Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША, 2000: Законны тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі скончыўся ў ліпені 1999


Будынак Кангрэсу ЗША
Будынак Кангрэсу ЗША

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

20 гадоў таму Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю з рэзкім асуджэньнем «рэжыму Лукашэнкі».

Поўны тэкст Рэзаюцыі прагучаў на хвалях Радыё Свабода.

Дакумэнт быў вынікам сумесных намаганьняў і ўплыву на амэрыканскіх палітыкаў лідэраў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, беларускай дыяспары ў ЗША, шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацыяў.

Кангрэс прагаласаваў за надзвычай жорсткія фармулёўкі неўзабаве пасьля брутальнага разгону Дня Волі 25 сакавіка, калі сотні людзей былі зьбітыя і затрыманыя. Але ацэнка таго, што ў дакумэнце вызначана як «рэжым Лукашэнкі», дадзеная па «сукупнасьці заслугаў» за папярэднія гады.

Наўрад ці варта камэнтаваць як гэты дакумэнт, гэтак і асобныя палажэньні Рэзалюцыі — яе фармулёўкі гавораць самі за сябе.

Працытую толькі тры зь іх:

«Законны тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі скончыўся ў ліпені 1999 году».

«Саюзная дамова, падпісаная 8 сьнежня 1999 году Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй падрывае сувэрэнітэт Беларусі і пэрспэктывы дэмакратыі».

«Саюзны дагавор паміж Расейскай Фэдэрацыяй і рэжымам Лукашэнкі парушае абавязальніцтвы ўраду Расейскай Фэдэрацыі паважаць сувэрэнітэт Беларусі, якія вынікаюць з мэмарандуму ў справе гарантыяў бясьпекі, які ў сьнежні 1994 году ў Будапэшце (Вугоршчына) падпісаў прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын на канфэрэнцыі кіраўнікоў дзяржаваў-сябраў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе».

Прадстаўляю шаноўным чытачам самім пераканацца, якія з заклікаў амэрыканскіх кангрэсмэнаў былі пачутыя ў Менску і ў Маскве і ці былі хоць нейкія зь іх выкананыя.

Радыё Свабода, эфір 18 красавіка 2000 г.

Упершыню ў сваёй гісторыі Плата Прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу прыняла спэцыяльную рэзалюцыю ў справе Беларусі. Сёньня ў нас ёсьць магчымасьць пазнаёміць вас зь яе поўным тэкстам.

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ

2 сэсія 106-га скліканьня

РЭЗАЛЮЦЫЯ

Мы выказваем асуджэньне працяглым і вельмі сур’ёзным парушэньнем правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, адсутнасьцю прагрэсу на шляху да дэмакратыі і законнасьці ў Беларусі. Мы заклікаем рэжым прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі пачаць перамовы з прадстаўнікамі апазыцыі і аднавіць канстытуцыйныя правы беларускага народу, заклікаем урад Расейскай Фэдэрацыі паважаць сувэрэннасьць Беларусі.
Злучаныя Штаты Амэрыкі жыцьцёва зацікаўленыя ў разьвіцьці дэмакратыі ў замежжы і падтрымліваюць дэмакратыю і эканамічны росквіт Рэспублікі Беларусь.

Восеньню 1996 году беларускі прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка правёў спрэчны рэфэрэндум дзеля таго, каб прыняць новую Канстытуцыю Беларусі і скасаваць парлямэнт — Вярхоўны Савет 13 скліканьня — і замяніць паслухмянай заканадаўчай структурай.

Прэзыдэнт Лукашэнка правёў рэфэрэндум, на падставе якога незаконна падоўжыў свае паўнамоцтвы да 2001 году ў парушэньне Канстытуцыі 1994 году.

Законны тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі скончыўся ў ліпені 1999 году.

Беларусь ператварылася ў сапраўдную аўтарытарную паліцэйскую дзяржаву, дзе правы чалавека стала парушаюцца.

Эканоміка Беларусі ў застоі, а ўзровень жыцьця народу варты жалю.

У травені 1999 году беларуская апазыцыя з мэтай выступіць супраць антыканстытуцыйнага падаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі арганізавала альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары, чым выклікала жорсткі перасьлед з боку ўладаў.

Лідэр апазыцыі Сямён Шарэцкі, які баяўся за сваё жыцьцё, быў вымушаны ўцячы ў суседнюю прыбалтыйскую краіну — Літву.

Шэраг лідэраў апазыцыі, сярод якіх Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Юры Захаранка, зьніклі бяз сьледу.


Беларускі рэжым запалохвае і перасьледуе незалежныя сродкі масавай інфармацыі і праводзіць актыўную палітыку падаўленьня свабоды слова.

Былы прэмʼер-міністар Міхаіл Чыгір, які зьяўляўся кандыдатам на арганізаваных апазыцыяй альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах у травені 1999 году, знаходзіўся ў папярэднім зьняволеньні на падставе фальсыфікаваных абвінавачаньняў з красавіка па лістапад 1999 году.

Рэжым Лукашэнкі справакаваў сутычкі паміж АМОНам і дэманстрантамі 17 кастрычніка 1999 году пад час «Маршу Свабоды», які закончыўся забіцьцём дэманстрантаў і дзясяткамі незаконных арыштаў.

Сотні мірных дэманстрантаў і больш за 30 журналістаў былі арыштаваныя 25 сакавіка 2000 году пад час мітынгу ў падтрымку дэмакратыі ў Менску. Гэта яшчэ раз прадэманстравала пагарду рэжыму Лукашэнкі да свабоды сходаў, абʼяднаньняў ды інфармацыі.

Рэжым Лукашэнкі адмовіўся ад канструктыўнага дыялёгу з апазыцыяй і выкарыстоўвае тактыку зацягваньня і падману насуперак спробам Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе наладзіць працэс дыялёгу.

Сапраўдны дыялёг з апазыцыяй і правядзеньне законных, свабодных і справядлівых выбараў немагчымыя ў атмасфэры рэпрэсіяў і страху, якая пануе ў Беларусі.

З красавіка 1996 году прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын і прэзыдэнт Лукашэнка падпісалі пагадненьне стварыць саюз дзяржаваў: Расеі і Беларусі.

У прэсе былі паведамленьні, якія заслугоўваюць даверу, аб тым, што ўрад Расейскай Фэдэрацыі аказваў падтрымку рэжыму Лукашэнкі ад моманту падпісаньня дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы ў выглядзе афіцыйных крэдытаў ураду Расейскай Фэдэрацыі, несабраных мытных падаткаў, дапамогі ў продажы беларускай зброі, супольнай вытворчасьці зброі і ў заніжаных цэнах на энэрганосьбіты.

Прэса таксама апублікавала сапраўдныя падлікі, што эканамічныя субсыдыі ўраду Расейскай Фэдэрацыі для Беларусі дасягнулі 1,5-2 млрд. толькі ў 1996-97 гг. Гэта дазваляе рэжыму Лукашэнкі ўтрымліваць вялізныя паліцэйскія сілы і захоўваць дзяржаўны кантроль над эканомікай.

Саюзная дамова, падпісаная 8 сьнежня 1999 году Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй падрывае сувэрэнітэт Беларусі і пэрспэктывы дэмакратыі.

Кансультацыйная Рада беларускіх апазыцыйных партыяў зьвярнулася да ўраду Расейскай фэдэрацыі, Дзяржаўнай Думы і Савета Фэдэрацыі з заклікам прыпыніць падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Былыя старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч і Сямён Шарэцкі заявілі, што эканамічная падтрымка Расейскай Фэдэрацыі мае ключавое значэньне для выжываньня рэжыму Лукашэнкі.
Саюзны дагавор паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю быў ратыфікаваны расейскім парлямэнтам і нелегітымным парлямэнтам Беларусі.

Саюзны дагавор паміж Расейскай Фэдэрацыяй і рэжымам Лукашэнкі парушае абавязальніцтвы ўраду Расейскай Фэдэрацыі паважаць сувэрэнітэт Беларусі, якія вынікаюць з мэмарандуму ў справе гарантыяў бясьпекі, які ў сьнежні 1994 году ў Будапэшце (Вугоршчына) падпісаў прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын на канфэрэнцыі кіраўнікоў дзяржаваў-сябраў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе.

Увод любой ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі, якая згодна з Дагаворам аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі абвешчаная безьядзернай дзяржавай, будзе парушэньнем абавязальніцтваў Беларусі ў рамках гэтага дагавору.

У сувязі з усім вышэйпералічаным Палата Прадстаўнікоў (са згодаю Сэнату) пастанаўляе, што Кангрэс ЗША:

1. Асуджае працяглую палітыку парушэньня правоў чалавека рэжымам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Рэспубліцы Беларусь.

2. Далей асуджае арганізаваныя рэжымам Лукашэнкі судовыя працэсы і прысуды Андрэю Клімаву, Васілю Лявонаву, Уладзімеру Кудзінаву на падставе палітычна матываваных абвінавачаньняў і патрабуе іх вызваленьня.

3. Выказвае сваю глыбокую заклапочанасьць зьнікненьнем Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранкі, і заклікае рэжым Лукашэнкі правесьці поўнае і своечасовае расьсьледаваньне іх справаў.

4. Заклікае да неадкладнага дыялёгу паміж рэжымам Лукашэнкі і апазыцыяй з мэтай аднаўленьня ў Беларусі дэмакратычна абранай улады.

5. Настойвае, каб рэжым Лукашэнкі паважаў і ажыцьцяўляў правы ўсіх беларускіх грамадзянаў, уключна з сябрамі апазыцыі, якія сёньня беспадстаўна затрымліваюцца ў парушэньне іх канстытуцыйных правоў і яшчэ раз патрабуе ад рэжыму паважаць законнасьць і незалежнасьць судовай сыстэмы.

6. Яшчэ раз патрабуе ад Лукашэнкі правесьці законныя, свабодныя і справядлівыя парлямэнцкія выбары ў адпаведнасьці са стандартамі Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе.

7. Падтрымлівае заклік Кансультацыйнай Рады беларускіх апазыцыйных партыяў да ўраду Расейскай Фэдэрацыі, Дзяржаўнай Думы і Рады Фэдэрацыі прыпыніць падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

8. Заклікае міжнародную супольнасьць падтрымаць беларускую апазыцыю, працягваючы кантакты з законна абраным беларускім парлямэнтам.

9. Падтрымлівае сувэрэнітэт Беларусі, яе незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць, а таксама рынкавыя, дэмакратычныя пераўтварэньні і інтэграцыю ў вялікую сямʼю народаў па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

10. Заклікае прэзыдэнта ЗША:

A) забясьпечыць дапамогу і супрацоўніцтва з дзеячамі
беларускай апазыцыі;

В) сачыць, каб тэрмінова былі выдзеленыя
адпаведныя сродкі на падтрымку праграмаў
ўмацаваньня незалежных сродкаў
масавай інфармацыі, захаваньня правоў чалавека,
узмацненьня незалежных прафсаюзаў і
дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі;

С) падтрымліваць свабодную плынь інфармацыі ў
Беларусь.

11. Кангрэс Заклікае прэзыдэнта Злучаных Штатаў узьняць пытаньне фінансавай падтрымкі з боку Расейскай Фэдэрацыі рэжыму Лукашэнкі на самым высокім узроўні ўраду Расейскай Фэдэрацыі.

12. Заклікае прэзыдэнта Злучаных Штатаў запатрабаваць ад ураду Расейскай Фэдэрацыі ў адпаведнасьці зь ягонымі міжнароднымі абавязальніцтвамі поўнасьцю паважаць сувэрэнітэт Беларусі, асабліва ў сувязі з нелегітымным характарам лукашэнкаўскага рэжыму.

13. Заклікае прэзыдэнта Злучаных Штатаў падрыхтаваць і скіраваць у Кангрэс даклад на наступную тэму:

А) сытуацыя правоў чалавека, працэсы
дэмакратызацыі, выбары, незалежнасьць сродкаў
масавай інфармацыі і кантроль рэжыму
Лукашэнкі над беларускай эканомікай;

В) крокі, ажыцьцёўленыя Злучанымі Штатамі дзеля
таго, каб пераканаць урад Расейскай Фэдэрацыі
прыпыніць падтрымку рэжыму Лукашэнкі;

С) стан інтэграцыі паміж Расеяй і Беларусьсю ў
ваеннай галіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG