Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мы пачнём, як ЗША, заліваць грашыма эканоміку — то даляр сёлета будзе ўжо нават 4, а ня 3 рублі», — Раманчук


Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Румас
Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Румас

Эканаміст Яраслаў Раманчук прагназуе, якім можа быць падзеньне беларускай эканомікі сёлета (7–10 працэнтаў), расказвае, як урад павінен рэагаваць на крызіс, чаму і за чый кошт варта зацягваць паясы, і тлумачыць, якія праекты дзяржава можа сьмела «замарозіць» безь вялікіх наступстваў для дабрабыту людзей.

Сьцісла

  • Падмурак беларускай эканомікі бурыцца, а ўрад кажа, што трэба фіранкі зьмяніць, нешта падфарбаваць, і ўсё будзе добра.
  • Беларусі трэба рыхтавацца, што сёлета ВУП можа ўпасьці на 7–10 працэнтаў.
  • У бюджэце 7–8 мільярдаў даляраў — гэта інвэстыцыйныя выдаткі на розныя дзяржаўныя праграмы, якасьць якіх вельмі сумнеўная
  • Газпром прапануе для Эўропы 70 даляраў за газ, а для Беларусі — 130. Што гэта за «саюзная дзяржава»?

— «Беларусь не засталася ўбаку ад эканамічнага шторму, выкліканага каранавірусам. З улікам гэтага распрацаваны праект комплексу захадаў па забесьпячэньні стабільнай працы эканомікі», — заявіў прэм’ер-міністар Сяргей Румас на нарадзе 26 сакавіка. Што прапаноўвае беларускі ўрад і як вы ацэньваеце гэтыя прапановы?

— Беларускі ўрад пакуль нічога не прапануе, ён абмяркоўвае розныя прапановы ад бізнэс-супольнасьці і акадэмічных колаў, якія ўжо папрацавалі над гэтым пытаньнем. Паведамляецца, што ўрад прадставіць свае захады прэзыдэнту, і той будзе прымаць рашэньні.

Сярод прапановаў ёсьць дыямэтральна процілеглыя пункты гледжаньня. Ёсьць даўняя пазыцыя намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Валера Бельскага, які кажа, што трэба манэтарнымі мэтадамі стымуляваць эканоміку. Ён даўно супрацьпастаўляе сябе Нацыянальнаму банку.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Ёсьць пазыцыя бізнэс-супольнасьці, якая кажа, што нас чакае абвал і што патрэбныя кардынальныя захады. Перш за ўсё — доступ да грошай, падаткі, арэнда і гэтак далей. Індывідуальныя прадпрымальнікі кажуць, што праз два месяцы 80 працэнтаў ІП страцяць працу, бо няма як плаціць за арэнду. Насьцярожвае, што ўрад прымае гэтыя прапановы, але адказу не чуваць, яны варацца ва ўласным соку.

— Па-вашаму, наколькі ва ўладаў ёсьць разуменьне глыбіні і маштабнасьці гэтага крызісу? Калі ня браць нават пытаньне памераў пандэміі ў Беларусі, а ўзяць чыста эканамічны аспэкт — ці ёсьць адчуваньне, што ўрад, як і Лукашэнка, лічыць, што «пранясе» і радыкальных крокаў па рэагаваньні ня варта рабіць?

— Беларусь ня першая краіна, якая плянуе захады, каб падтрымаць вытворцаў. Гаворка ідзе ў краінах вялікай сямёркі, што ВУП можа скараціцца на 7–10 працэнтаў. Было зроблена нядаўна ўсясьветнае апытаньне, і 91 працэнт кіраўнікоў міжнародных структураў заявілі, што будзе рэцэсія.

Нават калі не глядзець на мэдычныя аспэкты, то ў нас у Беларусі мы бачым па выніках студзеня падзеньне экспарту на 17 працэнтаў, значнае пагаршэньне фінансавага стану прамысловасьці, і гэтак далей. Беларусі трэба рыхтавацца да таго, што сёлета ВУП можа скараціцца на 7–10 працэнтаў, гандаль упадзе на 15–20 працэнтаў. І гэта не пужалкі, гэта тая рэальнасьць, у якую мы ўжо ўваходзім.

А тыя захады, якія абмяркоўвае беларускі ўрад, — касмэтычныя. У нас падмурак эканомікі бурыцца, а яны кажуць, што трэба фіранкі зьмяніць, нешта падфарбаваць, і ўсё будзе добра. Гэта неадэкватнасьць той сытуацыі, у якой мы апынуліся. І гэта сытуацыя не на адзін год, а на 2–3 гады мінімум.

І гэта найбольш засмучае, бо сёньня патрэбны ўсеагульны мазгавы штурм, бо мы ў адной лодцы. А не казаць, што я прэм’ер-міністар і таму я лепш ведаю.

— Першая рэакцыя на сёньняшні каранакрызіс у розных краінах паказвае, што гэтая рэакцыя падобная да адказу на фінансавы крызіс 2008 году — «заліць крызіс грашыма». Наколькі такі варыянт магчымы ў беларускіх умовах?

— Амэрыканцы, якія выпускаюць даляры і гэтымі далярамі карыстаецца ўвесь сьвет, 88 працэнтаў у міжнародных разьліках, — яны могуць сабе гэта дазволіць.

Калі ж мы пачнём рабіць так, як ЗША, заліваць грашыма нашу эканоміку — то ў нас даляр будзе ўжо нават 4, а ня 3 рублі. У нас інфляцыя будзе 15–20 працэнтаў, і мы сутыкнёмся зь яшчэ горшымі наступствамі. Бо гэтыя грошы атрымаюць і патрацяць тыя прадпрыемствы, якія зьяўляюцца дармаедамі нашага бюджэту і ня могуць вывесьці эканоміку з крызісу.

Калі казаць пра неабходныя захады, то я б за прыклад узяў Ірляндыю 2008–2010 гадоў. Яны правялі кансалідацыю, дзяржаўныя бюджэтныя выдаткі там складаюць усяго 28 працэнтаў ад ВУП. А ў Беларусі — 42 працэнты, і гэта яшчэ ня ўсе грошы, якія мы плацім беларускай дзяржаве.

— Калі казаць пра неабходныя захады, то лібэральныя эканамісты і прадстаўнікі прадпрымальніцкай супольнасьці прапануюць такія рэчы, як зьнізіць плату за арэнду, увесьці падатковыя канікулы, прыпыніць выплаты ў бюджэт і гэтак далей. Але ж дзяржаўныя чыноўнікі, якім па-ранейшаму трэба выплачваць бюджэтнікам заробкі, выконваць іншыя фінансавыя дзяржаўныя абавязаньні, могуць адказаць: «Дзе ж тады ўзяць грошы ў бюджэце, калі вам усім усё зьнізіць, абнуліць, перанесьці?».

— Трэба разумець, што ў беларускім бюджэце 7–8 мільярдаў даляраў — гэта інвэстыцыйныя выдаткі на розныя дзяржаўныя праграмы, якасьць якіх вельмі сумнеўная. Найперш трэба гэтыя выдаткі скарачаць. Трэба радыкальна скараціць тыя выдаткі, якія ідуць на ўтрыманьне дзяржслужачых.

У нас больш за 2 мільёны квадратных мэтраў нерухомасьці па ўсёй краіне, якая ніяк не выкарыстоўваецца. Плюс — дзяржаўныя прадпрыемствы, які нам абяцаюць, што яны стануць маторамі эканамічнага росту, і кожны раз нас ашукваюць. Тут трэба шукаць рэзэрвы. Калі прыйшоў крызіс, трэба ўсім зацягваць паясы, а не рабіць так, каб пятля была на шыі прадпрымальнікаў і малога бізнэсу.

— Зацягваць паясы — гэта зразумела падчас крызісу. Замарожваюцца нейкія праекты, безь якіх можна выжыць і пакуль абысьціся. У свой час шмат казалі ў гэтым аспэкце пра лядовыя палацы. Але іх ужо пабудавалі. Што сёньня можна замарозіць безь вялікіх стратаў для сацыяльнай сфэры і даходаў людзей?

— 2019 год мы скончылі з прафіцытам бюджэту амаль 2,5 мільярда даляраў. Бярэш дзяржаўную праграму інвэстыцый і інавацый, сто старонак розных прадпрыемстваў і праектаў — і замарожваеш 90 працэнтаў таго, што там ёсьць. Пакідаем грошы на дарогі, на мадэрнізацыю тых сэктараў, якія зьвязаныя з забесьпячэньнем жыцьця і функцыянаваньнем эканомікі — трубы, энэргетыка.

Яшчэ адзін рэсурс — гэта тарыфы: на транспарт, электраэнэргію, жыльлёва-камунальныя паслугі. Мы бачым, што Газпром прапануе для Эўропы 70 даляраў за газ, а для Беларусі — 130. Што гэта за «саюзная дзяржава»? Трэба патрабаваць зьніжэньня цаны на газ для Беларусі да 60 даляраў, трэба напалову скарачаць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі.

Але я пакуль ня бачу ніякай каардынацыі розных інтарэсаў. Тыя людзі, якія пілавалі бюджэт, якія зьяўляюцца эксклюзіўнымі імпартэрамі альбо манапалістамі на рынку — маюць сваіх прадстаўнікоў пры абмеркаваньні антыкрызісных захадаў. А малы і сярэдні бізнэс і хатнія гаспадаркі — на астаткавым прынцыпе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG