так:

«Я нязгодны са зьнешняй палітыкай Расеі і пратэставаў супраць таго, каб Беларусь аб’ядноўвалася з Расеяй», — сказаў Піліп Шаўроў.

Піліп Шаўроў
Піліп Шаўроў

Таксама Піліп Шаўроў нязгодны з тым, што ў трэцім эпізодзе (надпіс «1937») ягоныя дзеяньні сьледзтва кваліфікавала як паўторныя.

«Помнік Пушкіну і мэмарыяльны знак — гэта было зроблена ў адзін вечар. Ужо пацямнела, на вуліцах нікога не было, і я пайшоў дамоў, а на наступны дзень нанёс надпіс на агароджы каля Курапатаў. Значыць, гэта не паўторнае дзеяньне, а зусім іншае», — настойвае Піліп Шаўроў.

«Зьняважыў традыцыі беларускага народу»

У абвінавачаньні, якое зачыталі Піліпу Шаўрову, сьцьвярджаецца, што сваімі дзеяньнямі ён «дэманстраваў здольнасьць да бясчынства», дзейнічаў «з асаблівым цынізмам», нанёс «выяву, якая зьняважыла грамадзкую мараль» і «зьняважыў традыцыі беларускага народу».

Дзяржаўны абвінаваўца
Дзяржаўны абвінаваўца

Нанесеную актывістам шкоду ацанілі наступным чынам: помніку Пушкіну — у 72 рублі 88 капеек, мэмарыяльнаму знаку — у 57 рублёў 87 капеек, агароджы надпісам «1937» — у 98 рублёў 18 капеек.

Беларускія праваабаронцы ўжо прызналі Піліпа Шаўрова палітвязьнем. Праваабаронцы лічаць, што Шаўрову выставілі абвінавачаньне, не сувымернае ягонаму ўчынку.

Ці была яўка з павіннай?

Раніцай 19 студзеня Піліп Шаўроў прыйшоў у Цэнтральны РУУС і прызнаўся, што гэта ён пафарбаваў рукі помніку Пушкіну. Яўку Шаўрова з павіннай у судзе пацьвердзіў міліцыянт Аляксей Даўжэнка, які з раніцы дзяжурыў у Цэнтральным РУУС і першым размаўляў з Шаўровым. Міліцыянт сказаў суду, што ўжо ведаў пра інцыдэнт з помнікам Пушкіну ды пра тое, што міліцыя шукае вінаватага.

Другі сьведка, міліцыянт Аляксей Бандарык, браў паказаньні ў Піліпа Шаўрова. Сьведка паведаміў суду, што Піліп Шаўроў прызнаўся таксама ў нанясеньні малюнкаў на іншыя аб’екты — на мэмарыяльны знак на вуліцы Камуністычнай і на агароджу аб’екта «Водаканалу» на вуліцы Сасновы Бор. Сьведка адмовіўся адказваць на пытаньне адваката пра тое, ці вядома яму пра грамадзкі рэзананс дзеяньняў падсуднага Шаўрова.

Супраць Шаўрова сьведчылі ня толькі міліцыянты

Сярод сьведак намесьнік дырэктара фірмы, які пацьвердзіў, што гэта іх фарба прадавалася ў краме, дзе набыў балёнчык Піліп Шаўроў. Допыт сьведкі працягваўся літаральна хвіліну.

Крыху больш часу суд патраціў на допыт сьведкі Алена Лаўнічук, якая працуе юрысконсультам менскага «Водаканалу». Праўда, у судзе высьветлілася, што сама сьведка ня бачыла надпіс «1937» на агароджы водазабору, які нанёс Піліп Шаўроў, але «яго бачылі калегі». Сьведка ведае пра надпіс таму, што працавала з дакумэнтамі аб шкодзе, нанесенай Шаўровым. Гэтую шкоду ацанілі ў 98 рублёў 18 капеек. Сьведка сказала, што ў гэтую суму абышліся работы для зьнішчэньня надпісу і зафарбоўваньні пашкоджанага месца.

У судзе над Піліпам Шаўровым
У судзе над Піліпам Шаўровым

«Ці ён што пэўна сапсаваў? Ці была нанесеная шкода працы водазабору?», — удакладняў у сьведкі адвакат Яўген Маслаў, які абараняе Піліпа Шаўрова.

Сьведка ўпэўнена адказала, што «аб’ект ня страціў сваіх функцый». Пасьля гэтага судзьдзя спытаў сьведку, ці мяркуе яна, што нанесены надпіс парушыў эстэтычны выгляд пабудовы? Алена Лаўнічук паціснула плячыма і толькі заўважыла, што «нельга наносіць надпісы на чужую маёмасьць».

Паводле гэтага Піліп Шаўроў зазначыў, што некалькі гадоў таму асабіста сьціраў з таго плоту мацерныя словы, да якіх «нікому не было справы». Паводле падсуднага, ён сьціраў ганебны надпіс таму, што той быў добра відаць з Курапатаў.

1937 — «ніякай сэнсавай нагрузкі»

Некалькі сьведак на суд не прыйшлі. У тым ліку не прыйшоў Аляксандар Кісель, які, паводле ягоных паказаньняў, ехаў на працу і заўважыў выяву бел-чырвона-белага сьцяга на помніку загінулым міліцыянтам і супрацоўнікам унутраных войскаў на вуліцы Камуністычнай. Паводле сьведкі, гэта яго настолькі абурыла, што ён паведаміў пра ўбачанае ў міліцыю. Гэтак жа зрабілі Марыя Адольф, якая 17 студзеня прагульвалася ўздоўж Сьвіслачы, і калі заўважыла, што рукі помніку Аляксандру Пушкіну чырвоныя, патэлефанавала ў міліцыю.

«Убачанае мяне асабіста зьняважыла», — паведаміла сьведка.

Абурыўся тым, што ўбачыў на агароджы 5-й помпавай станцыі Бараўлянскага водазабору, і сьведка Шабуневіч, які працуе на «Водаканале». Гаворка пра чырвоныя лічбы «1937» на чорным фоне, якія Шаўроў нанёс на ёй. Паводле сьведкі, каб зафарбаваць «такі вялікі малюнак», давялося прыкласьці шмат намаганьняў. Пры гэтым сьведка заўважыў, што сам надпіс для яго «не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі».

Суд зачытаў гэтыя паказаньні з матэрыялаў справы.

Больш за гадзіну суд вывучаў матэрыялы справы. Зь іх вынікае, што сьледзтва ў тым ліку разьбіралася ў разумовых здольнасьцях Шаўрова, а таксама высьвятляла, ці не хварэў ён на разлад псыхікі, ці не ўжывае алькаголь альбо наркотыкі. Экспэртыза нічога гэтага ня выявіла. Сярод асабістых якасьцяў Шаўрова экспэрты адзначылі ягоную адкрытасьць і прагу да лідэрства.

Піліп Шаўроў прабыў вад вартай больш за 3 месяцы і быў вызвалены пад падпіску два тыдні таму. Падсудны сядзіць не ў жалезнай клетцы, а на першай лаве ў залі. На твары ў Піліпа Шаўрова мэдычная маска. Большую частку працэсу ён чытае свае запісы, але, калі да яго зьвяртаюцца ўдзельнікі працэсу, адказвае на пытаньні хутка і ахвотна. Суду Піліп Шаўроў паведаміў, што застаўся бяз працы, бо празь месяц пасьля арышту мусіў напісаць заяву аб звальненьні — ён працаваў у страхавой фірме. Пасьля працэсу падсудны намераны знайсьці працу.

«З 1997 году, калі пасадзілі Лабковіча і Шыдлоўскага, за палітычнае графіці нікога не саджалі», — сказаў Піліп Шаўроў Свабодзе.

Вядзе працэс над Піліпам Шаўровым судзьдзя Іван Касьцян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG