Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта сацыяльная пазыцыя». Як бізнэс-супольнасьць Віцебску дапамагае мэдыкам у барацьбе з каранавірусам


Віцебскі гарадзкі клінічны шпіталь
Віцебскі гарадзкі клінічны шпіталь

Прадпрымальнікі абласнога цэнтру аб’ядналіся, каб супольнымі намаганьнямі падтрымаць мэдыкаў і пацыентаў. Ініцыятыву падтрымалі некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў бізнэсу.

Перадусім у мэсэнджары WhatsApp стварылі агульны для мэдыкаў і прадпрымальнікаў чат «Мы разам». Група дазваляе апэратыўна абменьвацца інфармацыяй.

«Дзякуючы шматбаковай сувязі ёсьць разуменьне таго, што сёньня неабходна мэдыкам. І бізнэс па магчымасьці рэагуе, — адзначае адзін з мадэратараў чату, выканаўчы дырэктар віцебскай Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Уладзімер Лук’янаў. — Асабліва востра паўстае пытаньне аб індывідуальнай засьцярозе мэдыцынскага пэрсаналу. Не хапае засьцерагальных касьцюмаў, мэдычных рэсьпіратараў».

Паводле яго, сродкі засьцярогі для мэдыкаў цяпер складана знайсьці ў продажы, цэны на іх вырасьлі ў разы.

На базе мясцовага дабрачыннага фонду духоўнага адраджэньня «Жыцьцё», які віцебскія бізнэсоўцы стварылі для падтрымкі слабых груп насельніцтва, з канца сакавіка адкрыты спэцыяльны рахунак.

«Усе пераведзеныя на яго сродкі пойдуць на патрэбы мэдыкаў, — кажа старшыня праўленьня фонду Людміла Пракофʼева. — На сёньняшні момант на рахунку больш за 53 тысячы рублёў ад юрыдычных і фізычных асобаў. Штодзень мы адсочваем паступленьні на рахунак і робім справаздачы, на што накіроўваюцца сродкі».

Прадпрымальнікі шукаюць магчымасьці, як найхутчэй набыць неабходныя рэчы.

«Мы сустракаліся з найбольш актыўнымі прадстаўнікамі бізнэсу, хто ўдзельнічае ў гэтай працы, — кажа Ўладзімер Лук’янаў. — Цяпер пралічваем пытаньне закупу і лягістыкі з Кітаю рэсьпіратараў, кіслародных канцэнтратараў і капсулы для перавозкі пацыентаў».

За апошні тыдзень бізнэс-супольнасьць Віцебску зрабіла шмат дзеля падтрымкі мэдычнай сфэры.

«Вялікая колькасьць неабыякавых людзей абʼядналася і пачала нешта рабіць — хтосьці карміць, хтосьці пастаўляць абутак, хтосьці дапамагаць грашыма, хтосьці займацца арганізацыйнымі і лягістычнымі пытаньнямі», — адзначае Сяргей Іваноў, уласьнік кампаніі «Сівітал», якая распрацавала тэст для хуткай дыягностыкі каранавірусу.

Шэраг буйных прадпрыемстваў перадалі лекарам сродкі індывідуальнай засьцярогі — бахілы, маскі, халаты, шапачкі. Кампаніі «Белвест» і «Энэргакамплект» перадаюць у віцебскую інфэкцыйную лякарню камплекты спэцыяльнай мэдыцынскай вопраткі. Энтузіясты 3D-прынтынгу сумесна з канструктарскім бюро «Дысплэй» распрацавалі засьцерагальныя шчыткі для мэдыкаў. Невялікімі партыямі яны ўжо накіроўваюцца ў бальніцы Віцебску. Некалькі прадпрыемстваў, у тым ліку рэстаран «Витебский трактир» і холдынг «Аптэка груп» наладзілі харчаваньне ў некалькіх мэдычных установах гораду.

«Нельга сказаць, што ў гэтай сытуацыі дапамагаюць толькі прадпрымальнікі, — адзначае Ўладзімер Лук’янаў. — У працэсе занятая вялікая колькасьць людзей, у тым ліку далучаюцца простыя гараджане і валянтэры. Для многіх дапамога цяпер — гэта сацыяльная пазыцыя».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG