Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум-95, альбо Чаго мне не сказаў Пазьняк


Ініцыятыва Лукашэнкі правесьці ў 1995 годзе рэфэрэндум аб зьмене сымболікі і ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мае некалькі прычын.

Гэта і імкненьне дагадзіць старэйшаму пакаленьню, вэтэранам, дый усім тым, хто настальгаваў па камуністычных часах. Гэта і жаданьне палітычна зьнішчыць сваіх галоўных апанэнтаў — Беларускі Народны Фронт.

Асабісты ж палітычны інтарэс Лукашэнкі, як потым пацьвердзілі людзі зь ягонага тагачаснага бліжэйшага атачэньня, палягаў у дасягненьні найвышэйшай пасады ў Крамлі — праз далучэньне Беларусі да Расеі (адсюль — і інтэграцыйныя ініцыятывы 1996–97 гг.). Для гэтага трэба было максымальна «разьбеларусіць» Беларусь, зрабіць яе падобнай да Кастрамской, Саратаўскай ці Новасыбірскай вобласьці, пазбавіць уласнай гісторыі. І, вядома ж, мовы.

Былі яшчэ дзьве перашкоды на шляху Лукашэнкі ў Крэмль. Гэта — народ і парлямэнт.

І таму на рэфэрэндум былі вынесена эканамічная інтэграцыя з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет у выпадку сыстэматычнага парушэньня ім Канстытуцыі. Удакладняльныя словы (што інтэграцыя толькі эканамічная, і што роспуск парлямэнту толькі ў выпадку парушэньня парлямэнтам Канстытуцыі) забыліся ініцыятарам рэфэрэндуму на наступны пасьля яго дзень.

Як вядома, мара пра Крэмль ня спраўдзілася. Але вынікі рэфэрэндуму зрабіліся для нацыі разбуральнымі.

І я маю на ўвазе нават ня роспуск Вярхоўнага Савета ў 1996-м і не падпісаныя адну за другой дамовы з Расеяй, якія зацягнулі пятлю на шыі беларускай незалежнасьці (у чым мы пераканаліся зусім нядаўна, калі ўрад Лукашэнкі не асьмеліўся распавесьці пра патрабаваньні Масквы нават сваім дэпутатам).

Гэта быў магутны ўдар па тым, што прынята называць нацыянальнай годнасьцю.

Калі Лукашэнка крычаў (менавіта крычаў, не казаў), што «этому БНФу только бы флажки, а кто будет заниматься экономикой?», ён цудоўна разумеў вартасьці эканамічных праграмаў Фронту, высока ацэненых міжнароднымі экспэртамі, але яшчэ лепей ён усьведамляў — значэньне сымбаляў.

Ён як былы афіцэр ведаў закон: калі вайсковая частка губляе сьцяг — яна расфармоўваецца. Бо сьцяг — гэта сымбаль таго, што ў характарыстыках камандзіраў (ды, між іншым, і спартоўцаў) фармулюецца як «воля да перамогі».

Вайсковец можа быць выбітным тактыкам, геніяльным інтуітам, з аднаго погляду на карту, улічваючы разьмяшчэньне дывізій і армій, іх насычанасьць, рэльеф мясцовасьці — выбудаваць найбольш выйгрышную тактыку і стратэгію дзеяньняў. Але калі ў яго няма вось гэтай якасьці — імкненьня да перамогі — ён можа дарасьці да начальніка генштабу, але ніколі ня будзе камандзірам дывізіі.

Зьмена сымболікі, асьвечанай крывёю пакаленьняў, была нацыянальнай зьнявагай (прычым і літаральнай — разарваньнем сьцяга Ціцянковым на даху адміністрацыі). Якую — ведаў Лукашэнка — даведзены да галечы народ, збольшага, праглыне. Ну, а тыя тысячы, што выйдуць пратэставаць, можна здушыць сілай.

Рэфэрэндум 1995 году зламаў хрыбет нацыі — я не магу знайсьці найлепшага параўнаньня. Пасьля такога можна жыць, але не паўнавартасна.

І калі вяртаньне сьцяга і герба, гіпатэтычна, можа адбыцца ў адзін дзень, рашэньнем Канстытуцыйнага суду альбо дэмакратычна абранага прэзыдэнта (на падставе непрызнаньня легітымнасьці), дык зь беларускай мовай усё будзе значна цяжэй.

Для вяртаньня ў 1993 год, калі 1-га верасьня 80% першаклясьнікаў пайшлі ў беларускія клясы, спатрэбяцца не адзін і ня два гады.

Так, маюць рацыю тыя, хто кажа, што мова ніколі ня зьнікне, калі застанецца толькі адзін яе носьбіт. І нават калі не застанецца носьбіта — дзясяткі, сотні такіх «мёртвых» моваў існуюць. Да іх раз на паўстагодзьдзя дакранаецца нейкі навуковец, каб зрабіць дысэртацыю — і ізноў забыць на паўстагодзьдзя. Але гэта невялікае суцяшэньне. Лаціна якраз ня можа быць прыкладам, бо «мёртвую» лаціну вывучаюць непараўнальна больш людзей, чым беларускую ў 9,5-мільённай краіне.

У Беларусі вельмі цяжка атрымаць сярэднюю адукацыю на дзяржаўнай беларускай мове, у абласных цэнтрах такіх школаў увогуле няма.

У краіне Скарыны — аднаго з самых адукаваных людзей Эўропы свайго часу, партрэт якога я бачыў у Падуанскім унівэрсытэце адразу за катэдрай Галілея, — немагчыма атрымаць вышэйшую адукацыю на дзяржаўнай мове. Няма і нацыянальнага ўнівэрсытэту.

13 траўня я паглядзеў тэлеканал канал «Беларусь-24». За 45 хвілінаў (у якія ўваходзіць і галоўная праграма навінаў) я пачуў толькі расейскую мову і некалькі фраз на фарсі (у сюжэце пра іранца, які жыве ў Беларусі і, сярод іншага, хваліць беларускі народ за адсутнасьць нацыяналізму; вось гэта праўда — нацыяналізму ў тым разуменьні, якое мае на ўвазе госьць, у Беларусі не было ніколі).

Актывісты нацыянальнага руху ды супрацоўнікі праваабарончых арганізацый могуць мне сказаць, што зусім яшчэ нядаўна сытуацыя была нашмат горшая — за беларускую гаворку міліцыя магла затрымаць, а часам і зьбіць.

Але мне расказвалі, як перад адным афіцыйным мерапрыемствам прадстаўнік начальства папрасіў арганізатара не даваць слова актывісту ТБМ, бо той «явно будет говорить на белорусском языке».

Прыяжджаючы ў Віцебск, я нідзе ня чую ніводнага беларускага слова (за выключэньнем актывістаў апазыцыі і ТБМ). Шмат хто з маладых папросту ня ведае значэньня беларускіх слоў — яны месяцамі ня чуюць ніводнага беларускага слова.

Нідзе.

...Але ёсьць адзін сюжэт, нібыта наўпрост не зьвязаны зь Беларусьсю, які я ўпершыню пачуў у 1996 годзе ў Празе, калі мы зь Зянонам Пазьняком ішлі каля нацыянальнага тэатру. У XIX стагодзьдзі чэхі сабралі грошы, каб у анямечанай Празе пабудаваць свой, чэскі тэатар. Гэта быў грандыёзны праект — і ў архітэктурным, і ў сучасным, пераносным значэньні гэтага слова. Грошы зьбіралі год, будавалі яшчэ даўжэй. Нарэшце ўзьвялі тэатар — прыгожы, сучасны, у адпаведнасьці з апошнімі дасягненьнямі сцэнічнай тэхнікі.

А празь некалькі дзён тэатар — згарэў. Цалкам.

І чэхі — ізноў сабралі грошы і на тым жа месцы пабудавалі новы тэатар.

Пазьняк падаваў мне гэта як прыклад веры, як прыклад перамогі нацыянальнай годнасьці, нацыянальных памкненьняў над, здавалася б, непераадольнымі зьнешнімі абставінамі. І што вось на што здольная нацыя, калі ў яе ёсьць мэта. Ці, як кажуць у войску, — «прага да перамогі».

Я слухаў гэты расповед Пазьняка, а пра сябе думаў — так, вядома ж, прыклад добры, але да нас ён ну ніяк не пасуе. Чэхам ня трэба было змагацца за чэскую мову.

Пазьняк не ўлічыў майго тагачаснага слабога (лепей сказаць — ніякага) веданьня чэскай гісторыі.

Бо інакш ён сказаў бы, што на прэм’еры каля сцэны стаялі адмысловыя людзі з транспарантамі, на якіх зьмест таго, што на сцэне сьпявалі па-чэску, быў перакладзены на нямецкую — у залі амаль ніхто з чэхаў не разумеў чэскай мовы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG