Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дэмакратыя атрымала перамогу на першых у сьвеце «каранавірусных выбарах»


Выбары ў Паўднёвай Карэі
Выбары ў Паўднёвай Карэі

У Паўднёвай Карэі 15 красавіка прайшлі парлямэнцкія выбары. Гэта былі першыя ў сьвеце агульныя выбары падчас пандэміі каранавірусу.

У іх узялі ўдзел больш за 29 мільёнаў чалавек (66% ад усіх выбарцаў), што стала самай высокай выбарчай яўкай у краіне за апошнія тры дзесяцігодзьдзі.

У 300-мандатны Нацыянальны сход карэйцы выбралі 253 дэпутатаў у мажарытарных акругах і 47 дэпутатаў з партыйных сьпісаў. Перамогу на выбарах атрымала кіроўная лібэральная Дэмакратычная партыя, якая ў кааліцыі з кансэрватыўнай Аб’яднанай партыяй будучыні кантралюе 180 мандатаў.

Кожны выбарчы ўчастак быў забясьпечаны сродкамі для дэзынфэкцыі рук і аднаразовымі пальчаткамі. Выбарнікам, якія былі ў масках і падыходзілі да урнаў, захоўваючы адлегласьць паміж сабой, правяралі тэмпэратуру на ўваходзе.

Як піша The New York Times, «здавалася, ніхто не адчуваў, што даводзіцца выбіраць паміж ажыцьцяўленьнем сваіх дэмакратычных правоў і аховай уласнага здароўя». Амэрыканскае выданьне дадае: «Паўднёвая Карэя зноў стала маяком у цёмныя часы, узорам для таго, як адкрытае грамадзтва можа стрываць навальніцу пандэміі».

У канцы лютага ў Паўднёвай Карэі рэгістравалі найбольшую колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19 за межамі Кітаю. Папулярнасьць прэзыдэнта Мун Чжэ Іна рэзка падала, не ў апошнюю чаргу ад таго, што ён адмовіўся ўвесьці забарону на ўезд наведнікаў з Кітаю.

Паводле The New York Times, нечаканы рост папулярнасьці прэзыдэнцкай партыі і яе пераканаўчая перамога на выбарах з масавай яўкай зьяўляюцца ў першую чаргу вынікам эфэктыўнага змаганьня з пандэміяй з выкарыстаньнем «урадавай стратэгіі адкрытасьці і спагадлівасьці да насельніцтва».

У канцы студзеня супрацоўнікі органаў аховы здароўя далі зялёнае сьвятло прыватнаму сэктару для падрыхтоўкі шырокага тэставаньня на каранавірус. Уся інфармацыя, якую ўлады атрымлівалі падчас тэставаньня, хутка і сыстэматычна абнародавалася. На мабільныя тэлефоны грамадзянаў рэгулярна рассылаліся паведамленьні пра ўсе пацьверджаныя выпадкі COVID-19 у месцах іх пражываньня.

Гэткая празрыстасьць, на думку The New York Times, дазволіла ўраду ў большай ступені разьлічваць на добраахвотныя захады стрымліваньня: сацыяльнае дыстанцыяваньне ў Паўднёвай Карэі было справай грамадзкага кансэнсусу, а не загадам дзяржавы.

Для астатняга сьвету, падсумоўвае амэрыканская газэта, гэтыя карэйскія выбары маюць значэньне перш за ўсё не сваімі канкрэтнымі палітычнымі вынікамі, а тым, што дзясяткі мільёнаў грамадзян змаглі рэалізаваць свае дэмакратычныя правы яшчэ ў эпоху каранавірусу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG