Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці фэльчара зь Ліды: «І рот цяпер раскрыць нельга, атрымліваецца?!»


Затрыманьне Алега Краўцова ў Лідзе ў будынку суду
Затрыманьне Алега Краўцова ў Лідзе ў будынку суду

Маці лідзкага фэльчара хуткай дапамогі Алега Краўцова, якога асудзілі на 7 сутак арышту за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім, расказала Свабодзе пра сына і што яна думае пра ягоны арышт.

Мэдыка Алега Краўцова затрымалі 8 траўня ў будынку лідзкага суду, куды ён прыйшоў падтрымаць свайго калегу фэльчара Паўла Палейчыка. У той жа дзень абодвух мэдыкаў асудзілі да адміністратыўнага арышту на 7 сутак за ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«Чалавеку ж дадзена свабода слова»

Маці Алега Любоў Іванаўна ўжо на пэнсіі, жыве ў Гомлі. Затрыманьне сына для яе стала зусім нечаканым.

«Што ён кепскага зрабіў, я ўвогуле не разумею! Такі хлопец, ня курыць, ня п’е, дзьве працы трымае», — пералічвае маці.

Алегу Краўцову 31 год. Вучыўся ў мэдычным каледжы, потым у Беларускім радыётэхнічным унівэрсытэце. Працуе фэльчарам на хуткай дапамозе і мэнэджэрам у буйной гандлёвай сетцы. Жанаты, ёсьць малы сын.

Алегавай маці напярэдадні тэлефанаваў участковы, шукаў сына.

«Не перажывайце, нічога ня здарылася. Трэба пару пытаньняў яму задаць», — пераказвае маці словы міліцыянта.

На наступны дзень яна даведалася пра суд над сынам зь сеціва. Жанчына перазваніла ўчастковаму пасьля затрыманьня Алега, каб даведацца, што з сынам. Кажа, ён ня ведаў.

«Усе мы пад Богам ходзім. Як гэта вы ня ведаеце, дзе ён і што? Вы ж участковы, вам жа справу далі! Як гэта вы ўчора цікавіліся, а сёньня ня ведаеце нічога? Як так можа быць?», — абураецца Любоў Іванаўна.

Затрыманьне Алега Краўцова ў Лідзе ў будынку суду
Затрыманьне Алега Краўцова ў Лідзе ў будынку суду

Яна бачыла ўрывак відэа, як сын выступаў на сустрэчы зь Ціханоўскім, і мяркуе, што той нічога кепскага не сказаў, «усё па сутнасьці». Тлумачыць, што тады не мітынгавалі «з пляншэтамі», а проста размаўлялі. Маці не разумее, чаму адразу прысутных не разганялі, а цяпер асудзілі.

«Палкамі іх не ганялі. Прачытала сёньня пра Гомель, што злавілі 20 чалавек. Пра ўсе гарады пішуць. Нехта галубоў карміў, таксама пакаралі. Чалавек стаяў, карміў галубоў, дык што?.. І АМАП жорстка абышоўся зь некаторымі людзьмі. Дык што гэта, жывёлы? За жывёлаў цяпер судзяць, што забіў ката ці сабаку. А гэта ж людзі! Што, і рот цяпер раскрыць нельга, атрымліваецца?!» — эмацыйна пытаецца жанчына.

Любоў Іванаўна мяркуе, што хлопцаў асудзілі несправядліва.

«Што гэта ў нас за законы такія?! Я нічога не разумею ў гэтым жыцьці. Чалавеку ж дадзена свабода слова. Дык што, зьмянілі закон?.. Іх жа не злавілі, не разганялі... Пастаялі культурна, не было там масы. Што кепскага ён мог зрабіць?» — разважае суразмоўніца.

«Вялі яго тры міліцыянты, і ён ідзе — злачынца!»

Маці расказвае, што сын пасьпяховы ва ўсім, актывіст. «Справядлівы, разумны, граматны». На працы ў краме пайшоў на павышэньне. Добра вучыўся, «каб ня сорамна было». Хадзіў у музычную школу, граў на піяніна, сьпяваў.

Каля года таму Алег нават зьдзейсьніў гераічны ўчынак, пра які напісалі ў газэтах. Ён заўважыў у гомельскім аўтобусе мужчыну з нажом. Той хацеў накінуцца на пэнсіянэрку. Малады чалавек адзін скруціў злодзея.

«Малады, прыгожы, высокі. Відаць, што прыстойны, сем’янін. Такіх людзей цаніць трэба... Вялі яго тры міліцыянты, і ён ідзе — злачынца. Злачынца! Як далей можна жыць чалавеку? Каму верыць і як быць?.. Дзе тут справядлівасьць?» — зноў і зноў паўтарае пытаньне Любоў Іванаўна.

На плятформе MolaMola пачалі збор сродкаў у дапамогу затрыманым лідзянам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG