Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірусныя выбарчыя гульні ў Польшчы


Замкавая плошча ў цэнтры Варшавы, сакавік 2020

Сёньня мінае дзесяць гадоў з дня авіякатастрофы польскага ўрадавага самалёта каля Смаленску, у якой загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і яшчэ 95 чалавек на борце.

Той трагічны дзень меў істотныя наступствы для палітычнага жыцьця ў Польшчы, якія ўсё яшчэ ўплываюць на палітычнае жыцьцё краіны.

Абломкі польскага ўрадавага самалёта ў лесе каля Смаленску, 11 красавіка 2010
Абломкі польскага ўрадавага самалёта ў лесе каля Смаленску, 11 красавіка 2010

Па-першае, лідэр партыі Права і справядлівасьць (PiS) Ярослаў Качыньскі, які быў галоўным стратэгам перамогі свайго блізьнячага брата Леха на прэзыдэнцкіх выбарах 2005 году, ня здолеў перамагчы контркандыдата з Грамадзянскай плятформы (PO) Браніслава Камароўскага на прэзыдэнцкіх выбарах у 2010 годзе. У Ярослава, у параўнаньні з братам, быў «горшы» мэдыйны імідж.

Па-другое, Ярослаў Качыньскі абвінаваціў тагачаснага лідэра Грамадзянскай плятформы Дональда Туска амаль што ў змове з Уладзімірам Пуціным, якая нібыта давяла да смаленскай авіякатастрофы. Справа сьледзтва адносна прычынаў гэтай катастрофы падзяліла польскую палітычную сцэну на два яўна варожыя лягеры. Па сутнасьці, сьледзтва не закончылася да сёньняшняга дня і ўсё яшчэ атручвае палітычную атмасфэру ў краіне.

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі (2005-2010) з жонкай Марыяй, якія загінулі ў авіякатастрофе 10 красавіка 2010 пад Смаленскам; фота 2007 году
Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі (2005-2010) з жонкай Марыяй, якія загінулі ў авіякатастрофе 10 красавіка 2010 пад Смаленскам; фота 2007 году

Тым ня менш, Ярослаў Качыньскі — вельмі добры палітычны гулец, які ўмее рабіць высновы са сваіх няўдачаў. Ён выдатна падрыхтаваў дзьве выбарчыя кампаніі Права і справядлівасьці ў 2015 годзе. У траўні таго году на прэзыдэнцкіх выбарах перамог яго стаўленік Анджэй Дуда, а ў кастрычніку яго партыя атрымала большасьць у 460-мандатным Сэйме і 100-мандатнай верхняй палаце — Сэнаце.

Парлямэнцкія выбары 2019 году аказаліся напалову пасьпяховымі для Качыньскага: кааліцыя, узначаленая партыяй Права і справядлівасьць, атрымала большасьць месцаў у Сэйме, але мінімальна прайграла апазыцыі ў Сэнаце.

Ярослаў Качыньскі, лідэр Права і справядлівасьці, 2019
Ярослаў Качыньскі, лідэр Права і справядлівасьці, 2019

Тым ня менш, маючы большасьць у Сэйме і «свайго» прэзыдэнта, Права і справядлівасьць можа бесьперашкодна фармаваць палітычнае жыцьцё краіны і прымаць такія законы, якія толькі задумае. Сэнат у Польшчы можа ўносіць дапаўненьні і зьмяненьні ў законы, якія прымае Сэйм, ці нават адкідаць законапраекты Сэйму, але апошняе слова застаецца ўсё ж за дэпутатамі Права і справядлівасьці і прэзыдэнтам, якія, як і ўрад, цалкам кантралююцца Ярославам Качыньскім.

І вось дакладна празь месяц — 10 траўня 2020 — кіроўную партыю Права і справядлівасьць чакае чарговае палітычнае выпрабаваньне. На гэты дзень назначаныя прэзыдэнцкія выбары, на якіх яна спадзяецца пераабраньня Анджэя Дуды, якога шмат хто з палітычных апанэнтаў Качыньскага называе «марыянэтачным» прэзыдэнтам.

Цяперашні прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Цяперашні прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

З увагі на эпідэмію COVID-19, якая ў Польшчы яшчэ не дасягнула свайго піку, сёньня няясна, ці гэтыя выбары наагул пройдуць у вызначаным тэрміне. Качыньскі хоча, каб яны адбыліся. Ён прадчувае, што калі адсунуць выбары на восень ці яшчэ на пазьнейшы тэрмін, эканамічныя наступствы каранавіруснай эпідэміі могуць пахіснуць ляяльнасьць яго электарату, і Дуда можа прайграць. А гэты пройгрыш азначаў бы заканадаўчую блякаду палітыкі Права і справядлівасьці.

Апазыцыя ж спадзяецца, што выбары будуць адкладзеныя, і чаканае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне пад канец году сыграе ёй на руку. Малгажата Кідава-Блоньска, кандыдатка ў прэзыдэнты ад Грамадзянскай плятформы, спыніла сваю перадвыбарную кампанію і заклікала палякаў да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 10 траўня.

Малгажата Кідава-Блоньска, кандыдатка ў прэзыдэнты Польшчы 2020 ад Грамадзянскай плятформы
Малгажата Кідава-Блоньска, кандыдатка ў прэзыдэнты Польшчы 2020 ад Грамадзянскай плятформы

«Заставайцеся дома, ваша жыцьцё — найважнейшае», — заявіла яна суайчыньнікам, дадаючы, што прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца ў «нармальным часе», калі ўсе выбарцы «змогуць у іх удзельнічаць».

Апазыцыя аднак не ацаніла належным чынам палітычнай дасьведчанасьці Ярослава Качыньскага.

На мінулым тыдні падкантрольныя яму дэпутаты ў Сэйме прынялі законапраект аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў 10 траўня праз пошту. Усё, што цяпер можа зрабіць Сэнат, гэта пратрымаць законапраект у шуфлядзе цягам месяца (на гэта Сэнат мае права) і такім чынам зрабіць дату 10 траўня неактуальнай для прэзыдэнцкіх выбараў.

Але Качыньскі забясьпечыўся і супраць такіх хітрыкаў. У законапраекце знаходзіцца артыкул, паводле якога новы тэрмін выбараў праз пошту можа назначыць маршалак (старшыня) Сэйму. То бок, калі глядзець практычна на справу, выбары могуць адбыцца яшчэ да летніх вакацый, калі эканамічная сытуацыя і настроі ў краіне не пагоршацца настолькі, каб забраць шанец перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у Права і справядлівасьці.

Каб быць упэўненым, што ўсё пойдзе паводле прыдуманага ім сцэнару, Качыньскі распарадзіўся звольніць дырэктара Польскай пошты, які публічна ўсумніўся, што магчыма правесьці эфэктыўныя прэзыдэнцкія выбары такім паштовым шляхам. На месца гэтага дырэктара ўрад Права і справядлівасьці паставіў віцэ-міністра абароны ;)

Наколькі істотныя прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы для Беларусі? Думаю, што да пэўнай ступені яны важныя. Калі выйграе кандыдат Права і справядлівасьці, Анджэй Дуда, можна чакаць, што Варшава будзе працягваць выразна зазначаныя ў мінулых гадах спробы дамаўляцца з афіцыйным Менскам. Калі выйграе кандыдат апазыцыі, можна спадзявацца, што ангажаванасьць Варшавы ў кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам паменшае або і наагул спыніцца.

Як падаецца, праблемы, якія цяпер стаяць перад кіроўнай сілай у Польшчы, празь нейкі час стануць ва ўсёй вастрыні і перад іншымі палітычнымі сіламі ў Эўропе, калі там пачнуцца выбарчыя сэзоны. Урадам тады трэба будзе даць справаздачу ня толькі з таго, як яны забясьпечвалі сваіх суграмадзянаў у маскі, а шпіталі ў рэсьпіратары, але і з таго, што яны зрабілі, каб абараніць людзей ад галечы пасьля заразы. Гэта, так сказаць, нармальны бег справаў у дэмакратычных сыстэмах. Пытаньне, на якое пакуль няма адказу — калі справы пачнуць бегчы такім нармальным шляхам у Беларусі?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG