Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль і COVID-19: у чым розьніца і ў чым падабенства


Маска ў закінутым доме ў Прыпяці, ля Чарнобыльскай АЭС

Цяперашнюю пандэмію часта параўноўваюць з Чарнобылем. Мы прааналізавалі па пяці парамэтрах, у чым яны сапраўды падобныя, а ў чым — адрозьніваюцца.

У чым падабенства

І Чарнобыль, і пандэмія з’яўляюцца катастрофамі плянэтарнага маштабу

Паводле інфармацыі, якая прагучала на Міжнароднай канфэрэнцыі ў Кіеве ў 2006 годзе, выбух на ЧАЭС закрануў практычна ўсю Эўропу, у якой не засталося абсалютна чыстых ад радыяцыі зонаў. Радыяцыя, хаця і ў меншай канцэнтрацыі, распаўсюдзілася і на іншыя кантынэнты.

Каранавірус COVID-19 ахапіў практычна ўсе краіны сьвету, колькасьць памерлых на гэты момант перавысіла 200 тысяч чалавек.

Крыніцай у абодвух выпадках былі краіны з камуністычным рэжымам.

У красавіку 1986 года ў СССР панавала ўсеўладзьдзе камуністычнай партыі, уся ўлада была сканцэнтраваная ў руках ЦК КПСС, яго Палітбюро і генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова.

Зьвесткі, калі былі зафіксаваныя першыя выпадкі інфікаваньня COVID-18, розьняцца, аднак у кожным разе гэта адбылося ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, якая кіруецца заснаванай у 1921 годзе Камуністычнай партыяй Кітаю. Старшыня КНР адначасна з’яўляецца генэральным сакратаром ЦК КПК.

Кіраўніцтва СССР і КНР не адразу абнародавалі інфармацыю

Першапачатковыя афіцыйныя паведамленьні ў СССР утрымлівалі толькі інфармацыю пра выбух на 4-м энэргаблёку, пра сапраўдны маштаб катастрофы і пагрозу радыяцыі для тых, хто непасрэдна не працуе на ЧАЭС, не паведамлялася.

Паводле некаторых зьвестак, улады Кітаю спачатку прыхоўвалі інфармацыю. Так, дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што Пэкін яшчэ летась у лістападзе, самае позьняе — у сьнежні ведаў пра першыя выпадкі інфікаваньня COVID-19, але не паведаміў гэта Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Абвінавачваньні ў спробе палітызацыі праблемы з вуснаў некаторых лідэраў

У першым пасьля аварыі на ЧАЭС выступе па савецкім тэлебачаньні генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова прагучалі словы пра тое, што краіны НАТА, асабліва ЗША, «разгарнулі антысавецкую кампанію» з мэтай «абылгаць Савецкі Саюз». Гарбачоў быў незадаволены тым, што Захад патрабуе ад Крамля больш поўнай інфармацыі аб катастрофе.

Аляксандар Лукашэнка выказаў папрок у бок Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, што Беларусь і яго, Лукашэнку, «ня любяць» і хочуць «укусіць». Падобныя папрокі выказаныя ім і ў бок Масквы: «Выйшлі вы на які-небудзь з гадкіх каналаў, якія ў Маскве пахаваліся і адтуль плявузгаюць у бок Беларусі».

Невядомасьць адносна аддаленых наступстваў

У першы час пасьля аварыі на ЧАЭС як савецкія, гэтак і замежныя навукоўцы рабілі самыя розныя прагнозы адносна наступстваў катастрофы — ад сьцьвярджэньняў, што, акрамя ліквідатараў, ніхто не захварэе, да апакаліптычных, кшталту генэтычных зьменаў у ўсяго чалавецтва. Аднак такія крайнія высновы былі рэдкасьцю. Большасьць навукоўцаў схіляліся да высновы, што радыяцыя будзе мець сур’ёзныя наступствы, але якія менавіта — г прабачыць было цяжка. Але ўжо ў 90-ыя мэдыкі, у тым ліку і беларускія (напрыклад, Юры Бандажэўскі) заявілі пра небясьпеку так званых «малых» дозаў радыяцыі не ў якасьці прагнозу, а як вынік дасьледаваньняў.

З прычыны асаблівасьцяў вірусных інфэкцый, пакуль што немагчыма з абсалютнай дакладнасьцю сказаць, калі скончыцца пандэмія і якія наступствы яна можа мець. Навукоўцы не ўпэўненыя нават у тым, што тыя, хто вылечыўся ад COVID-19, валодаюць імунітэтам (самыя апошнія дасьледаваньні ставяць гэта пад сумнеў). Таксама невядома, як паўплывае хвароба на стан арганізму, асабліва пасьля штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

... і ў чым розьніца

Хуткасьць распаўсюджваньня інфармацыі

Інфармацыя пра рэальны стан радыяцыйнай забруджанасьці пасьля аварыі на ЧАЭС доўгі час была сакрэтнай, у Беларусі яе пачалі публікаваць толькі пасьля патрабаваньняў грамадзкасьці, найперш — новаўтворанага Беларускага Народнага Фронту, у канцы 80-х гадоў. Цалкам карты забруджанасьці былі рассакрэчаныя толькі ў 1990 годзе.

Хаця, па некаторых зьвестках, урад КНР прыхоўваў інфармацыю, аднак адразу пасьля першых афіцыйных паведамленьняў, нягледзячы на пэўную зачыненасьць Кітаю, сьвет назіраў за падзеямі ва Ўхані фактычна ў рэжыме он-лайн.

Розныя крыніцы інфармацыі

Пра аварыю на ЧАЭС савецкія грамадзяне даведаліся спачатку з паведамленьняў заходніх «радыёгаласоў» — ВВС, Радыё Свабода, Голасу Амэрыкі. Першае афіцыйнае паведамленьне для жыхароў усяго СССР з’явілася толькі праз 66 гадзінаў пасьля аварыі, яно прагучала ў тэлевізійнай праграме «Час». Доўгі час, аж да канца 80-х, інфармацыя ў прэсе пра сытуацыю ў забруджаных раёнах жорстка цэнзуравалася.

Значную частку інфармацыі пра распаўсюджваньне COVID-19 жыхары Беларусі, як і большасьці іншых краінаў, бяруць зь інтэрнэту, у тым ліку з сацыяльных сетак, дзе адсутнічае цэнзура.

Канцэнтрацыя радыяцыйнай забруджанасьці і пандэміі

Нягледзячы на тое, што ў той ці іншай ступені радыяцыя закранула ўсю Эўропу і нават патрапіла на ўсе кантынэнты, найбольшая канцэнтрацыя маецца непасрэдна ў раёне ЧАЭС; пры гэтым каля 70% найбольш забруджанай тэрыторыі прыпадае на Беларусь.

Вірус COVID-19 пачаў распаўсюджвацца з кітайскай Ухані, аднак ужо цяпер некаторыя краіны маюць значна большую колькасьць як хворых, гэтак і сьмяротных выпадкаў, чым іх мае Кітай. Самая большая іх колькасьць у сьвеце — у ЗША.

Эканамічныя страты

Дакладна вылічыць эканамічныя і фінансавыя страты СССР, а таксама новаабвешчаных незалежных краінаў (Беларусі, Украіны і Расеі) з шэрагу прычынаў немагчыма. Можна прывесьці толькі агульныя і прыблізныя лічбы. Так, у 2006 годзе, паводле ВВС, экспэрты ацэньвалі агульныя страты Беларусі і Ўкраіны ў 200 мільярдаў даляраў, а штогадовыя страты Беларусі на 2006 год складалі памер гадавога бюджэту БССР у 1989 годзе. Аднак іншыя краіны аварыя на ЧАЭС у эканамічным сэнсе сур’ёзна не закранула.

Пандэмія ўжо нанесла ўдар па эканоміцы абсалютнай большасьці краінаў. Паколькі пандэмія COVID-19 працягваецца, лічбы эканамічных стратаў падлічваць зарана. Але адмыслоўцы сыходзяцца ў меркаваньні, што яны ўжо пераўзышлі страты ад крызісу 2008 году, а некаторыя лічаць, што наступствы для сусьветнай эканомікі будуць горшыя, чым у часы Вялікай дэпрэсіі канца 1920-пачатку 30 гг.

Узаемная каардынацыя і дапамога

У першыя гады пасьля аварыі на ЧАЭС СССР не зьвяртаўся па дапамогу да краінаў Захаду, сапраўднае становішча было засакрэчанае. Толькі ў 1989 годзе пачаўся збор сродкаў, прычым ініцыятарамі выступіла з абодвух бакоў грамадзкасьць. Так, у Беларусі гэта быў фонд БНФ «Дзеці Чарнобыля» (кіраўнік — Генадзь Грушавы), у Канадзе — Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля, які ініцывалі мастачка Івонка Сурвіла і філёляг Зінаіда Гімпілевіч.

У справе Чарнобылю сакрэтнасьць адыграла адмоўную ролю — ні савецкія, ні амэрыканскія навукоўцы, не дзяліліся адны з другімі інфармацыяй пра асаблівасьці захворваньняў і мэтады лячэньня тых, хто атрымаў дозы радыяцыі ў часе ядзерных выпрабаваньняў. Пры гэтым у СССР тысячы былых вайскоўцаў і не падазравалі пра тое, што прычынай іх хваробаў была радыяцыя, ім пра гэта не казалі.

Абмен інфармацыяй пра асаблівасьці CJVID-19 паміж навукоўцамі розных краінаў ідзе няспынна, як і ўзаемная мэдычная і іншая дапамога. Да прыкладу, у пачатку пандэміі Беларусь даслала ў Кітай партыі масак і іншых неабходных матэрыялаў, днямі Беларусь атрымала дапамогу з Польшчы, яшчэ раней — зь Кітаю. Канцлерка Нямеччына Ангела Мэркель у апошнім відэазвароце заклікала краіны ЭЗ да больш шчыльнага супрацоўніцтва ў барацьбе ня толькі з пандэміяй, але і зь яе эканамічнымі наступствамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG