Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З каранавірусам мы бачым тое самае». Праз 5 дзён пасьля аварыі на ЧАЭС беларусы выйшлі на парад 1 траўня


Першамайская дэманстрацыя ў Віцебску, 1 траўня 1986 году
Першамайская дэманстрацыя ў Віцебску, 1 траўня 1986 году

Праз 4 дні пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС СМІ паведамілі пра здарэньне. Але ў некалькіх апублікаваных радках нічога не гаварылася ні пра радыяцыйны фон у беларускіх гарадах, ні пра сапраўдныя наступствы катастрофы. 1 траўня 1986 году жыхары беларускіх гарадоў адправіліся на парад працоўных. Свабода прыгадала тыя падзеі разам зь відавочцамі.

Першы раз савецкая прэса напісала пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС 30 красавіка. Кароткія нататкі зьявіліся ў «Комсомольской правде» і «Советской Белоруссии». У нататцы гаварылася аб аварыі і аб стварэньні ўрадавай камісіі, якая змагаецца з наступствамі.

У сьвяточным першатравенськім нумары «Звязды» выйшла падобная нататка: пра радыяцыйны фон у беларускіх гарадах, пра сапраўдныя маштабы катастрофы — ні слова.

«29 красавіка я прыехаў з дазымэтрам у Акадэмію навук і быў такі адзін»

Юры Варонежцаў пазьней стане адказным сакратаром Камісіі расьсьледаваньня прычын аварыі на ЧАЭС Вярхоўнага Савету СССР. А ў красавіку—траўні 1986 годзе ён займаўся фізыкай, пісаў дысэртацыю, працаваў у Інстытуце палімэраў, жыў у Гомлі. Пра аварыю на АЭС даведаўся ад знаёмых, якія жылі каля мяжы з Украінай.

Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў

«Я тады сур’ёзна займаўся навукай, суаднёс усё, што адбываецца. На наступны дзень пасьля аварыі ў мяне ўжо быў дазымэтар. Сваім сваякам і знаёмым адразу сказаў прымаць ёдзістыя прэпараты, але ўсурʼёз ніхто гэтага не ўспрыняў. Інфармацыя распаўсюджвалася зь неафіцыйных крыніц. Пазьней я даведаўся, што беларускія навукоўцы настойвалі, спрачаліся з партыйнымі работнікамі, каб адмяніць масавыя мерапрыемствы і адправіць людзей па дамах. Тады трэба было пасядзець ня так доўга, як цяпер», — расказвае Юрый Варонежцаў.

Менск 1 траўня 1986
Менск 1 траўня 1986

«27 красавіка ў Гомлі прайшоў парад юных барабаншчыкаў»

Ён прыгадвае, што 27 красавіка ў Гомлі прайшоў парад юных барабаншчыкаў, на наступны дзень пасьля аварыі. Напярэдадні 1 траўня Юрый адправіўся ў Берасьце, дзе, як выявілася, «фону» не было.

«У мяне сын быў у Берасьці, куды мы яго адправілі да бацькоў. І 1 траўня я мусіў яго забіраць. Я ўзяў дазымэтар і паехаў празь Менск. Мы зь сябрам зайшлі ў прэзыдыюм Акадэміі навук і былі адзіныя, хто меў дазымэтар. Мы памералі акадэмікам фон, на першым дыяпазоне стрэлка дазымэтру даходзіла да сярэдзіны. І гэта было ў Менску! У Берасьці фактычна фону не было, таму сына я пакінуў там, у бацькоў», — успамінае Юрый.

Першага траўня яму выпала дзяжурыць у інстытуце, сваякам і сябрам навуковец загадаў не хадзіць на дэманстрацыю.

«У людзей была насьцярожанасьць. Але на вуліцах было шмат народу, людзі хадзілі з балёнікамі, са сьцяжкамі, была пагода», — кажа Юрый.

1 траўня 1986 году ў Маскве
1 траўня 1986 году ў Маскве

«Людзі ведалі, што нешта адбылося. Цяпер з каранавірусам тое самае»

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Віктар Карняенка ў траўні 1986 году працаваў брыгадзірам брыгады наладчыкаў станкоў з лічбавым кіраваньнем на Гомельскім радыёзаводзе. Ужо пазьней тэма Чарнобылю стане адной з асноўных у ягонай перадвыбарчай дэпутацкай праграме. Ён, як і многія жыхары Гомля, выйшаў разам з сямʼёй на дэманстрацыю працоўных.

Захаваліся нават фатаздымкі: Віктар з жонкай і двума сынамі, аднаму тады было 6 гадоў, другому — 4.

Віктар Карняенка з жонкай на дэманстрацыі ў Гомлі 1 траўня 1986 году
Віктар Карняенка з жонкай на дэманстрацыі ў Гомлі 1 траўня 1986 году

«Людзі не ведалі пра наступствы. 1 траўня я, як і ўсе, быў на дэманстрацыі ў Гомлі. Тады яе ўпершыню паказалі па цэнтральнай тэлевізіі. Мы ведалі, што нешта здарылася, але ня ведалі пра наступствы. Мы нічога ня ведалі пра радыяактыўны ёд, ня ведалі, што трэба зачыніць вокны, не гуляць па вуліцы. Вядома, тады ўлада ставілася да людзей, як да матэрыялу. Ды і цяпер, на прыкладзе каранавірусу, мы бачым тое самае», — параўноўвае Віктар Карняенка.

Віктар Карняенка з сям'ёй на дэманстрацыі ў Гомлі 1 траўня 1986 году
Віктар Карняенка з сям'ёй на дэманстрацыі ў Гомлі 1 траўня 1986 году

Мінімальнае, што тады магла зрабіць улада, паводле Карняенкі, даць людзям простыя парады ды адмяніць усе дэманстрацыі.

Дэманстрацыі тады праходзілі ў Менску, Нароўлі, Брагіне ды іншых гарадах.

1 траўня 1986 году ў Кіеве
1 траўня 1986 году ў Кіеве

14 траўня ў савецкай прэсе зьявіўся выступ генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова з нагоды аварыі на ЧАЭС. Ён выказваў спачуваньні сваякам загінулых, падзяку ліквідатарам і казаў, што «найгоршае мінула». Але наступствы аварыі адбіваюцца на здароўі беларусаў па сёньняшні дзень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG