Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы бачыце каранавірус? Ідзіце вучыцеся» — студэнта БДАТУ не задавальняюць захады бясьпекі ва ўнівэрсытэце


Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, фота з афіцыйнага сайту ўнівэрсытэту
Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, фота з афіцыйнага сайту ўнівэрсытэту

У Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным унівэрсытэце няма студэнтаў і выкладчыкаў, якія захварэлі на каранавірус — гэтак кажуць у рэктараце ВНУ. Між тым некаторыя студэнты БДАТУ просяць дапамогі.

Асноўныя прэтэнзіі такія: зьвесткі пра каранавірус замоўчваюць, дыстанцыйнага навучаньня не наладзілі, гоняць на суботнік, а з 5 траўня могуць аднавіць лекцыйныя заняткі. Свабода высьвятляла, ці слушныя гэта прэтэнзіі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Стаміўся пакутаваць»

Адзін з тых, хто іх выказаў, — студэнт факультэту тэхнічнага сэрвісу Сяргей.

«Жыву ў студэнцкім інтэрнаце. У нас адбываецца поўны хаос, таму што вялікая колькасьць студэнтаў баіцца. Нам забаранілі пісаць заявы, каб здаць датэрмінова сэсію, гоняць на суботнік. Калі мы ішлі да дэкана з прапановай карантыну, нам адказалі, што „птушкі сьпяваюць, сонейка сьвеціць, вы бачыце гэты каранавірус? Вось і я ня бачу. Ідзіце вучыцеся“.

Я стаміўся пакутаваць. Мае сябры стаміліся. Па ВНУ ходзіць пагалоска, што 5-га вяртаюць лекцыі. Пра гэта мы чулі ад нашага выкладчыка», — сказаў Сяргей і дадаў, што ў інтэрнаце, дзе ён жыве, «знайшлі каранавірус, але ўсё гэта замоўчваецца».

«У нас ва ўнівэрсытэце зусім ня носяць масак, бо ніхто гэтага не патрабуе. Можа, толькі аднаго разу бачыў выкладчыка ў масцы, і лічаныя разы — студэнтаў», — сказаў Сяргей.

Пра сябе Сяргей кажа, што ён з райцэнтру, дзе становішча з каранавірусам ускладнілася, таму ўжо месяц дамоў ня езьдзіў. З інтэрнату выходзіць толькі ў масцы. «Бацькі непакояцца за мяне, я — за іх», — кажа Сяргей.

Памочнік рэктара БДАТУ: «Навошта маска? У Аўгане ні малярыяй, ні гепатытам не заразіўся»

Памочнік рэктара БДАТУ Васіль Пугачоў, які паводле службовых абавязкаў кантактуе з прэсай, пагадзіўся адказаць на пытаньні Свабоды. Паводле спадара Пугачова, у ВНУ няма студэнтаў і выкладчыкаў, якія б захварэлі на каранавірус, як няма і «кантактаў першага ўзроўню». У супрацоўніцы лябараторнага корпусу, якая вярнулася з санаторыю, тэст аказаўся адмоўны. З пачатку красавіка лекцыйных заняткаў у ВНУ няма, праводзяцца толькі лябараторныя і практычныя заняткі, пацьвердзіў памочнік рэктара.

Таксама Васіль Пугачоў пералічыў захады па прафіляктыцы каранавірусу.

«Усюды стаяць дазатары, рукі ўсе мыюць, правяраюць тэмпэратуру, расьпісваюцца ў журналах, што праведзена. Як паўсюль», — сказаў памочнік рэктара БДАТУ.

Паводле Васіля Пугачова, студэнтам і выкладчыкам унівэрсытэту рэкамэндавана насіць мэдычныя маскі. І ён такіх студэнтаў ды калегаў сустракае, але сам маску ня носіць.

«Чаму? Ды я ў Аўгане ні малярыяй, ні гепатытам не заразіўся, і тут спадзяюся, што зараза не прыстане», — сказаў спадар Пугачоў.

Ён адмовіўся адказваць на пытаньні, зьвязаныя з навучаньнем, спаслаўшыся на тое, што яны не ў ягонай кампэтэнцыі.

А ці праўда, што з 5 траўня ва ўнівэрсытэце адновяцца лекцыйныя заняткі? «У мяне няма такой інфармацыі», — сказаў прарэктар БДАТУ Ўладзімер Пазьнякоў.

Засталіся без адказу ўсе пытаньні пра суботнік, заплянаваны на 25 красавіка. «У нас дзейнічае наўпроставая лінія, хай студэнты зьвяртаюцца. Калі нечага баяцца, могуць напісаць ананімна ў электронным выглядзе. На ўсё пытаньні адкажам, а цяпер — без камэнтароў», — сказаў Уладзімер Пазьнякоў.

Пра сытуацыю ў БДАТУ Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказаў адзін з выкладчыкаў. Паводле гэтай крыніцы, ва ўнівэрсытэце ёсьць магчымасьць арганізаваць для студэнтаў паўнавартаснае дыстанцыйнае навучаньне, але з кадравых прычын гэта адкладаецца.

«Рэктар цяпер у адпачынку, але ёсьць верагоднасьць, што на працу ён ня вернецца і нам прызначаць новага рэктара, таму гэтая праблема завісла. Прарэктары проста не наважваюцца самі на гэта пайсьці», — мяркуе выкладчык. Паводле яго, гэтаксама завісла і пытаньне пра тое, ці аднаўляць лекцыі. «Мяркую, ніхто ня ведае, якая будзе абстаноўка з каранавірусам. Таму, можа, 5 траўня адновяць лекцыі, а можа — не. Гэта не на нашым узроўні вырашаецца».

Паводле суразмоўцы, выкладчыкі БДАТУ, якія 25 красавіка не занятыя навучаньнем, дакладна будуць удзельнічаць у суботніку. «Будзем вокны мыць ці нешта такое», — сказаў суразмоўца. Пра меркаваны ўдзел у суботніку студэнтаў выкладчыку нічога не вядома.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG