Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-95 — каронавірусіфікацыя. Пандэмія «по умолчанию»


Аляксандар Лукашэнка прадстаўляе Вярхоўнаму Савету новыя дзяржаўныя сымбалі, 1995 год
Аляксандар Лукашэнка прадстаўляе Вярхоўнаму Савету новыя дзяржаўныя сымбалі, 1995 год

Каранавірус у Беларусі падобны да русіфікацыі, апошні выбух якой адбыўся ў траўні 1995 году, на рэфэрэндуме супраць беларускай мовы і гістарычнай памяці. Мінула 25 гадоў.

Заразіліся амаль усе, многія бессымптомна, большасьць праігнаравала сродкі засьцярогі і дыстанцыю. Быў выпрацаваны калектыўны імунітэт да роднай мовы беларусаў.

Гэта ж падумаць… Яшчэ два-тры пакаленьні таму была збольшага нармальная нацыя, якая гаварыла на сваёй мове ад пачатку свайго існаваньня. А тут усяго два-тры пакаленьні - і няма ніякай нацыі; а зірнуўшы на ўсіх без выключэньня, хто сёньня заявілі пра свае прэтэнзіі на лідэрства ў гэтай экс-нацыі, — няма нават намёку на беларускую мову ці беларускі гістарычны лёс.

За 25 гадоў краіна ператварылася ў расейскі аазіс, дзе «нашым рускім людзям» нашмат больш камфортна, чым дома і чым нам самім. Адна праблема для іх — трэба мяняць грошы. Але з другога боку, у гэтым ёсьць нават свая прыемнасьць, бо ў расейцаў грошы большыя. І беларуская нерухомасьць, беларускія санаторыі ці аграсядзібы выглядаюць прывабнейшымі за расейскія. Адсюль тысячы машын з расейскімі нумарамі на беларускіх дарогах. Ну і за дарогі расейцам (у адрозьненьне ад іншых суседзяў) плаціць ня трэба. Я ўжо не кажу пра казіно, якія тут на кожным кроку. І пра карантын, ад якога ім толькі сюды і можна ўцячы. Словам, «усё, як у нас, толькі лепей». Яшчэ крыху бянтэжыць беларуская мова на шыльдах, але і тут сытуацыя выпраўляецца, як з тым «скоростным режимом».

Уся адукацыя і тэлеканалы па-расейску. Уся сыстэма дзяржаўнае ўлады, сілавікі, мэдыцына, ды ўвогуле ўсё - па-расейску. Пару тысяч беларускамоўных — што тая жменька, заціснутая ў сваіх рэзэрвацыях, пазбаўленая правоў і свабоды! Да часу, пакуль высьпее чарговае паўстаньне Каліноўскага.

Інтэрнэт апанаваны вірусамі русіфікацыі, усякімі яндэксамі і мэйл.ру, якія пранікаюць у апэрацыйныя сыстэмы «по умолчанию» і выкараніць якія надзвычай цяжка, калі ўвогуле магчыма.

Русіфікацыя, як той казаў, ідзе з кожнага праса. Асабліва цяпер, калі ўся бытавая тэхніка паступае да нас з Расеі, ня важна, філіпс гэта ці эльджы. Да чаго гэта ўсё? Да таго, што мы як суб’ект, як самастойная дзяржава зьнікаем не праз анэксію і не праз «інтэграцыю», а «по умолчанию».

Учора падарылі сястры новы тэлевізар. Я ўзяўся настроіць. Факт, вядома, дробны, але паказальны. Ясна, што беларускай мовы там няма. Але вось опцыя «Выберыце краіну». Латвія, Літва, Польшча, Расея, Украіна ёсьць — усе нашы суседзі. А Беларусі няма. У тэлевізары, набытым у Беларусі. А выбраць трэба абавязкова. Ясна таксама, што большасьць беларусаў выберуць Расею. І далей будуць звыкацца з фактам, што ніякай Беларусі няма і што насамрэч жывуць яны ў Расеі.

Толькі што без карантыну і з казіно.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG