Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнікі: «Загадалі, каб пасьля выходных усе дзеці вярнуліся ў школы»


Ілюстрацыйнае фота. Дзеці ў масках ідуць у школу
Ілюстрацыйнае фота. Дзеці ў масках ідуць у школу

У Беларусі няма дыстанцыйнай формы навучаньня, вучыцца можна толькі ў школе альбо дома па індывідуальным вучэбным пляне, калі на тое ёсьць уважлівая прычына, пацьверджаная дакумэнтам. Заява бацькоў такім дакумэнтам ня лічыцца. Таму 29 красавіка ўсе дзеці павінны быць у школе.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Нам загадалі забясьпечыць 100% яўку зь серады»

Цяпер клясныя кіраўнікі павінны праводзіць працу з бацькамі, каб тыя вярнулі дзяцей на заняткі ў школы і гімназіі. Гэта Радыё Свабода пацьвердзілі некалькі крыніцаў.

«Нам загадалі забясьпечыць 100% яўку зь серады. А ў пятніцу ў нас па раёне па першай зьмене наведвальнасьць была 31%, па другой зьмене — 23,5%», — сказала Свабодзе супрацоўніца аддзелу адукацыі аднаго з раёнаў Менскай вобласьці.

Літаральна кожны дзень Міністэрства адукацыі прысылае па некалькі інструкцый, якія адна адной супярэчаць. Раней інструкцыя была такая: калі вучань заставаўся дома, але рабіў хатнія заданьні і зь ім была зваротная сувязь, можна было ставіць адзнакі і лічылася, што ён вучыцца, тлумачыць чыноўніца.

«А цяпер афіцыйна абвешчана, што ў Беларусі няма дыстанцыйнага навучаньня — першая намесьніца міністра адукацыі Ірына Старавойтава патлумачыла, што няма такой формы навучаньня.

Сёньня ў раённы аддзел адукацыі прайшло тлумачэньне Мінадукацыі. Там дакладна прапісана, што калі вучань быў на ўроку, яму ў журнале ставіцца адзнака, калі ня быў — літара „н“. І адзначана, што можна пераходзіць на індывідуальны вучэбны плян. Але індывідуальны вучэбны плян — гэта зусім іншая форма, яна патрабуе зацьвярджэньня пэдагагічнай радай. І падстава павінна быць пацьверджана дакумэнтальна, даведкай», — кажа супрацоўніца аддзелу адукацыі.

У тых, хто не наведвае заняткі, могуць быць праблемы з атэстацыяй за год

Прычым спасылка ідзе на пастанову Савету міністраў № 208 «Аб увядзеньні абмежавальнага мерапрыемства».

Для тых, хто на самаізаляцыі, навучальны працэс можа быць арганізаваны паводле індывідуальнага вучэбнага пляну. То бок атрымліваецца, што навучацца паводле такога пляну могуць дзеці, у якіх ёсьць даведка ад лекара, што яны хварэюць, або калі сям’я афіцыйна на самаізаляцыі.

Такім чынам Мінадукацыі падштурхоўвае бацькоў адпраўляць дзяцей у школу.

Калі дзіця ня ходзіць у школу ў чацьвёртай чвэрці, яго атэстуюць. Але гадавая адзнака будзе выстаўляцца не па выніках, да прыкладу, трох чвэрцяў, а лічыцца па-іншаму.

«Паводле апошняга ўказаньня Мінадукацыі, калі адсутнасьць дзіцяці ў школе не пацьверджана дакумэнтальна, пры выстаўленьні гадавой адзнакі сумуюцца адзнакі за тыя чвэрці, калі вучань хадзіў у школу, і сума павінна дзяліцца на чатыры», — кажа супрацоўніца аддзелу адукацыі.

Кадравічку з тэмпэратурай адправілі дадому, яшчэ ў адной настаўніцы ўзялі тэст на каранавірус

Цяпер у школу ходзіць прыкладна чвэрць дзяцей. Выключэньне — выпускная 11-я кляса, там дзяцей прыходзіць больш, бо патрэбны сярэдні бал атэстата, сказала клясная кіраўніца адной са сталічных гімназій.

«У нас сёньня кадравічку з тэмпэратурай адправілі дадому, яшчэ ў адной настаўніцы ўзялі тэст на каранавірус. Навошта ставіць у небясьпеку дзяцей?

У маёй 10-й клясе сёньня з 24-х было 4 чалавекі. Так, на ўроках яны сядзяць далёка адзін ад аднаго, аднак на перапынках усё адно групамі тусуюцца, у сталовую ходзяць разам», — кажа настаўніца.

Спачатку выкладчыкаў прымушалі наладзіць дыстанцыйнае навучаньне. Але гэта не атрымалася: усім настаўнікам загадалі падключыцца да плятформы Moodle, тая адразу «легла». Да таго ж не ўва ўсіх нават сталічных дзяцей з гімназій ёсьць камэра і мікрафон і вельмі хуткі інтэрнэт, — працягвае настаўніца.

«А цяпер нам абвясьцілі, што дыстанцыйнага навучаньня ў краіне няма. Мінадукацыі дае па некалькі інструкцый на дзень, і адна адной супярэчыць. Прычым усе інструкцыі даюць на адзін дзень, а цягам дня яшчэ ўсё мяняецца».

«За выходныя я павінна ўгаварыць бацькоў, каб у сераду ўсе прывялі дзяцей у школу»

Спачатку ў Мінадукацыі здаровая прапанова была — атэставаць дзяцей па выніках трох чвэрцяў, кажа настаўніца менскай гімназіі.

«Аднак учора завуч атрымала іншае распараджэньне: атэставаць і за чацьвёртую чвэрць усіх, а хто ня ходзіць, атрымаюць гадавыя ацэнкі ніжэйшыя — бо суму адзнак за тры чвэрці падзеляць на 4.

Вось зараз за выходныя я павінна ўгаварыць бацькоў, каб у сераду ўсе прывялі дзяцей у школу», — дзеліцца сваімі праблемамі клясная кіраўніца.

Працы ў настаўнікаў стала яшчэ больш, бо даводзіцца весьці ўрокі, а пасьля рассылаць хатнія заданьні, правяраць іх.

«Сёньня прыйшло 4 чалавекі, я павінна правесьці паўнавартасны ўрок зь імі. А потым я яшчэ рассылаю тым, хто ня ходзіць, — каму ў вайбэры, каму па электроннай пошце, правяраю ўвесь вечар. Рыхтуюся да заўтрашняга ўроку. Ніхто нікому за перапрацоўку не даплачвае.

На маю думку, ня трэба прымушаць дзяцей ісьці ў школу. Чацьвёртая чвэрць — ня самае галоўнае, у асноўным паўтарэньне, замацаваньне матэрыялу. У каго ёсьць жаданьне і матывацыя — сам нешта пачытае. Лепш бы далі дзецям дагуляць, а калі скончыцца гэтая эпідэмія, увосень нагнаць», — перакананая настаўніца.

* * *

24 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб працоўным і вучэбных днях»: 1 траўня ўсе навучальныя ўстановы будуць працаваць.

У Міністэрстве адукацыі назвалі адкрыцьцё школ апраўданым крокам і заявілі, што настаўнікі не павінны праводзіць урокі ў клясах, а потым весьці онлайн-навучаньне для адсутных.

«Пэдагогі не павінны весьці ўрокі дыстанцыйна. У нас арганізаваны навучальны працэс у школах, дзе яны даюць дзецям матэрыял. Пасьля ўрокаў адсутным можа быць выдадзена толькі хатняе заданьне», — заявіла агенцтву Інтэрфакс прэс-сакратарка Мінадукацыі Людміла Высоцкая.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG