Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Буда-Кашалёве памерла 45-гадовая фэльчарка хуткай дапамогі, яе маці ў цяжкім стане


Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі ў ахоўных касьцюмах

У райцэнтры Буда-Кашалёва Гомельскай вобласьці 21 красавіка памерла 45-гадовая фэльчарка хуткай дапамогі Галіна Н. Пра гэта Свабодзе паведамілі адразу некалькі вартых даверу крыніц. Вядома, што ў яе была пнэўманія.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Яе ў цяжкім стане пераводзілі ў Гомель, але ўратаваць не ўдалося. У Гомлі яна знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Захварэла і яе маці, яна цяпер у адным з абласных шпіталяў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», — паведамілі Свабодзе калегі нябожчыцы.

«Яна скончыла Гомельскую мэдычную вучэльню. Потым усё жыцьцё аддала працы на хуткай дапамозе ў Буда-Кашалёве. Яна любіла сваю працу», — сказала калега.

У Галіны засталіся муж і дачка.

Адна з калегаў фэльчаркі, зь якой Свабодзе ўдалося пагаварыць, паведаміла, што сама сёньня трапіла ў шпіталь з пнэўманіяй.

Ці пацьвердзілі ў нябожчыцы заражэньне каранавірусам, невядома. На момант выхаду публікацыі атрымаць афіцыйны камэнтар нам не ўдалося.

Складаная сытуацыя з распаўсюдам каранавірусу ў Буда-Кашалёве склалася з пачатку красавіка. Тады ў раённы шпіталь трапілі 39 жыхароў пасёлку Камунар, у асноўным школьнікі і настаўнікі. Тэсты аказаліся адмоўныя, дзяцей адправілі дахаты. Пачалося ўсё з таго, што каранавірус пацьвердзілі ў аднаго хлопчыка. Ён, імаверна, заразіўся ад трэнэра гомельскай СДЮШАР-4.

Пазьней на каранавірус захварэлі мэдыкі, якія працуюць на «хуткай», а таксама ў рэанімацыі і тэрапіі.

Не абмінуў каранавірус і пацыентаў тэрапэўтычнага аддзяленьня. Мэдыкам не хапала сродкаў індывідуальнай засьцярогі, хоць кіраўніцтва раённага шпіталя сьцьвярджае іншае.

У нумары раённай газэты «Авангард» за 18 красавіка галоўная лекарка раённага шпіталя прызнала, што «ёсьць выпадкі заражэньня COVID-19 сярод мэдработнікаў».

«Гэта сярэдні і малодшы мэдыцынскі пэрсанал. У большасьці хвароба працякае без сымптомаў. Выпадкаў заражэньня сярод лекараў няма. Тэсты на каранавірусную інфэкцыю ў іх адмоўныя. Неабходных сродкаў засьцярогі ў мэдыкаў хапае».

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя на 20 красавіка, у Гомельскай вобласьці зафіксавалі 322 выпадкі заражэньня каранавірусам. Апошнія два дні статыстыку па абласьцях не агучвалі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG