Пра карантын ў жаночым Сьвята-Елісавецінскім манастыры распавёў Tut.by ягоны духоўнік Андрэй Лемяшонак. Манастыр закрыты санітарна-эпідэміялягічнай службай сама меней да сярэдзіны траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Каранавірус быў масава выяўлены пасьля Вялікадня, хворыя манашкі ўдзельнічалі ў сьвяточных службах. Усяго ў Сьвята-Елісавецінскім манастыры жывуць 130 манашак, COVID-19 амаль у паловы.
Рэкамэндацыі патрыярха Кірыла адносна службаў падчас пандэміі каранавірусу ў манастыры не былі выкананыя цалкам, бо «мы не Расея, мы Беларусь, трошкі адрозьніваемся», сказаў айцец Андрэй.
Зрабілі толькі адно — пасьля прычашчэньня адмянілі запіваньне вадой з агульных кубачкаў, прычасьце ж адбывалася па-ранейшаму, з аднае лыжачкі, якая нават не апрацоўвалася сьпіртам пасьля кожнага чалавека. Лемяшонак лічыць, што яны «выканалі тыя рэкамэндацыі, якія маглі выканаць. Нельга са сьвецкім сьветапоглядам падыходзіць да праваслаўя».
Памерлая манашка Марыя жыла не ў самім манастыры, а на манастырскім падвор’і, займалася градкамі і вінаграднікам. Карантыну там няма, бо ніхто не заразіўся. На пахаваньне манашкі на падворку сабраліся 40 чалавек, «правялі зь любоўю, усё было прыгожа».
Айцец Васіль Лясько, які кожную зіму жыве ў манастыры, прыяжджаючы з Палесься, і захварэў там, паправіўся ўжо, рыхтуецца да выпіскі. Манашка, якую прывезьлі з Глыбокага, таксама ўжо паправілася.
Праз карантын зачыненыя ўсе майстэрні манастыра і царкоўная крама. Засталіся толькі гандлёвыя пункты сястрыцтва, на Камароўцы напрыклад.
Елісавецінскі манастыр не адзіны ў Беларусі, закрыты на карантын у сувязі з пандэміяй. Раней Свабода паведамляла пра манастыры ў Жыровічах, Малых Лядах, Горадні.