Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што выклікала антынатаўскую кампанію ў Беларусі


Падчас вучэньняў NATO Anakonda-18 ў Польшчы, 2018 год
Падчас вучэньняў NATO Anakonda-18 ў Польшчы, 2018 год

Інфармацыйная кампанія супраць натаўскіх вучэньняў, якая распачалася ў афіцыйных СМІ, павінна вырашыць для беларускіх уладаў некалькі палітычных задач.

Сьцісла

  • Такой антынатаўскай, антызаходняй, антыамэрыканскай гістэрыі ў дзяржаўных мэдыя Беларусі не было даўно, хіба што з пачатку 2010-х гадоў.
  • Гэта помста за інфармацыйную кампанію ў суседніх краінах з нагоды беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».
  • Стварэньне вобразу вонкавага ворага павінна адцягнуць увагу людзей ад сацыяльна-эканамічных праблем і дапамагчы пасьпяхова правесьці дзьве выбарчыя кампаніі.
  • Таксама афіцыйны Менск дасылае сыгналы замежным суб’ектам, але ёсьць сумневы, што адрасаты тыя сыгналы правільна зразумеюць.

Вучэньні NATO Defender-2020 пройдуць яшчэ толькі налета. Але ў беларускіх дзяржаўных мэдыя масіраваная інфармацыйная кампанія пачалася ўжо цяпер. Падставай стаў той факт, што 25 кастрычніка ў Літву прыбылі 500 вайскоўцаў з ЗША разам з вайсковай тэхнікай.

Такой антынатаўскай, антызаходняй, антыамэрыканскай гістэрыі ў дзяржаўных мэдыя не было даўно, хіба што з пачатку 2010-х гадоў, калі ЗША і ЭЗ уводзілі санкцыі супраць афіцыйнага Менску. На тле палітыкі нармалізацыі адносін з Захадам, тактыкі балянсаваньня, якую імкнецца праводзіць Беларусь апошнімі гадамі, гэта выглядае трохі дзіўна. Такая лінія выпадае з папярэдняга трэнду.

У чым прычыны такой кампаніі? Іх некалькі.

Тое, што ляжыць на паверхні — гэта помста за інфармацыйную кампанію ў суседніх краінах з нагоды беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад 2017», якія прайшлі два гады таму на тэрыторыі Беларусі. Тады шмат пісалі, што, магчыма, войскі РФ застануцца на беларускай тэрыторыі, што вучэньні — гэта толькі нагода для расейскай агрэсіі ў заходнім кірунку. Тая кампанія была непрыемная для кіраўніцтва Беларусі, псавала імідж краіны-міратворцы. Дык вось цяпер, як той казаў, ад нашага стала вашаму.

Другая прычына. Бягучая выбарчая кампанія паказала моцнае падзеньне даверу насельніцтва да ўлады. «Украінскі сындром» (страх перад вайной і Майданам) прайшоў, а кампэнсаваць яго няма чым. Раней пазытыў ствараўся ростам заробкаў, а цяпер з грашыма цяжка.

І тут як чорт з табакеркі зьявіліся гэтыя вучэньні каля беларускіх межаў. Узьнікла вялікая спакуса стварыць вобраз вонкавага ворага, вярнуць наратыў страшнага монстра, які пагражае сінявокай Беларусі. Паколькі амэрыканскія войскі ў Літве затрымаюцца на паўгода, вучэньні Defender пройдуць у 2020 годзе, то гэтай тэмы хопіць і на прэзыдэнцкія выбары. Добрая нагода адцягнуць увагу ад сацыяльна-эканамічных праблем. Перад пагрозай вонкавага ворага беларускі народ павінен згуртавацца вакол правадыра. Ствараецца запыт на моцную ўладу, нэўтралізуюцца ўсе размовы пра дэмакратыю.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Выступ Лукашэнкі на нарадзе з кіроўнымі вайскоўцамі 28 кастрычніка быў больш спакойны, вытрыманы, ураўнаважаны, чым рыторыка дзяржаўных мэдыя. Там былі сыгналы вонкавым гульцам.

Пасланьне Расеі было супярэчлівым. З аднаго боку, дэманстрацыя ваенна-палітычнага саюзьніцтва. Маўляў, мы ў адным акопе. З другога боку, перасьцярога ад назойлівай «дапамогі». Лукашэнка кажа: «У нас у саміх дастаткова сіл і сродкаў для таго, каб рэагаваць на падобныя рэчы, і ня толькі на падобныя. Таму ня трэба тут заклікаць увесь сьвет устаць на абарону Беларусі. Мы самі сябе зможам абараніць». Усё даволі празрыста.

Быў таксама мэсэдж Захаду. Маўляў, нам гэтыя вучэньні непрыемныя, але мы ня бачым вялікай пагрозы і настроены на працяг дыялёгу, нармалізацыю адносін. Лукашэнка заявіў: «Мы прымаем заявы палітыкаў Эўропы і Амэрыкі, вайсковых нашых калег аб тым, што яны міралюбныя людзі і не зьбіраюцца з намі ваяваць. Мы гэта чуем, разумеем, прымаем... Ніякага бразганьня зброяй. Ні ў якім разе!»

Ну і сыгнал беларускаму грамадзтву: вораг на мяжы, але пакуль прэзыдэнт на варце, то можаце жыць спакойна.

Але праблема ў тым, што, паколькі розным суб’ектам дасылаюцца розныя сыгналы, то пасланьне атрымалася супярэчлівым. З аднаго боку, «мы нават ніякіх рухаў цела можам не рабіць, каб супрацьстаяць». А з другога боку, «натуральна, на такія дэманстрацыі мы проста вымушаныя адказваць». І пытаньне ў тым, ці зразумеюць адрасаты тыя сыгналы, якія дасылаюцца менавіта ім? Ці правільна расшыфруюць? Ці не пераблытаюць?

Увогуле, з гэтай палітыка-прапагандысцкай кампаніі супраць натаўскіх вучэньняў можна зрабіць некалькі высноваў. Па-першае, высьветлілася, што дзяржаўная ідэалягічная машына добра заточаная супраць Захаду. І дастаткова толькі сыгналу зьверху, каб уся варожасьць да заходняй палітыкі вылезла на паверхню. Усе стандартныя прапагандысцкія клішэ былі выцягнутыя і выкарыстаныя зь вялікім задавальненьнем. Гэта атрымліваецца лепш, чым міралюбівая рыторыка.

Па-другое, дзеля вырашэньня бягучых тактычных задач (выбарчая кампанія) Лукашэнка гатовы ахвяраваць доўгатэрміновай лініяй замежнай палітыкі (нармалізацыя адносін з Захадам), паставіць пад сумнеў вобраз Беларусі як краіны-міратворцы і мадэратаркі ўсіх канфліктаў у рэгіёне.

Па-трэцяе, гэтыя падзеі даюць падставу ацаніць, што ёсьць сапраўднае саюзьніцтва, а што штучнае. Літва, Польшча ўсяляк запрашаюць, зацягваюць ЗША ўводзіць на іх тэрыторыі войскі, ствараць базы. Яны разглядаюць амэрыканцаў як абаронцаў. Беларусь жа, наадварот, усяляк адбіваецца ад расейскай вайсковай базы, бо бачыць у ёй рэальную пагрозу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG