Лінкі ўнівэрсальнага доступу

OPEC+ пагаджаецца скараціць 9,7 млн барэляў здабычы нафты


23 краіны-удзельніцы OPEC+ заявілі ўвечары 12 красавіка, што дамовіліся аб скарачэньні здабычы нафты на 9,7 млн барэляў на дзень цягам траўня-чэрвеня.

Арганізацыя краінаў-экспартэраў нафты (OPEC), Расея і іншыя краіны, якія вырабляюць нафту, дасягнулі канчатковага пагадненьня аб беспрэцэдэнтным зьніжэньні нафты ў надзеі паспрыяць росту цэнаў на нафту, якія ўпалі на фоне пандэміі каранавірусу і цэнавай вайны.

Пагадненьне таксама прадугледжвае, што да красавіка 2022 года чальцы OPEC+ будуць утрымліваць штодзённую здабычу нафты на 6 мільёнаў барэляў ніжэйшай за цяперашні ўзровень.

Раніцай 13 красавіка Крэмль заявіў, што Ўладзімір Пуцін правёў сумесную тэлефонную размову з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і каралём Савудаўскай Арабіі Салманам, у якой усе трое падтрымалі дамоўленасьць. Таксама, як паведамлялася ў Маскве, кіраўнік Расеі гутарыў асобна з Трампам пра рынак нафты ды іншыя пытаньні.

Згодна з чарнавым варыянтам пагадненьня, які знаходзіцца ў распараджэньні інфармацыйнага агенцтва Reuters, удзельнікі OPEC+ чакаюць сукупнага глябальнага зьніжэньня здабычы больш як на 20 мільёнаў барэляў у дзень, альбо каля 20% сусьветных паставак, з 1 траўня. Гэта прадугледжвае зьніжэньне вытворчасьці ў краінах, якія не ўваходзяць у групу, і добраахвотнае зьніжэньне, якое перавышае мінімум, прадугледжаны ў пагадненьні чальцамі OPEC+, а таксама стратэгічныя закупкі найбуйнейшымі спажыўцамі сьвету.

Міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў раніцай 13 красавіка, што Расея і Саудаўская Арабія, згодна з пагадненьнем, скароцяць штодзённы аб'ём вытворчасьці на 2,5 мільёна барэляў нафты.

Міністар нафтавай прамысловасьці Ірану Біджан Зангане заявіў на дзяржаўным тэлеканале, што Кувэйт, Саудаўская Аравія і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты паабяцалі скараціць здабычу яшчэ на 2 мільёны барэляў у дадатак да агульнага пагадненьня 12 красавіка.

У той жа час нават такія скарачэньні ня могуць цалкам кампэнсаваць чаканае зьніжэньне спажываньня паліва на 30 мільёнаў барэляў у дзень, выкліканае пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі.

13 красавіка сусьветная цана на нафту вырасла прыблізна на 3%, мяркуючы па ранішніх таргах на азіяцкіх рынках. Аднак рынкавыя аналітыкі чакаюць, што рост будзе кароткатэрміновым, бо ўгода не дае інвэстарам падстаў для ўстойлівага аптымізму.

Пры пандэміі сусьветны попыт на нафту скараціўся прыблізна на 20 мільёнаў барэляў у дзень, або на адну пятую. Цэны на нафту ўпалі амаль да 20-гадовага мінімуму. Рэзкае зьніжэньне цэнаў пагражае банкруцтвам амэрыканскім кампаніям, якія вырабляюць даражэйшую нафту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG