Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР узнагародзіла мэдалямі амэрыканскіх дыпляматаў і беларускіх дзеячоў замежжа


Мэдаль у гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, архіўнае фота

З нагоды 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Рада БНР правяла ў сталіцы Злучаных Штатаў Вашынгтоне цырымонію ўзнагароджаньня мэдалямі амэрыканскіх дыпляматаў, якія працавалі ў Беларусі, і беларускіх дзеячоў, піша БелаПАН.

Апошні раз беларускі ўрад у эміграцыі даваў узнагароды «сябрам Беларусі» больш за 70 гадоў таму, цяпер такую практыку вырашылі аднавіць. Прыём зладзіла Беларуска-Амэрыканскае аб’яднаньне (БАЗА) у штабе амэрыканскіх праваабаронцаў Human Rights First.

Мэдалямі ўганаравалі:

  • былых амбасадараў ЗША ў Беларусі Дэйвіда Сўорца, Кенэта Ялавіца, Дэніела Спэкхарда, Майкла Козака і Джорджа Крола;
  • кангрэсмэнаў Крыстафэра Сьміта і Джона Шымкуса;
  • былога палітычнага дарадцу АБСЭ Орэста Дэйчакіўскага;
  • старшыню Аб'яднанага Балтыйска-Амэрыканскага нацыянальнага камітэту Карла Алтаў;
  • дасьледніка і экспэрта ў пытаньнях Беларусі Курта Вулгайзэра;
  • праваабаронцу і дзяржаўнага дзеяча Дэйвіда Крэймэра;
  • дыплямата і фатографа Джона Кунстадтэра;
  • палітычную актывістку і заснавальніцу фонду «Мы памятаем» Ірыну Красоўскую;
  • грамадзкую дзяячку і экс-старшыню Вашынгтонскага аддзяленьня БАЗА Алесю Кіпель;
  • перакладніка Васіля Сёмуху (узнагароджаны пасьмяротна, за яго мэдаль атрымала дачка Алеся Сёмуха).

Орэст Дэйчакіўскі ня змог прысутнічаць, бо вядзе назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне. Ён перадаў пісьмовае вітаньне: «Я рады, што меў магчымасьць зрабіць унёсак у барацьбу за дэмакратычную, незалежную Беларусь. Гэта барацьба, якую варта весьці».

Ірына Красоўская прысьвяціла сваю ўзнагароду Анатолю Красоўскаму, Віктару Ганчару, Юрыю Захаранку і Зьмітру Завадзкаму — «тым, хто аддаў жыцьцё, баронячы незалежнасьць Беларусі».

Прынятае рашэньне ўзнагародзіць мэдалямі ў гонар БНР-100 таксама Сьвятлану Алексіевіч, Зянона Пазьняка, Лявона Вольскага, Стэфана Эрыксана, Паўла Белавуса і іншых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG