Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк: У сувязі з пандэміяй беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 4%


Штаб-кватэра Сусьветнага банку ў Вашынгтоне
Штаб-кватэра Сусьветнага банку ў Вашынгтоне

Такі прагноз прыводзіцца ў дакладзе Сусьветнага банку пра ўплыў каранавірусу на эканоміку краін Эўропы і Цэнтральнай Азіі, піша БелаПАН.

«Чакаецца, што ў 2020 годзе эканоміка Беларусі скароціцца на 4%, бо глябальны эканамічны спад, выкліканы каранавірусам, зьнізіць попыт на беларускі экспарт сыравінных тавараў і тавараў, якія пастаўляюцца ў краіны Эўразьвязу, Расеі і на іншыя рынкі», — гаворыцца ў дакладзе.

На думку экспэртаў, нават калі пастаўкі нафты з Расеі адновяцца ў поўнай меры, абвал нафтавых цэнаў рэзка скароціць даходы ад замежнага гандлю і зьнізіць паступленьні ў бюджэт ад замежнаэканамічнай дзейнасьці. А калі яшчэ ўзьнікнуць затрымкі з падпісаньнем доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўку калійных угнаеньняў, экспартныя і бюджэтныя паступленьні скароцяцца яшчэ больш.

Сяреднетэрміновыя пэрспэктывы эканамічна росту Беларусі застануцца слабымі нават з улікам аднаўленьня глябальнага росту, росту цэнаў на нафту і аднаўленьня паставак расейскай нафты ў Беларусь, лічаць аналітыкі. Падатковы манэўр, які рэалізуецца Расеяй у нафтавай сфэры, уяўляе сабой «пастаяннае пагаршэньне ўмоваў гандлю Беларусі і падрыў канкурэнтаздольнасьці нафтахімічнага экспарту».

Яны перакананыя, што посьпехі беларускай эканомікі залежаць ад рэфармаваньня дзяржаўнага сэктару. Прадукцыйнасьць у эканоміцы нізкая, бо ў ёй пераважаюць неэфэктыўныя дзяржпрадпрыемствы, якія патрабуюць значнай фіскальнай падтрымкі, гаворыцца ў дакладе.

На думку Сусьветнага банку, у цяперашніх неспрыяльных умовах для прадухіленьня росту беднасьці кіраўніцтву Беларусі неабходна стварыць годную сыстэму сацыяльнай абароны.

«Захаваньне здароўя людзей і іхных сродкаў мае першараднае значэньне. Палітыка сацыяльнага дыстанцыяваньня, а таксама праграмы грашовай дапамогі неабходныя, каб беларусы маглі пераадолець эканамічны спад і выклікі, зьвязаныя з каранавірусам», — пракаментаваў зьмест дакладу кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG