Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Жалезныя вейкі“ на турэмных вокнах застаюцца». Суд адмовіўся разглядаць скаргу аб парушэньні санітарных нормаў у СІЗА і турмах


Турма на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота
Турма на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота

19 сакавіка Менскі гарадзкі суд, як раней і сталічны Маскоўскі раённы суд, адмовіў у разглядзе скаргі праваабаронцаў з «Магілёўскай Вясны» да міністэрства ўнутраных справаў і ягонага падразьдзелу — дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

У сувязі зь непадпарадкаванасьцю, сказана ў рашэньні суду. «Гэта незаконна ўдвая, бо нам нават не ўказалі орган, куды зьвяртацца са скаргай», — абураецца праваабаронца Аляксандар Буракоў, які ініцыяваў паданьне скаргі.

«Магілёўская Вясна» ня першы год дамагаецца дэмантажу з вокнаў сьледчых ізалятараў і турмаў адмысловых пласьцінаў — гэтак званых «жалезных веек». Паводле турэмнікаў, прыстасаваньні ўсталяваныя дзеля лепшай аховы турэмных памяшканьняў.

Але праваабаронцы даводзяць, што абмежаваньні доступу ў камэры сонечнага сьвятла нэгатыўна адбіваюцца на здароўі вязьняў. Паводле «Магілёўскай Вясны», такія пласьціны зьнялі ўва ўсіх краінах Эўропы і нават ў Расеі, дзе, як і ў Беларусі, яны зьявіліся яшчэ ў савецкія часы. Прычынаў адмовы некалькі, у тым ліку бессэнсоўнасьць «веек» як сродку аховы і шкода для здароўя.

«Штучнае асьвятленьне, якое нібыта кампэнсуе сонечнае сьвятло, папраўдзе псуе зрок вязьняў і дрэнна ўплывае на іхны псыхічны стан. Усім вакол нас гэта зразумела, і толькі ў Беларусі надалей трымаюцца за старыя парадкі», — абураецца Аляксандар Буракоў.

Санітарныя нормы для жыльлёвых памяшканьняў прадугледжваюць, што для падтрыманьня здароўя чалавек мусіць рэгулярна атрымліваць пэўную норму сонечнага сьвятла. Ранейшыя звароты праваабаронцаў у міністэрства ўнутраных справаў з просьбай прывесьці асьвятленьне камэраў у СІЗА і турмах у адпаведнасьць з санітарнымі нормамі, прынятымі міністэрствам здароўя, былі марнымі.

Паводле правабаронцаў, з адказаў МУС вынікае, што турмы і ізалятары там ня лічаць ані жылымі памяшканьнямі, ані грамадзкімі будынкамі, а разглядаюць як ўласную тэрыторыю з уласнымі парадкамі.

«Няхай там дзейнічаюць уласныя нормы, але яны таксама мусяць улічваць агульныя для дзяржавы санітарныя патрабаваньні. Але ў пастанове МУС № 174 аб Правілах унутранага распарадку папраўчых установаў пра санітарныя нормы нічога няма.

Атрымліваецца, праблема ніяк не рэгулюецца, а калі мы зьвяртаемся ў суд для яе вырашэньня, нас зноў і зноў ігнаруюць. Такім чынам, пакуль „жалезныя вейкі“ застаюцца, а зь імі застаецца шкода здароўю тысяч людзей і шкода іміджу краіны, бо ўмовы ўтрыманьня нашых вязьняў варта прыраўняць да катаваньняў», — мяркуе праваабаронца Аляксандар Буракоў.

«Магілёўская Вясна» зьбіраецца абскардзіць рашэньне Менскага гарадзкога суду праз скаргу старшыні суду. Калі гэта не дапаможа, праваабаронцы зьвернуцца ў Вярхоўны суд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG