Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб дабіцца сонечнага сьвятла ў турэмных камэрах, праваабаронцы падалі ў суд на МУС


Магілёўскія праваабаронцы зь «Вясны» падалі скаргу на Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, каб з вокнаў камэр дэмантавалі жалезныя «вейкі» і шчыты.

Скаргу накіравалі 10 лютага ў суд Маскоўскага раёну сталіцы.

На вокнах камэр у турмах і ізалятарах паводле «ўнутранага распарадку» ўсталяваныя мэталічныя «вейкі» ці шчыты, якія перакрываюць натуральнае сьвятло.

«Мы адзіная краіна Эўропы з такімі камэрамі. Нават у Расеі „вейкі“ забароненыя як вельмі шкодныя здароўю», — абураюцца праваабаронцы.

«Абяцаюць рамонты невядома калі»

«Гэта парушэньне нормаў натуральнага асьвятленьня, якія даўно зацьвердзіла Міністэрства аховы здароўя. Мы маем адказ Мінздароўя, што гэтыя нормы распаўсюджваюцца на ўсе памяшканьні ў Беларусі, у тым ліку і на тыя, якія ёсьць у СІЗА і турмах».

Паводле праваабаронцаў, міліцэйскае начальства прызнае, што нормы парушаюцца, «але рэальна нічога не мяняе».

Кіраўнік дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС Віктар Дубавец на зварот праваабаронцаў адказаў, што канструкцыі на вокнах заменяць, калі будзе рамонт. «А калі ён будзе — ніхто ня ведае», — заўважае праваабаронца Аляксандар Буракоў.

У шасьці сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваюцца пад вартай каля 5 тысяч чалавек. У турмах і калёніях — 43 тысячы, у тым ліку каля тысячы замежнікаў. Праваабаронцы абураюцца, што гэтых людзей караюць стратай здароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG