Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Бабарыка: «Я спадзяюся стаць прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. І веру, што я ім стану»


Віктар Бабарыка (у цэнтры) ідзе падаваць дакумэнты ў ЦВК
Віктар Бабарыка (у цэнтры) ідзе падаваць дакумэнты ў ЦВК

Віктар Бабарыка заявіў, што падаў у ЦВК сьпісы ініцыятыўнай групы — 5 з паловай тысяч чалавек. Падчас падачы дакумэнтаў ён адказаў на пытаньні журналістаў.

«Спадзяёмся, што ёсьць магчымасьць падаваць удакладненыя сьпісы. Цяпер у нас больш за 7,5 тысячы, — сказаў Бабарыка пра пэрспэктывы пашырыць сьпіс ініцыятыўнай групы.

На пытаньне, як ён ставіцца да таго, што яго называюць «прарасейскім кандыдатам», Бабарыка адказаў:

«Я ня вельмі разумею, што вы разумееце пад прарасейскім. Я Бабарыка Віктар Дзьмітрыевіч — беларус, думаю, гэтага дастаткова».

Адказваючы на пытаньне пра матывы свайго вылучэньня на выбарах, Бабарыка назваў намер «зрабіць Беларусь лепшай».

«Я на выбары іду выбірацца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, — кажа Віктар Бабарыка. — І я спадзяюся, што я ім стану».

«Рашэньне пра выбары прымаю ня я, раз яны прынятыя, я палічыў сваім абавязкам прыняць такое рашэньне», — адказаў Бабарыка на пытаньне, ці не рызыкоўна праводзіць выбары падчас эпідэміі каранавірусу.

Таксама Бабарыку задалі «папулярнае пытаньне»: «Чый Крым?».

«Вельмі прыгожы ёсьць адказ — „грэцкі“», — пасьмяяўся Бабарыка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG