Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Беларусі пачало маштабныя вайсковыя вучэньні з удзелам 6000 салдатаў


Ілюстрацыйнае фота. Падчас беларуска-расейскіх вучэньняў "Захад-2017"
Ілюстрацыйнае фота. Падчас беларуска-расейскіх вучэньняў "Захад-2017"

Раптоўная праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі перайшла да актыўнай фазы — комплексных вучэньняў, якія ёсьць «адной зь мераў рэагаваньня на шматнацыянальныя манэўры NATO каля беларускіх межаў», гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі.

Таксама вучэньні дазволяць ацаніць узровень падрыхтоўкі беларускага войска. Агулам у іх мяркуецца залучыць каля 6000 вайскоўцаў, а таксама каля 200 адзінак рознага ўзбраеньня.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін у відэакамэнтары на сайце ведамства адзначае, што праверка боегатоўнасьці беларускіх войскаў праводзіцца «на фоне няпростага вайскова-палітычнага і стратэгічнага становішча».

«Ідзе мілітарызацыя Эўропы, расьце склад груповак войскаў і колькасьць узбраеньняў, расьце інтэнсіўнасць вучэньняў на тэрыторыі сумежных краін», — адзначыў Віктар Хрэнін.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Як падкрэсьлівае міністар, самым маштабным вучэньнем за апошнія 25 гадоў стануць вучэньні «Абаронца Эўропы — 2020» на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі, ад правядзеньня якіх цалкам не адмовіліся, «нягледзячы на заявы эўрапейскага камандаваньня ЗША аб скарачэньні колькасьці ўдзельнікаў, а таксама скасаваньні чатырох сумежных вучэньняў з прычыны ўспышкі каранавірусу».

Як падкрэсьліў міністар, прагназуючы варыянты разьвіцьця сытуацыі, у Беларусі «выстраілі сыстэму падрыхтоўкі Ўзброеных сіл такім чынам, каб магчы самастойна і своечасова ўплываць на актуальныя працэсы». Паводле Хрэніна, у Беларусі

  • разам з памежнікамі адпрацавалі пытаньні ўзмацненьня участкаў дзяржаўнай мяжы,
  • завершылі зладжваньне вайсковых частак,
  • праводзяць батальённыя тактычныя вучэньні з ужываньнем процітанкавых кіраваных ракет, стральбой артылерыі і рэактыўных сыстэм залпавага агню на вялікія далёкасьці,
  • ацэньваюць эфэктыўнасьць створанай сыстэмы тэрытарыяльнай абароны.
  • У межах вучэньняў NATO Defender — 2020 ЗША плянавалі практыкавацца ў хуткім перакідваньні сваіх войскаў праз Атлянтычны акіян і Нямеччыну ў Польшчу і краіны Балтыі. Усяго ў манэўры плянавалі залучыць 37 тысяч салдатаў NATO з 18 краінаў, аднак пазьней у зьвязку з пандэміяй каранавірусу маштаб вучэньняў быў радыкальна зьменшаны.
  • У кастрычніку 2019 году, пасьля весткі аб прыбыцьці амэрыканскіх танкаў у Літву напярэдадні вучэньняў, Аляксандар Лукашэнка назваў разьмяшчэньне амэрыканскіх вайскоўцаў і танкаў у Літве «прэцэдэнтам» і заявіў, што яму разам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным «давядзецца падумаць пра тое, як засьцерагчы сябе ў гэты пэрыяд».
  • 28 кастрычніка Лукашэнка склікаў нараду «аб вайскова-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, а таксама прапановах наконт рэагаваньня», пасьля якой міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Беларусь плянуе шэраг захадаў для адэкватнага рэагаваньня на разьмяшчэньне тэхнікі войскаў NATO ля беларускай мяжы. У прыватнасьці, гэта захады, скіраваныя на ўзмацненьне дзяржаўнай мяжы і павелічэньне колькасьці сухаземнага вайсковага кантынгенту на літоўскім кірунку.
  • У канцы студзеня 2020 году ва Ўзброеных сілах Беларусі пачалася раптоўная праверка баявой гатоўнасці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG