Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана нафты падскочыла пасьля заявы Трампа. Тлумачым, чаму


Ілюстрацыйнае фота

Кошт дамоваў на чэрвеньскія пастаўкі (ф’ючэрсы) нафты Brent рэзка павялічыўся амаль да 36 даляраў за барэль. Гэта даражэй больш як на 45 %, чым на закрыцьці таргоў 1 красавіка. Затым нафтавыя цэны зноў апусьціліся на ўзровень, ніжэйшы за 30 даляраў за барэль.

Рэзкае падаражаньне нафты адбылося на фоне заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра перамовы лідэраў Расеі і Саудаўскай Арабіі і аб маючым адбыцца скарачэньні здабычы сыравіны. Трамп напісаў у твітэры, што размаўляў са спадчынным прынцам Саудаўскай Арабіі Мухамэдам бін Сальманам. Прынц і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, па словах кіраўніка Белага дому, правялі перамовы.

Трамп выказаў надзею, што бакі скароцяць здабычу нафты на 10-15 мільёнаў барэляў за суткі. Сырыя з 1 красавіка плянавала здабываць больш за 12 мільёнаў барэляў нафты, Расея здабывае 11,5 мільёна барэляў.

У Крамлі інфармацыю пра перамовы Пуціна з Эр-Рыядам абвяргаюць.

30 сакавіка Трамп заявіў, што Вашынгтон правядзе перамовы з Масквой і Эр-Рыядам для прыпыненьня падзеньня цэнаў на нафту. Кіраўнік Белага дому ўжо падымаў гэтае пытаньне ў тэлефонных размовах з прэзыдэнтам Расеі і спадчынным прынцам Саудаўскай Арабіі. Па словах Трампа, бакі гатовыя да дыялёгу. Пра тое, якія крокі могуць быць прынятыя для стрымліваньня падзеньня цэнаў на сыравіну, не паведамлялася.

Днямі агенцтва Bloomberg паведаміла, што Расея ня стане павялічваць абʼёмы здабычы нафты з 1 красавіка пасьля заканчэньня абмежавальных дамоўленасьцяў з АПЕК. Паводле крыніц, гэта можа стаць прымірэнчым сыгналам у цэнавай вайне з Саудаўскай Арабіяй.

Эр-Рыяд абвясьціў аб нарошчваньні абʼёмаў вытворчасьці нафты пасьля развалу ўгоды з АПЕК у пачатку сакавіка. Саудаўская Арабія тады прапаноўвала скараціць здабычу сыравіны, каб падтрымаць эканоміку на фоне пандэміі COVID-19. Расея настойвала на захаваньні абʼёмаў на ранейшым узроўні. У выніку цэны на сыравіну з пачатку сакавіка зьнізіліся прыкладна на 50 адсоткаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG