Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часам нас зачыняюць. Як ляжыцца ў скурвэндыспансэры з падазрэньнем на каранавірус


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Чатыры дні я дабівалася мэдычнага назіраньня пасьля вяртаньня з Чэхіі, а калі дабілася, у той жа дзень мой стан рэзка пагоршыўся. Стала цяжэй дыхаць, узмацніўся кашаль, зьявіўся боль у грудзі. Давялося выклікаць хуткую дапамогу і ехаць у лякарню.

Афіцыйна я кантакт другога ўзроўню, і такіх як я перавозяць звычайным чынам – у кантэйнэры не пакуюць. Супрацоўнікі хуткай дапамогі па прыезьдзе выдаюць маску (мяне нават папрасілі насунуць адразу дзьве) і тлумачаць, як ёй правільна карыстацца.

Калі доктар (альбо фэльчар?) хуткай дапамогі сказаў, што мяне, можа, і не шпіталізуюць, я шчыра зьдзівілася. Я нядаўна вярнулася з Чэхіі, у мяне падазроныя сымптомы. Няўжо мне дазволяць застацца дома? Потым, ужо ў палаце, я даведалася, што гэта цяпер папулярная стратэгія. На хуткай кажуць, што ў лякарню трэба паехаць проста каб зрабіць тэст, але ў рэальнасьці, калі чалавек трапляе ў прыёмнае аддзяленьне, яго ці яе адтуль ужо не выпускаюць.

У прыёмным пакоі мне памералі тэмпэратуру і адправілі ў палату. Гэта было каля 10-й вечара. Доктарка завітала на наступны дзень, праз пару хвілін пасьля таго, як нам прынесьлі абед. І рэч ня ў тым, што хтосьці тут лянуецца працаваць – яны проста не пасьпяваюць. Прынамсі, выглядае ўсё менавіта так.

Гэта скурвэндыспансэр, які аддалі пад карантын для кантактаў другога ўзроўню, і тут яўна звыкліся працаваць толькі з плянавымі шпіталізацыямі. Зь вялікай плыньню людзей спраўляюцца ня надта добра, хоць і стараюцца. Мяне шпіталізавалі ўчора ўвечары, а ўзяць кроў на аналіз абяцаюць толькі заўтра зранку.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У палаце са мной ляжаць тры іншыя жанчыны, а ўсяго ў блоку нас шасьцёра. Усіх прывезьлі ў чацьвер, 19 сакавіка. Сымптомы ёсьць не ва ўсіх, і гэта стварае дадатковую напружанасьць: раптам у адной палаце ёсьць нехта з каранавірусам, і астатнія заразяцца? Вынікаў тэсту трэба чакаць некалькі дзён. Той факт, што мы 24 гадзіны ў суткі мусім быць у масках, ня надта супакойвае. Па-першае, нікому ня раю спрабаваць спаць у мэдычнай масцы. Гэта жудасна. Па-другое, нам выдаюць тры маскі на суткі.

Дарэчы, у мяне мазок пры паступленьні ня бралі ўвогуле. Я рабіла тэст у аэрапорце 14-га сакавіка, а наступны будзе толькі 26-га. На трынаццатыя суткі. Пратаколы часам выглядаюць дзіўна, але што паробіш. Магчыма, так спрабуюць зьнізіць нагрузку на лябараторыю.

Выходзіць з блоку нам нельга, і каб быць упэўненымі, што мы ня будзем парушаць рэжым, пэрыядычна нас зачыняюць звонку. Пры гэтым ніякіх трывожных кнопак у палаце няма, і калі камусьці раптам спатрэбіцца тэрміновая дапамога, нам давядзецца проста грукацца ў дзьверы і спадзявацца, што нехта гэта пачуе. Асобна мне цікава, як гэта практыка суадносіцца з правіламі пажарнай бясьпекі.

Увогуле, тут ня тое каб вельмі кепска, але неяк бессэнсоўна. Абсьледаваньне зацягваецца, але пры выразных сымптомах антыбіётык прызначаюць яшчэ да аналізу крыві. Дыягностыка на каленцы, другая сэрыя.

Ну, і адчуваць сябе як у турме – так сабе задавальненьне. А калі выйсьці з блоку немагчыма фізычна, аналёгіі напрошваюцца самі сабой.

Дактары кажуць, што цяпер улады працуюць над указам ці пастанаўленьнем, паводле якога людзі з адмоўным вынікам першага мазку ў стацыянары змогуць ехаць у хатні карантын. Мае суседкі, у якіх няма сымптомаў, вельмі гэтага чакаюць. Дактары, мэдсёстры і санітаркі – таксама. Але прагнозамі і пажаданьнямі тут ніхто асабліва не раскідваецца, бо ніхто ня ведае, як яно – правільна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG