Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму цалавацца, а каму не цалавацца ў час пандэміі — новая парада ад Лукашэнкі. ВІДЭА


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 5 траўня наведваў Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня і даў параду аб сацыяльным дыстанцыяваньні. Фрагмэнт ягонай прамовы з гэтай парадай выразалі ў асобны відэаролік Reform.by.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Лукашэнка ў той дзень расказваў, што да беларусаў у яго «ёсьць у мяне невялікія прэтэнзіі, але толькі невялікія» адносна барацьбы з эпідэміяй COVID-19. Маўляў, «куды трэба схадзіць, сходзяць: у краму, аптэку, на працу, вучобу, прыйшлі, адпачылі, падыхалі сьвежым паветрам, паклаліся спаць».

«Калі ты ўжо цалаваўся з кімсьці, дык цалуйся далей, — дазволіў Лукашэнка. — Ня лезь там, калі ты мужык, да іншай жанчыны і гэтак далей. Ну пацярпі месяц. Калі ты дзесьці цёрся там у сям'і, застанься ў сям'і».

Сапраўды, COVID-19 можа перадавацца пры пацалунках, таксама як пры абдымках або пацісканьні рук — нават пры знаходжаньні побач з хворым на блізкай дыстанцыі, да 1–1,5 мэтра. Сусьветная арганізацыя здароўя не давала рэкамэндацыяў адносна пацалункаў і іншых шчыльных стасункаў з блізкімі, якія жывуць у адным памяшканьні, але ня маюць сымптомаў хваробы. Але шэраг сродкаў масавай інфармацыі заклікаў адмовіцца ад пацалункаў як спосабу вітаньня.

Раней Аляксандар Лукашэнка даваў іншыя рэкамэндацыі адносна COVID-19: прапаноўваў «лячэньне» трактарам, алькаголем, хакеем, маслам, лазьняй, козачкамі і іншым.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG