Памёр працаўнік заводу ў Жыткавічах, дзе ў сакавіку знайшлі каранавірус, а потым зьняпраўдзілі гэта

Ілюстрацыйнае фота. Паліклініка ў Жыткавічах
Ілюстрацыйнае фота. Паліклініка ў Жыткавічах

У ноч на 12 красавіка ў гомельскім шпіталі памёр 63-гадовы жыхар Жыткавічаў Мікалай Цярэня. Ён працаваў на маторабудаўнічым заводзе. У супрацоўніцы заводу ў сакавіку знайшлі каранавірус. Пазьней Міністэрства аховы здароўя зьняпраўдзіла гэта.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Тату было блага 6 красавіка, падымалася тэмпэратура, ён выклікаў лекара на дом. Яго забралі спачатку ў раённы шпіталь, была двухбаковая пнэўманія. У пятніцу яго забралі ў Гомель. У суботу патэлефанавалі адтуль, што ён памёр. Сказалі, што адмовіліся працаваць ныркі і сэрца», — патлумачыў Свабодзе сын Мікалая, Віталь Цярэня.

Ягоная маці цяпер ляжыць у Жыткавіцкім раённым шпіталі, як і пляменьніца. «Сказалі, што ў іх адмоўныя тэсты на каранавірус», — зазначыў Віталь.

Заўтра ён паедзе забіраць цела таты з Гомля. «Тады, можа, буду ведаць дакладна — ад чаго ён памёр», — дадаў жыхар Жыткавічаў.

22 сакавіка ў жыхаркі Жыткавічаў, якая працуе на маторабудаўнічым заводзе, знайшлі каранавірус. Яна трапіла з пнэўманіяй у Гомельскі сухотны шпіталь. Пазьней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што тэст даў памылковы вынік. Тым ня менш завод апрацоўвалі дэзынфэкцыйнымі сродкамі.

Жанчына дагэтуль праходзіць лячэньне ў сухотным шпіталі ў Гомлі.

На Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе 13 красавіка ніхто з кіраўніцтва не здымае слухаўку. Былая супрацоўніца заводу паведаміла Свабодзе, што на прадпрыемстве захварэла сакратарка прыёмнай, яна ў шпіталі. Яшчэ 10 супрацоўнікаў заводу — на самаізаляцыі.

«У Жыткавічах няма інфармацыі, што адбываецца. Райцэнтар поўніцца чуткамі. Людзі ходзяць у масках. Я нават бачыла, што ў лес на прагулку ідуць у масках», — дадала жыхарка Жыткавічаў.

​
XS
SM
MD
LG